Top.Mail.Ru

У Хатыні прайшла ўсенародная вахта памяці

«Калі забудзем дарогу ў Хатынь — усё паўторыцца»


Штогод 22 сакавіка беларусы ўспамінаюць сапраўды страшную дату — Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі — маленькай вёскі, чый лёс стаў сімвалам зверстваў нацызму і журботным напамінам пра цану, якую заплаціў беларускі народ за Перамогу. У гэты дзень у 1943 годзе карнікі спалілі 149 мірных жыхароў вёскі Хатынь Лагойскага раёна, сярод якіх было 75 дзяцей. 

Хатынь стала сімвалам усенароднай трагедыі, напамінам пра зверствы нацызму і бяспрыкладнай мужнасці простых людзей, якія не пакарыліся ворагу. І ў гэты жалобны дзень тысячы беларусаў з усіх куткоў нашай краіны адпраўляюцца ў мемарыяльны комплекс «Хатынь», каб аддаць даніну памяці і ўшанаваць загінулых хвілінай маўчання. Дэлегацыя Выдавецкага дома «Звязда» таксама далучылася да мітынгу памяці. 

Знак бяды

Прахалодная вясновая раніца, дрыжыкі па целе і пранізлівы звон званоў... 22 сакавіка 2026 года ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» сапраўды шматлюдна. Людзі з усіх куткоў краіны прыехалі сюды, каб пакланіцца загінулым, прыехалі, таму што памятаюць... І на працягу ўсяго дня ў Хатыні адно за адным, моўчкі, з болем у сэрцы праходзяць бясконцыя жалобныя шэсці ў рамках акцыі «Прыйдзі і пакланіся». У 12.00 беларусы хвілінай маўчання ўшанавалі памяць ахвяр трагедыі ў Хатыні і ахвяр генацыду беларускага народа. 


Першым да Вечнага агню лёг вянок ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі як сімвал таго, што ўся краіна сёння смуткуе, успамінаючы жыхароў Хатыні, а таксама жыхароў беларускіх вёсак, якія падзялілі яе лёс. Услед за ім кветкі ўсклаў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Таксама даніну памяці загінулым аддалі кіраўнікі Усебеларускага народнага сходу, дэлегацыі Савета міністраў, Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў, Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, Адміністрацыі Прэзідэнта, Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, Нацыянальнага банка, Мінскага абласнога і гарадскога выканаўчага камітэтаў. 


«Захоўваць нашу гісторыю, каб яна ніколі не паўтаралася»

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў у размове з журналістамі заявіў: «Як толькі мы пачынаем забываць, як толькі мы пачынаем дзесьці з памяці гэтыя факты выдаляць або спрабуем, перагарнуўшы старонку, дзесьці не звяртаць увагі на трагедыю, якая адбылася на нашай зямлі, асабліва ў гады Вялікай Айчыннай вайны, асабліва з мірным насельніцтвам, з ні ў чым не вінаватымі жыхарамі такіх вёсак, як Хатынь, старымі, жанчынамі, дзецьмі — адразу пачынае фарміравацца і актыўна распаўсюджвацца альтэрнатыўная, хлуслівая гісторыя. У першую чаргу, яна накіраваная на маладое пакаленне для таго, каб стварыць сярод гэтых маладых людзей такіх прыхільнікаў тэорыі аб тым, што былі нейкія „цывілізацыйныя“ планы ў дачыненні да нашай рэспублікі і ў дачыненні да іншых рэспублік тады яшчэ Савецкага Саюза аб тым, што сюды неслі нейкія еўрапейскія каштоўнасці». 


Аднак мы ведаем, што ў плане «ОСТ» усё было прапісана: і роля, і месца нашых народаў. «Унтэрменшамі» мы як былі, так і застаёмся для многіх прыхільнікаў фашызму, — перакананы Уладзімір Пярцоў. 

Як толькі мы пачнём забываць, пераварочваць гісторыю, будуць з нашай свядомасцю, а самае страшнае — свядомасцю нашых дзяцей, адбывацца тыя падзеі, якіх мы б вельмі не хацелі. «Вакуум заўсёды запаўняецца нейкай інфармацыяй, — канстатаваў Уладзімір Пярцоў. — У дадзеным выпадку ёсць тыя, хто хацеў бы гэты вакуум папоўніць сваёй інфармацыяй для таго, каб падрыхтаваць пакаленне караваяносцаў, калабарантаў, паліцаяў, якія сустракаюць хлебам з соллю чарговых акупантаў з чарговага рэйха — фактычна тых жа краін, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны прыйшлі на нашу зямлю для таго, каб тут быць панамі, для таго, каб знішчыць непатрэбных „недалюдзей“, а астатніх пакінуць у рабстве». 



Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта дадаў: «Кожны раз, прыязджаючы сюды, адчуваеш адны і тыя ж уражанні. Падымаюцца аднекуль з глыбокай памяці першыя дзіцячыя адчуванні. Ну і Хатынь засталася прыкладна такой жа, як яна была ў часы майго дзяцінства. Так, вядома, многае добраўпарадкавана, прыведзена ў парадак. Музей з’явіўся. Гэта вялікая справа для сучаснай моладзі пры дапамозе інтэрактыву, мультымедыя, паказваць і расказваць. Проста дзеці іншыя. Але ўражанні, адчуванні і слёзы нават у самых дарослых людзей сапраўды такія ж, як былі ў нас у часы дзяцінства, — звярнуў увагу Уладзімір Пярцоў. — У гэтым, напэўна, і заключаецца гістарычная памяць. На фактах, на падзеях, на гістарычных дакументах, на такіх мемарыяльных комплексах паказваць і расказваць, захоўваць нашу гісторыю, каб яна ніколі не паўтаралася». 

«Мы будзем рабіць усё, каб усе наступныя пакаленні Беларусі атрымалі гэтую самую прышчэпку ад вайны»

Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка, час няўмольны, але гэта ўласціва любым гістарычным працэсам. «Але, напэўна, менавіта цяпер самы час для дзяржавы зрабіць так, каб такія месцы нацыянальнай трагедыі не ператвараліся ў лакацыі ў турыстычных дадатках і гэтак далей. І шлях для гэтага адзін — жорстка і бескампрамісна адстойваць пазіцыю аб неабходнасці захавання гістарычнай праўды, дакопвацца ўсё глыбей у карані і вытокі тых страшных падзей, якія адбываліся на беларускай зямлі». 


Паводле слоў кіраўніка Нацбанка, вельмі правільна пра гэта расказваць тым, хто з вайной, з акупацыяй знаёмы толькі па мастацкіх творах, расказах нават ужо не сваіх сваякоў. «У гэтым адказ на пытанне, навошта мы будуем музеі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне і партызанскай барацьбе, навошта мы адраджаем і падтрымліваем у належным стане мемарыялы. Адказ менавіта тут, — канстатаваў Раман Галоўчанка. — Успомніце, з чаго пачынала Еўропа свой шлях да дэмакратыі ў 1990-х гадах, асабліва Усходняя Еўропа. Са зносу помнікаў вызваліцелям іх краін ад нацызму. У лепшым выпадку не зносу, а забыцця... І што мы маем цяпер праз 25-30 гадоў у Еўропе? Мы маем мілітарызацыю, рэваншысцкія настроі. Вось ён — самы наглядны прыклад, што можа быць, калі нацыя ставіцца да сваіх мемарыялаў і да сваёй гістарычнай памяці такім чынам». 

Раман Галоўчанка таксама падкрэсліў: «Мы па гэтым шляху, вядома ж, не пойдзем і будзем рабіць усё, каб усе наступныя пакаленні Беларусі атрымалі гэтую самую прышчэпку ад вайны, якую, на жаль, не атрымалі нашы еўрапейскія суседзі». 


«Калі кожны паглядзіць у гісторыю сваёй канкрэтнай сям’і, свайго роду, то ён убачыць, што так ці інакш мы звязаны з гэтымі спаленымі вёскамі»

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка расказаў, чаму важна памятаць сваю гісторыю. «Безумоўна, праз 83 гады трагедыя Хатыні гучна адклікаецца і тут, у званах. Вось гэтая народная памяць, гістарычная памяць... Чаму ў Беларусі яна аб’ядноўвае нас? Усё вельмі проста. Калі кожны паглядзіць у гісторыю сваёй канкрэтнай сям’і, свайго роду, то ён убачыць, што так ці інакш мы звязаны з гэтымі спаленымі вёскамі, звязаныя з тым супраціўленнем, якое было на тэрыторыі Беларусі ў партызанскіх атрадах, з тымі, хто ваяваў на фронце, вызваляючы нашу краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», — канстатаваў ён.


І тым актуальней, паводле яго слоў, гучыць сёння тэма Хатыні. «Бо яна аб’ядноўвае ўсіх тых людзей добрай волі, якія сталі на барацьбу з фашызмам, хай нават такім спосабам, мірным супраціўленнем, але разам з тым паклаўшы свае жыцці на алтар той Вялікай Перамогі, якую мы шануем і паважаем». 

«Для маладых пакаленняў трэба ведаць гісторыю, якой бы яна ні была жорсткай і суровай»

Старшыня Следчага камітэта Канстанцін Бычак у размове з журналістамі падкрэсліў, што сённяшняе мерапрыемства безумоўна важнае з пункту гледжання пытанняў захавання гістарычнай памяці. 


«У наш няпросты час, калі мы назіраем сур’ёзны крызіс міжнародных адносін, важна праводзіць такія мерапрыемствы, каб на нашай беларускай зямлі не паўтарылася падобнае надалей», — выказаў меркаванне старшыня Следчага камітэта.

Паводле яго слоў, неабходна наведваць гэтыя мерапрыемствы. «Таму што, як бы там ні было, гады ідуць, і для маладых пакаленняў трэба ведаць гісторыю, якой бы яна ні была жорсткай і суровай, — падкрэсліў Канстанцін Бычак. — Таксама важна тут, у мемарыяльным комплексе, на сабе адчуць тыя страшныя гады, каб не паўтарылася падобная трагедыя».

«Мы зробім усё для таго, каб над галавой нашых беларусаў было мірнае неба»

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў у размове з журналістамі канстатаваў, што штогод 22 сакавіка дзясяткі тысяч не толькі беларусаў, але і грамадзян з многіх іншых краін прыязджаюць у дзень Хатынскай трагедыі сюды. «Не толькі з СНД, але і з краін Еўропы прыязджаюць сюды, каб пакланіцца тым людзям, якія па-зверску былі забітыя фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — звярнуў увагу кіраўнік ведамства. — Забітыя былі безабаронныя людзі. Гэта даніна памяці не толькі ахвярам той трагедыі, але і ўсім ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Бо спалена было вельмі шмат вёсак. І мы ў Рэспубліцы Беларусь памятаем і ніколі не забудзем зверствы фашыстаў, якія яны тварылі на нашай зямлі ў гады вайны. Мы бачым, што адбываецца сёння ў многіх краінах: руйнуюцца і знішчаюцца помнікі, і мы бачым, да чаго гэта прыводзіць — да новых трагедый, да новых ахвяр. Мы зробім усё, каб не дапусціць паўтарэння тых страшных гадоў, якія адбыліся калісьці ў нашай краіне». 


Супрацоўнікі органаў унутраных ведаюць цану жыцця. «Міліцыянеры ў мірны час рызыкуюць сабой для таго, каб абараніць нашых грамадзян і забяспечыць бяспеку ў нашай краіне. І мы сёння сюды прыйшлі не адны. Мы прыйшлі з нашай моладдзю. Гэта нашы патрыятычныя клубы, ліцэісты, курсанты, якім мы пастаянна паказваем і расказваем, да чаго можа прывесці бестурботнасць, калі мы не будзем шанаваць урокі гісторыі. І мы зробім усё, каб забяспечыць бяспеку і мір на нашай зямлі».



«Мы павінны быць, як ніколі, моцныя, згуртаваныя, сабраныя і працаваць на карысць нашай Радзімы»

Міністр абароны Віктар Хрэнін у размове з журналістамі адзначыў сакральную каштоўнасць мемарыяльнага комплексу «Хатынь»: «Кожны раз, прыходзячы на гэта журботнае месца, задаешся пытаннем: як такое магло быць? І, знаходзячыся тут, бачыш, разумееш, што гэта было. Вось у такі ж вясновы дзень, як сёння. Кучка катаў, што дэградавалі да ўзроўню звяроў, прыйшлі і знішчалі безабаронных, слабых людзей». 


Паводле слоў міністра, у гэтага месца ёсць шмат значэнняў. «Адно з іх для сябе зразумеў на гэтым тыдні, калі ў мяне была магчымасць пагутарыць са студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Маладыя людзі звярнуліся з пытаннем аб магчымасці паўдзельнічаць разам з нашым 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам у правядзенні пошукавых работ. І я, карыстаючыся выпадкам, задаў пытанне студэнтам. Кажу: „Падніміце руку, хто ні разу не быў у Хатыні“. Не было паднятых рук», — канстатаваў Віктар Хрэнін. 

І яшчэ адно важнае значэнне, на думку генерала, — гэта каб нас не маглі падмануць, нашу моладзь не маглі падмануць. «Таму трэба сюды прыходзіць і задавацца гэтым пытаннем: „Як такое магло быць і што трэба зрабіць, каб такога не паўтарылася?“ І разумець, што мы павінны быць, як ніколі, моцныя, згуртаваныя, сабраныя і працаваць на карысць нашай Радзімы», — рэзюмаваў кіраўнік ведамства. 

«Частка нашага генетычнага кода і тая гістарычная памяць, якая будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне»

Як адзначыў міністр юстыцыі Яўген Каваленка, боль Хатыні, памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца ў крыві беларусаў.


«Гэта частка нашага генетычнага кода і тая гістарычная памяць, якая будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, — паведаміў кіраўнік ведамства. — А сучасныя падзеі, якія адбываюцца за мяжой, выклікі і пагрозы геапалітычнага становішча — усё гэта чарговыя напаміны аб тым, што вайна — заўсёды трагедыя, дзе б яна не адбывалася. А зверствы ў адносінах да простых людзей, мірных грамадзян, якія адбываліся ў Хатыні, — гэта жахлівае злачынства з боку фашыстаў, якое ні ў якім разе не павінна паўтарыцца».

«На ўсіх ступенях адукацыі мы праводзім вялікую работу па захаванні гістарычнай памяці»

Міністр адукацыі Андрэй Іванец у размове з журналістамі падкрэсліў, што 22 сакавіка — вельмі журботны дзень. «Менавіта Хатынь з’яўляецца сімвалам жыўцом спаленых населеных пунктаў разам з жыхарамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны», — канстатаваў міністр.


Паводле яго слоў, мы павінны шанаваць гэтую памяць і перадаваць яе нашым падрастаючым пакаленням. «Менавіта таму сёння на ўсіх ступенях адукацыі, пачынаючы з дзіцячага садка і школы, а таксама ў каледжах і ВНУ, мы праводзім вельмі вялікую работу па захаванні гістарычнай памяці — расказваем моладзі аб трагічных старонках у летапісе краіны. Сёння ў нашых школах дзейнічае больш за 800 пошукавых аб’яднанняў, дзеці таксама далучаюцца да працы па захаванні гістарычнай памяці сваёй краіны», — рэзюмаваў Андрэй Іванец.

«Такія комплексы закліканы праз наша сэрца дастукацца да нашай свядомасці»

Як адзначыў міністр культуры Руслан Чарнецкі, палітыка па захаванні гістарычнай памяці ў сучасным свеце проста жыццёва неабходная. Такія мерапрыемствы вельмі важныя, таму што наступныя пакаленні павінны ведаць і расказваць, як усё было насамрэч. Каб потым яны і іх нашчадкі не дапусцілі паўтарэння тых падзей.


«Гэта наш абавязак. І гэта абавязак кожнага беларуса без выключэння. Гэта, калі хочаце, напэўна, грамадскі абавязак, які ляжыць на кожным з нас. Гэта неабходна рабіць, таму што калі мы гэтага не будзем рабіць, то гісторыю ў нас, на жаль, скрадуць самым беспрынцыповым, бескампрамісным, самым агідным спосабам», — перакананы кіраўнік ведамства.

Міністр да гэтага часу памятае першыя эмоцыі, адчутыя ім пры наведванні гэтага святога месца. «На мой тады неакрэплы, зусім яшчэ юны розум гэта зрабіла велізарнае ўражанне. Гэтая панурая цішыня... Здавалася б, прырода жыве, усё ідзе сваёй чаргой, жыццё працягваецца. Але тым не менш вось гэтая атмасфера, можна сказаць, намоленая, стварала сапраўды вельмі гнятлівую атмасферу. І ты воляй-няволяй пранікаешся гэтым і разумееш, як гэта было. Хоць ты яшчэ шмат чаго не ведаеш, шмат чаго не вывучыў — ты зусім маленькі, табе шэсць-сем гадоў. Але бабуля і мама расказвалі, што адбывалася ў тыя гады. Маме падчас вайны было ад двух да шасці гадоў, яна вырасла ў ваенны час. І вось калі табе з дзяцінства пра гэта расказваюць, калі ты потым гэта бачыш і пераконваешся, калі ў цябе факты сыходзяцца, — гэта, вядома, уражанне найцяжэйшае, — успамінае Руслан Чарнецкі. — Яно такім і засталося, і яно такім і павінна заставацца, таму што такія комплексы закліканы праз наша, можа быць, ачэрствелае сэрца дастукацца да нашай свядомасці».

Трагедыя Хатыні — напамін усім, хто жыве, пра жахі, якія прынесла вайна на беларускую зямлю

Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук адзначыў, што да гэтага часу цяжка асэнсаваць усё тое гора, што прынесла Вялікая Айчынная вайна на нашу зямлю.


«Трагедыя Хатыні адна з самых зверскіх падзей перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Гэта напамін усім, хто жыве, пра яе жахі. Мы павінны абавязкова сюды прыходзіць і не толькі ў дзень памяці», — выказаў меркаванне кіраўнік ведамства.

Ён таксама звярнуў увагу, што ўвесь свет павінен памятаць і разумець што такое вайна і якія жахі яна нясе. «Людзі цяпер жывуць у складаны перыяд. Мы бачым, колькі ў свеце ўзброеных канфліктаў. Сёння на прыкладзе беларусаў, якія прыходзяць сюды тысячамі, каб ушанаваць памяць нявінных ахвяр, якія марылі жыць, мы паказваем усім, што трэба захоўваць мір. Канфлікты трэба вырашаць толькі на спартыўнай пляцоўцы», — падкрэсліў Сяргей Кавальчук.

«У нашай краіне робяць усё, каб перагляду гісторыі не адбылося»

Першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч падкрэсліў, што Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі, як і ахвяр падобных трагедый у сотнях іншых беларускіх вёсак, якія не перажылі тую вайну — сапраўды асаблівы дзень у гістарычным календары беларускага народа. 


«Народа, які нягледзячы на ўсе цяжкасці і страты той вайны выстаяў і перамог. І сапраўды гэты дзень каштоўны сваімі ўрокамі, урокамі для пакаленняў, якія жывуць цяпер. І не выпадкова сёння тут, на гэтым мемарыяле, шмат людзей, якія лічаць сваім абавязкам пакланіцца памяці тых людзей, якія сталі ахвярамі гэтай найвялікшай трагедыі мінулага стагоддзя», — пазначыў Андрэй Кунцэвіч.

Паводле яго слоў, сёння відаць, як нядобразычліўцы спрабуюць перагледзець гэтыя ўрокі, спрабуюць перакрэсліць тую памяць. «Але, гледзячы на намаганні кіраўніцтва нашай краіны, на намаганні прадстаўнікоў беларускіх СМІ, патрыятычных грамадскіх аб’яднанняў і ўсіх жыхароў нашай краіны, мы бачым, што ў Беларусі памятаюць і шануюць гэтую памяць. У нашай краіне робяць усё, каб перагляду гісторыі не адбылося», — рэзюмаваў першы намеснік міністра інфармацыі. 

«Менавіта праз такія мерапрыемствы сённяшняя моладзь разумее важнасць захавання міру»

Як адзначыла першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан, у склад ведамаснай дэлегацыі ўвайшлі і прадстаўнікі рэспубліканскіх устаноў. Гэта РНПЦ, прадпрыемствы сістэмы фармацыі і гэтак далей. 

«Самае галоўнае, вядома, — гэта нашы медыцынскія ўніверсітэты і наша моладзь, — падзялілася Алена Богдан. — Таму што мы, людзі старэйшага пакалення, выраслі ў ідэалогіі захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. І вы ведаеце, для нашага пакалення, напэўна, асаблівым гонарам было стаяць у ганаровай варце на Дзень Перамогі, на нейкія іншыя дзяржаўныя святы». 


Паводле яе слоў, менавіта праз такія мерапрыемствы сённяшняя моладзь разумее важнасць захавання міру на зямлі, важнасць падтрымання гэтых месцаў не тое што ў парадку, а менавіта ў шанаванні і памінанні. «Менавіта таму мы стараемся прыцягваць нашу моладзь да ўдзелу ў такіх акцыях, як сёння», — рэзюмавала яна.

Парламентарыі: нам дадзена вялікае права — жыць у мірнай Беларусі

Для беларускіх парламентарыяў гэты дзень стаў магчымасцю не толькі ўшанаваць памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, але і заявіць пра важнасць захавання гістарычнай праўды перад абліччам сучасных выклікаў. 

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Аляксандр Новікаў перакананы: «Спаленне Хатыні — не проста знішчэнне вёскі, гэта забойства сем’яў, нявінных людзей — старых, жанчын і дзяцей. Гэтая трагедыя нагадвае нам пра тыя жахлівыя наступствы, якія нясуць войны: страты чалавечых жыццяў, разбурэнні культурных і гістарычных каштоўнасцяў і глыбокія раны ў душах людзей».


На думку Аляксандра Новікава, сучаснае пакаленне павінна ўспрымаць гісторыю гэтай трагедыі як магутны заклік да ўзаемнай павагі і талерантнасці паміж народамі. Хатынь — месца, дзе ўрокі гісторыі ўспрымаюць зусім інакш, чым у тэорыі, упэўнены ён, удакладніўшы, што адчуць атмасферу гэтага месца павінен кожны беларус і госць краіны. 

«Для нас як спадчыннікаў пакалення пераможцаў у Вялікай Айчыннай вайне важна шанаваць і захоўваць памяць тых, хто аддаў жыцці дзеля самой магчымасці нам жыць пад мірным небам. Кожны з нас можа і павінен уносіць свой уклад у развіццё краіны, прыкладаць намаганні, каб падобныя зверствы ніколі больш не паўтараліся. Асаблівае значэнне мае і дыялог з іншымі краінамі, заклік да захавання міру і справядлівасці, які застаецца актуальным і сёння, — падкрэсліў Аляксандр Новікаў. — А памяць аб гэтай трагедыі хай будзе ўрокам і стымулам да захавання міру».

«Мы, нашчадкі вызваліцеляў, тых людзей, якія аддалі ўсе свае сілы, свае жыцці для таго, каб вызваліць нашу зямлю ад фашызму. Яны абаранілі тады не толькі нас, але і многія іншыя краіны і дзяржавы», — адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Жанна Чарняўская.

Паводле яе слоў, сёння, калі відавочцаў той страшнай вайны становіцца ўсё менш, а ў свеце зноў падымаюць галаву фашызм і нацызм, важна дакладна разумець сваю місію: «Мы прыйшлі сюды, каб ушанаваць памяць мірных жыхароў, усіх, хто ваяваў у гады вайны, для таго каб паказаць усяму свету: мы не толькі памятаем, але сёння і перадаем новым маладым пакаленням нашы веды. Бо сувязь пакаленняў, гістарычная праўда — гэта якраз тая падзяка, якую мы сёння нясём і шануем памяць нашых загінулых продкаў».


Яна таксама падкрэсліла, што беларусы — гэта нацыя, якая будзе заўсёды памятаць і нікому не дасць забыцца. «Бо мы робім гэта для таго, каб жылі будучыя пакаленні», — дадала Жанна Чарняўская.

Адказваючы на пытанне пра тое, ці з’яўляецца гістарычная памяць беларусаў інструментам супраць фальсіфікацыі гісторыі, дэпутат адзначыла, што апошнія крымінальныя справы Генеральнай пракуратуры паказваюць: многія старонкі вайны дагэтуль невядомыя. «Таму сёння мы, напэўна, фарпост. Мы стаім проста ў цэнтры гэтых падзей і разумеем: калі не мы, то ніхто іншы гэтага не зробіць. Уся наша праца, і сённяшняе мерапрыемства, і многія, якія яшчэ будуць у будучыні, накіраваныя на тое, каб нікому не даць забыцца», — рэзюмавала яна.

«Мы гатовыя з нашымі беларускімі сябрамі разам памятаць гісторыю, абараняць праўду, шанаваць памяць загінулых і разам берагчы наш мір»

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Чжан Вэньчуань у размове з журналістамі прызнаўся, што мемарыяльны комплекс «Хатынь» наведвае ўжо ў трэці раз. «Упершыню я быў тут 25 гадоў таму. Тады я толькі пачаў сваю дыпламатычную працу, у Мінску быў у кароткай камандзіроўцы і калегі з пасольства мяне сюды павезлі, паказалі гэтае месца. Тады Хатынь выглядала па-іншаму, яшчэ не было такога музея. Але комплекс ужо тады зрабіў на мяне вельмі глыбокае ўражанне, — успамінае дыпламат. — У другі раз прыязджаў летась і сёння я таксама тут. І ў кожны з візітаў нялёгка ўсведамляць зверствы і трагедыю, учыненыя ў тыя гады».


Таксама пасол нагадаў пра важнасць захавання гістарычнай памяці: «Гісторыя нас вучыць, што мір даецца нялёгка, і яго трэба берагчы. Мы жывём у няпросты час, калі свет вельмі моцна змяняецца, і ў асобных краінах назіраецца адраджэнне мілітарызму. Гэта вельмі небяспечна для ўсяго свету. Мы гатовыя з нашымі беларускімі сябрамі разам памятаць гісторыю, абараняць праўду, шанаваць памяць загінулых і разам берагчы наш мір».



Кіраўніцтва і супрацоўнікі МЗС прынялі ўдзел у акцыі «Прыйдзі і пакланіся» ў мемарыяльным комплексе «Хатынь»

Дэлегацыя знешнепалітычнага ведамства на чале з міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым прыняла ўдзел у акцыі «Прыйдзі і пакланіся» ў мемарыяльным комплексе «Хатынь», прымеркаванай да Дня памяці спаленых вёсак.


Кіраўніцтва і супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў сумесна з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Беларусі, усклалі кветкі да Вечнага агню.

Удзел калектыву знешнепалітычнага ведамства ў памятных мерапрыемствах стаў добрай традыцыяй, якая сімвалізуе непарыўную сувязь пакаленняў і глыбокую павагу да трагічнага мінулага беларускага народа.

Беларускія дыпламаты, прадстаўнікі дыяспары і сябры Беларусі па ўсім свеце памятаюць і шануюць памяць аб беларускіх вёсках, знішчаных разам з іх жыхарамі.


У Хатынь людзі прыязджаюць сем’ямі

Цэлы дзень у Хатынь едуць людзі на народнае ўскладанне, сярод тых, хто прыехаў сёння аддаць даніну памяці ахвярам хатынскай трагедыі шмат сем’яў з дзецьмі. Мабыць, самым маленькім наведвальнікам стаў Ягорка, якому ўсяго месяц. Яго мама Кацярына Краснова лічыць важным захаванне гістарычнай памяці і выхаванне падрастаючага пакалення патрыётамі сваёй краіны:

— Вельмі важна, таму што апошнім часам, мне здаецца, нашы дзеці пачалі забываць пра гісторыю. Яны больш у нейкія культурныя, прыгодніцкія накіраванасці сыходзяць тыпу фэнтэзі, а гісторыя знікае, то бок некаторыя дзеці, мне здаецца, нават не ведаюць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. І вось такія мемарыяльныя комплексы як Хатынь адыгрываюць вялікую ролю.


Дзяўчына адзначыла, што ў школах цяпер шмат надаецца ўвагі тэме захавання гістарычнай памяці (ад тэматычных заняткаў да паездак па мемарыялах краіны), але, на яе думку, у справе патрыятычнага выхавання велізарную ролю адыгрываюць бацькі:

— Калі ў сям’і ёсць такія традыцыі, калі разам прыязджаюць ушанаваць памяць, паказваюць дзецям, што было — гэта важна для захавання гістарычнай памяці. Без іх (папярэдніх пакаленняў. — Заўв. аўт.) не было б нас.

З гэтым тэзісам салідарная і сям’я, якая прыехала сёння ў Хатынь з Пухавіцкага раёна. Бацька Павел расказаў, што ў гэтае месца яны прыязджаюць сваёй шматдзетнай сям’ёй часта, прывозяць трох сваіх дзяцей, шматлікіх сваякоў і сяброў, якія прыязджаюць з Казахстана, адкуль ён сам родам. 


Яго жонка Аляксандра дадала, што гадаваць дзяцей патрыётамі сваёй краіны можна толькі на прыкладах, такіх як Хатынь:

— Сёння малодшая дачка Ганна прыехала і нам нешта расказвае таксама пра гэтае месца.

Як высветлілася, напярэдадні ў школе прайшлі тэматычныя заняткі па тэме хатынскай трагедыі, а сёння разам з бацькамі дзяўчынка, можна сказаць, замацоўвае пройдзены матэрыял. 

Сям’я Барадач з Мінска таксама ў гэты дзень з дзвюма дочкамі — Ульянай і Лізаветай — палічыла сваім абавязкам ушанаваць памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. 

— Для вас гэта месца святое, таму што нашы бабулі-дзядулі прайшлі праз вайну, мы па расказах непасрэдна ведаем, як гэта было балюча і цяжка. І тое, што цяпер дзеецца ў свеце вакол, — страшна і жудасна. Таму мы заўсёды шануем памяць пакаленняў, што аддалі жыцці дзеля нашай будучыні. І такую ў добрым сэнсе звычку трэба прывіваць з дзяцінства, — лічыць мама дзяўчынак Алена. 


Яна расказала, што старэйшая дачка вучыцца ў 8 класе і наведвае ваенна-патрыятычны гурток, таму дзяўчынцы сённяшняе наведванне сям’ёй Хатыні блізка і цікава. 

Малодшая дачка яшчэ садаўскага ўзросту, але бацькі малой упэўненыя, важна прывозіць у гэта святое для беларусаў месца дзяцей з самага ранняга ўзросту. 

— У нашай сям’і гэта ўжо стала добрай традыцыяй, — расказалі ў завяршэнне муж і жонка.


Ад калектыву ВД «Звязда» ўскладзены кветкі ў памяць ахвяр хатынскай тагедыі

Супрацоўнікі Выдавецкага дома «Звязда» ў складзе дэлегацыі Міністэрства інфармацыі ўшанавалі памяць ахвяр фашызму ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» і ў рамках акцыі памяці «Прыйдзі і пакланіся» разам з дэлегацыямі дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый усклалі кветкі да Вечнага агню.


Па паведамленнях нашых карэспандэнтаў і БелТА

Фота БелТА і Аляксандра ПЯТРОЎСКАГА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю