Top.Mail.Ru

Па ўсёй Беларусі 22 сакавіка прайшлі мерапрыемствы каля мемарыялаў жыхарам спаленых вёсак

У гэты дзень Вахты Памяці прайшлі каля мемарыялаў жыхарам і іншых спаленых вёсак. Так, у Барысаўскім раёне землякі збіраліся ля брацкіх магіл мірных жыхароў вёсак Скупліна і Лісіна, у аграгарадку Мсціж — ля помніка партызанам — работнікам калгаса імя Леніна, па-зверску закатаваным фашыстамі 4 кастрычніка 1942 года. Шанавалі памяць мірных жыхароў вёсак Іканы, Пустамсціж і Гарэлы Луг, спаленых і расстраляных фашыстамі 28 мая 1943 года і інш. У Вілейскім раёне моладзь, прадстаўнікі ўлады і сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, ідэалагічны актыў збіраліся ў мемарыяльным комплексе «Месца спаленай вёскі Любча».

У Капыльскім раёне мерапрыемствы прайшлі па пяці такіх адрасах: ля помнікаў ахвярам фашызму ў вёсцы Жаўлкі, Рулева, Калодзежнае, Масевічы і Вялікія Прусы. У Мядзельскім раёне ўспомнілі загінуўшых жыхароў вёскі Новікі, а ў Пухавіцкім усклалі кветкі да брацкай магілы ахвяр вайны ў вёсцы Прыстань. У Чэрвеньскім раёне памятныя мерапрыемствы прайшлі ў мемарыяльным комплексе «Папова Града».


Аляксей Кушнарэнка ў Хатыні: 80 тысяч навучэнцаў Міншчыны наведаюць мемарыяльны комплекс у 2026 годзе


Як падкрэсліў старшыня Мінаблвыканкама, Хатынь назаўжды застанецца месцам смутку, да якога будуць прыязджаць дэлегацыі і неабыякавыя грамадзяне.

— Мемарыяльны комплекс Хатынь — гэта сімвалічнае месца жудаснай трагедыі, якую прынесла вайна на тэрыторыю нашай краіны. Беларускі народ фактычна знішчаўся фашыстамі, карнікамі і іх памагатымі. Толькі на тэрыторыі Мінскай вобласці 71 населены пункт падзяліў лёс Хатыні, — падкрэсліў кіраўнік вобласці.


Толькі ў Мінскай вобласці карнікамі і іх памагатымі знішчана 2 424 сельскія населеныя пункты, пацверджана функцыянаванне 88 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва.


У Борках ушанавалі памяць аб ахвярах спаленых вёсак

Гэта вёска стала сімвалам усіх спаленых населеных пунктаў Магілёўскай вобласці. 15 чэрвеня 1942 года тут у агні загінула болей чым 2000 мірных жыхароў гэтай і бліжэйшых вёсак. Шэсць гадоў таму на месцы трагедыі быў адкрыты цалкам абноўлены мемарыял. Кожная яго дэталь нагадвае аб страшнай падзеі. Сёння да сімвалічных знакаў мемарыяла зноў ляглі жывыя кветкі.


— Гэта трагедыя закранула шматлікія сем’і, — падкрэсліў падчас мітынгу-рэквіему намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Стальмашок. — Наш доўг захаваць памяць і расказаць аб той трагедыі сённяшняму пакаленню. Палітычная абстаноўка, якая складваецца каля нашых меж і далей, насцярожвае. Нехта імкнецца распаліць вайну, сее варожасць паміж народамі. І моладзь павінна цаніць тое, што зрабілі нашы дзяды і прадзеды, паклаўшы свае жыцці на алтар Перамогі. Такія месцы як Боркі дазваляюць адчуць боль страты і паказаць увесь жах трагедыі. Бо факты тут кажуць самі за сябе. Такое нельга перапісаць ці сказіць. 

У жалобным мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва аблвыканкама і Кіраўскага райвыканкама, моладзь, жыхары.

Да рэспубліканскай акцыі памяці «Прыйдзі і пакланіся» далучыліся ўдзельнікі мітынгу-рэквіему каля памятнага знака ахвярам генацыду па вуліцы Раўчакова ў Магілёве. На ім прысутнічалі кіраўнікі органаў мясцовай улады, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, сілавых структур, палітычных партый. Да мемарыяла былі ўскладзены кветкі. 


— У гісторыі нашай дзяржавы шмат слаўных дат, у тым ліку і такія трагічныя, як гэта, — падкрэсліў сенатар, старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін. — 22 сакавіка беларусы прыходзяць у месцы, дзе жывымі былі спалены, пахаваны тысячы беларусаў. Гэта наш адказ тым, хто папракае нашага Прэзідэнта і народ у тым, што мы размяшчаем на сваёй тэрыторыі «Арэшнік», ядзерную тактычную зброю, што сябруем з Расіяй і Кітаем. Беларускі народ на чале са сваім лідарам робяць усё для таго, каб Хатынь, Боркі, Азарычы... болей ніколі не паўтарыліся на беларускай зямлі. І пакуль маладое пакаленне беларусаў будзе пра гэта помніць, бяда не паўторыцца.

На мітынгу прысутнічалі прадстаўнікі 18 устаноў адукацыі Магілёва. У іх ліку і школьнікі патрыятычных класаў «Юны следчы» і «Адзінства» СШ № 46, якія прыйшлі да мемарыяла разам са сваім кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Аляксандрам Кіркалавым. Рабяты адзначалі, што для іх гонар быць нашчадкамі пакалення пераможцаў і захоўваць праўду аб гістарычнай памяці народа.

Кветкі памяці ляглі і да мемарыяла «Лупалаўскі лагер ваеннапалонных» па праспекце Шміта ў Магілёве. Прысутныя ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання. За час існавання гэтага лагера тут загінула болей чым 70 тысяч чалавек. 



Гомельшчына далучылася да мерапрыемстваў, прысвечаных Дню памяці ахвяр Хатынскай трагедыі

У паўднёва-ўсходнім рэгіёне ўшанавалі памяць жыхароў спаленых вёсак і мірнага насельніцтва, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Як вядома, на Гомельшчыне з 1452 населеных пунктаў, спаленых у гады нямецка-фашысцкай акупацыі, 51 — так больш і не адрадзіўся.


У Гомелі на плошчы Паўстання, каля сімвала памяці аб ахвярах генацыду беларускага народа каля «Дрэва жыцця» прайшоў мітынг з удзелам кіраўніцтва горада, дэпутацкага корпуса, ветэранаў, прадстаўнікоў сілавых структур, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, моладзі.

— Тут, каля памятнага знака ахвярам генацыду беларускага народа нас сабрала журботная дата, памяць аб якой назаўжды жыве ў сэрцах, — адзначыў старшыня Гомельскага гарвыканкама. Уладзімір Прывалаў нагадаў, што ў гады фашысцкай акупацыі на Гомельскай зямлі было створана больш за 100 месцаў прымусовага ўтрымання мірнага насельніцтва.


— Толькі ў Гомелі дзейнічалі чатыры гета. У перасылачным лагеры Дулаг ад голаду, холаду, хвароб і катаванняў загінулі больш за 100 тысяч савецкіх грамадзян. Тыя, каму ўдалося выжыць, кожную ноч зноўку перажывалі жахі рабства, успамінаючы ў кашмарных снах смерць родных і блізкіх у фашысцкім палоне, грукат кулямётных чэргаў ахоўнікаў, голад і хваробы. Пасля перажытага іх жыццё ўжо ніколі не было ранейшым. Такое забыць нельга, — падкрэсліў Уладзімір Прывалаў.


У Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі ў Гомельскім раёне прайшоў аўтапрабег «Жывая памяць спаленых вёсак». Удзельнікі аўтапрабегу прайшлі маршрутам памяці — ад аграгарадка Урыцкае да вёсак, спаленых у гады вайны:Вясёлае Поле, Аляксееўка, Галееўка. Даніну павагі землякам, чые жыцці забрала вайна, аддалі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, моладзь, мясцовыя жыхары населеных пунктаў раёна. Фінальным пунктам маршруту стала вёска Падбуглак Бабовіцкага сельсавета. Тут, каля памятнага знака ўдзельнікі аўтапрабегу ўшанавалі памяць нявінных ахвяр.


У дзень, калі ўся краіна ўспамінае трагедыю Хатыні і сотняў іншых спаленых беларускіх вёсак, на Светлагоршчыне да мемарыяльнага комплексу «Ала» прыехалі працоўныя калектывы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, жыхары Гомельшчыны з сем’ямі. Як вядома, на месцы трагедыі, якая адбылася ў Але 14 студзеня 1944 года, карнікі спалілі і расстралялі 1758 мірных жыхароў, сярод якіх было 950 дзяцей, 508 жанчын і 200 старых. Жыхары Гомельшчыны ў памяць аб ахвярах усіх спаленых беларускіх вёсках, сёстрах Хатыні ўсклалі кветкі, запалілі свечкі і ўшанавалі памяць хвілінай маўчання. 


Новае аблічча нададуць мемарыяльнаму комплексу «Драмлёва» ў Жабінкаўскім раёне падчас рэканструкцыі

Ён знаходзіцца на месцы вёскі, якую 84 гады таму спалілі фашысты, паведамляе БелТА. 


Трагедыя здарылася 11 верасня 1942 гады. Карнікі спалілі Драмлёва разам з жыхарамі. Па розных ацэнках, у той дзень загінулі да 200 чалавек. Вёска так і не адрадзілася. У канцы 1960-х гадоў на месцы аднаго з адрын, дзе былі спалены вяскоўцы, быў насыпаны курган. У 1982 годзе там стварылі мэмарыяльны комплекс. Яго дамінантай сталі фігуры трох тужлівых жанчын — маці, дачкі і ўнучкі.


«Два гады таму мы пачалі абнаўленне мемарыяльнага комплексу. Першая частка датычылася стаянкі. З таго часу была заасфальтавана вялікая тэрыторыя. Цяпер распрацаваны праект, у бягучым годзе пачнецца рэканструкцыя самага мемарыяльнага комплексу. Прадугледжана замяніць больш як 1 тыс. кв.м пліткі, зрабіць падсветку, устанавіць абсталяванне для правядзення мерапрыемстваў. Будуць устаноўлены малыя архітэктурныя формы. Будзе нададзена новае аблічча мемарыяльнаму комплексу», — расказаў намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Аляксандр Сцепанюк. Работы плануюць выканаць на працягу 2026 года. 


На месцы драмлеўскай трагедыі сёння правялі мітынг. Прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, мясцовыя жыхары ўсклалі кветкі да падножжа галоўнага манумента, ушанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Па словах намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктара Рафаловіча, у такіх месцах часта вельмі складана падабраць словы, таму што эмоцыі бяруць верх.


«Мы не дазволім запляміць гісторыю і памяць тым, хто спрабуе да яе дакрануцца сваімі бруднымі рукамі. Самае галоўнае ад цяперашняга пакалення — даніна павагі ўсім загінулым, пакланенне перад пакутамі, якія перанёс наш народ. Нельга забываць аб генацыдзе», — падсумаваў Віктар Рафаловіч.


На Віцебшчыне арганізавалі аўтапрабег памяці да месца пахавання мірных ахвяр фашызму 

Падчас вайны ў Лёзненскім раёне акупанты спалілі 196 сельскіх населеных пунктаў. Тры з іх — Жукаўка, Іструбішча і Новы Стан — так і не былі адноўлены, яны ўвекавечаны на могілках вёсак мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Вёску Асташэва месцічы здолелі адбудаваць наноў.

Напярэдадні Дня памяці спаленых вёсак віцебскія ратавальнікі на чале з членам Савета Рэспублікі, начальнікам абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Сяргеем Мялешкіным ушанавалі жалобнае месца.

Помнік спаленым зажыва жыхарам вёскі Асташэва ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці напамінае, што такія ж карныя акцыі, як у Хатыні, акупанты ўчынялі па ўсёй Беларусі. У цэнтры мемарыяла — стэла з барэльефам жанчыны, якая трымае на руках дзіця. Беларускую Мадонну і немаўля агортвае полымя — і яна не можа ўратаваць ні сваё, ні яго жыцці. Аб гэтым набатам крычаць званы над іх галовамі.


Побач журботныя пліты з прозвішчамі бязвінных ахвяр. Адных Карнілавых, мабыць, родных — больш за 20 чалавек. Цэлыя сем’і: Штылікавы, Барсуковы, Даніленкі. Самай маленькай загінулай — Раечцы Гаўрылавай — было ўсяго два гадочкі...

Лёзненскі раён — першы з вызваленых на Віцебшчыне. Дата шчаслівага дня прыпадае на 10 кастрычніка 1943 года. Расправу ж над жыхарамі Асташэва, у якой прымалі ўдзел каля 400 фашыстаў, учынілі 30 верасня, пасля таго, як напярэдадні партызаны ўзарвалі мост непадалёк ад вёскі, спыніўшы транспартны рух, а таксама знішчылі нямецкія грузавікі і жывую сілу праціўніка.

Карная аперацыя, ахвярамі якой стала мірнае насельніцтва, была актам помсты і запалохвання. Каты звезлі мясцовых мужчын у крытай машыне, разрабавалі хаты, а старых, жанчын і дзяцей сагналі ў хлеў і дзве лазні, якія аблілі бензінам і падпалілі. Задыхнуліся ў дыме і жыўцом згарэлі 160 жыхароў, у тым ліку 53 дзіцяці. Тых, хто спрабаваў збегчы, расстрэльвалі.


Да вайны ў вёсцы-гаротніцы налічвалася 40 двароў і каля 180 жыхароў. Уратаваліся толькі некаторыя з падлеткаў і моладзі, якім удалося дабегчы да лесу і схавацца. Вярнуўшыся праз некалькі дзён, яны знайшлі замест сваіх сядзіб і родных чорнае папялішча. З суседніх Запожанкаў прывезлі скрыні, паклалі ў іх абгарэлыя астанкі і пахавалі ў агульнай магіле. З таго часу Асташэва сталі называць «вёскай сірот». У мірны час на магіле загінулых у агні асташэўцаў устанавілі помнік, які набыў канчатковы выгляд у 40-ю гадавіну з дня трагедыі.

Аб трагічных падзеях кастрычніка 1943-га ўспаміналі падчас маштабнага жалобнага мітынгу, на якім сабраліся кіраўнікі Лёзненскага раёна, прадстаўнікі працоўных і навучальных калектываў, грамадскасці, выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Выратавальнік».

Напярэдадні мерапрыемства работнікі мясцовых падраздзяленняў МНС навялі на памятным месцы, над якім яны шэфствуюць, парадак: выканалі санітарную абрэзку дрэў, выдаленне хмызняку, прыборку сухой травы і лісця.


— Мэта гэтага мерапрыемства — напомніць пра боль і пакуты, якія выпалі на долю нашага народа падчас акупацыі, — звярнуўся да моладзі Сяргей Мялешкін. — У 1941-м не мы пагражалі, не мы нападалі, мы толькі абараняліся і імкнуліся выжыць на сваёй зямлі, каб не знікнуць з яе, а працягваць жыць і ствараць на ёй. За гэту барацьбу нашы продкі прынеслі велізарныя ахвяры. Ваш абавязак — помніць аб гэтым, расці, вучыцца і працаваць дзеля ўмацавання сваёй краіны, абароны яе незалежнасці і міру. Іншай Радзімы ў нас не будзе.

Здавалася б, за пасляваенныя гады нарадзілася не адно пакаленне, на месцы знішчаных вёсак выраслі лясы, каласуюцца палі. Але сведкі вогненных распраў змаглі перадаць нашчадкам у спадчыну памяць аб трагедыі, якая выпала на долю беларусаў падчас нямецкай акупацыі. Наш абавязак — берагчы яе і перадаваць далей, таму і не зарастаюць сцяжынкі да воінскіх пахаванняў і помнікаў мірным ахвярам вайны.


На Гродзеншчыне смуткуюць аб ахвярах спаленых вёсак

Трэцяя дэкада сакавіка адзначана журботнай датай. У Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі і спаленых вёсак па ўсёй Беларусі праходзяць мітынгі-рэквіемы. У Гродзенскай вобласці жыхары таксама ўсклалі кветкі да помнікаў і мемарыялаў. Маштабны мітынг-рэквіем адбыўся ў вёсцы Зінякі Шчучынскага раёна. Ушанаваць памяць загінулых сабраліся жыхары раёна, пракурорскія работнікі, студэнты ГрДУ, навучэнцы прававых класаў.

22 студзеня 1944 года нацысты сцерлі з твару зямлі Зінякі, ператварыўшы вёску ў попел разам з яе насельнікамі, якіх падазравалі ў сувязях з партызанамі. У гэты дзень загінулі 419 чалавек з самой вёскі і 65 мірных жыхароў з навакольных населеных пунктаў.

У 1967 годзе на месцы гэтай трагедыі ўстанавілі помнік, як сімвал памяці пра тых, хто быў асуджаны на гібель. У 1988 годзе з’явіўся мемарыяльны комплекс, які стаў месцам, дзе можна было б пакланіцца душам загінулых. У цэнтры комплексу ўзвышаецца скульптура маці з немаўлём, агорнутая полымем. Сярод ахвяр было дзіця, якому споўніўся ўсяго адзін дзень. Яму не паспелі даць імя, і зараз яно назаўжды застанецца безыменным.

Да ўдзельнікаў мітынгу-рэквіема звярнуўся намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк:


— Мы прыйшлі сюды, каб гаварыць ціха, бо цішыня — гэта найвышэйшая форма выражэння смутку. Але нашы словы павінны быць пачутыя, каб ніколі не паўтарыўся жах той студзеньскай раніцы. 22 студзеня 1944 года — дата, якая назаўжды застанецца чорнай пазнакай у гісторыі Шчучынскага раёна і ўсёй Беларусі. Раніцай 300 фашысцкіх карнікаў і іх памагатыя, гэтыя жорсткія звяры, акружылі мірную вёску. Іх мэтай былі партызаны, але яны знайшлі толькі безабаронных старых, жанчын і дзяцей. Фашысты прытрымліваліся жахлівага плана «Ост», які прадугледжваў знішчэнне нашага народа. Яны спакойна спальвалі дамы і бязлітасна забівалі людзей.

Прозвішчы загінулых, высечаныя на стэле, нагадваюць пра кожнае страчанае жыццё, пра кожнага чалавека, які мог бы жыць, кахаць, марыць. Але іх мары разбіліся дашчэнту, іх жыццё абарвалася ў адно імгненне. Вайна не ведае жалю, яна пакідае толькі боль і пустэчу, якія немагчыма запоўніць.


На святым месцы маладыя пракуроры вобласці ўрачыста вымавілі клятву перад сваімі калегамі. Традыцыйная цырымонія прыняцця прысягі стала сімвалам пераемнасці і памяці.

Па паведамленнях БелТА і карэспандэнтаў «Звязды»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю