Доля продажу айчынных тавараў за першае паўгоддзе склала 53,3 %. Шчыра скажам, крыху не той паказчык, да якога мы імкнёмся. Аднак трэба адзначыць: ёсць аб’ектыўныя перадумовы для росту імпарту ў нашым спажывецкім кошыку. Зарплаты растуць (і ў намінальным, і ў натуральным выражэнні), беларусы пачынаюць купляць больш садавіны, рыбы. А мы — дзяржава не марская. Ды і клімат не дазваляе вырошчваць тыя ж цытрусавыя ці па ўраджайнасці чарэшні сапернічаць з Малдовай, Узбекістанам ці Турцыяй. Іншае пытанне, што існуюць таварныя катэгорыі, у якіх у нас фактычна ўсё ёсць для поўнага дамінавання на паліцах.
І вытворчыя магутнасці, і сыравінная база. Але не заўсёды хапае лакалізацыі, а таксама адпаведнага маркетынгу.
Не толькі на карпаратыўным, а і на нацыянальным узроўнях.
Возьмем ахаладжальныя напоі. Іх штогод мы спажываем амаль на 2 мільярды рублёў у грашовым эквіваленце. І доля айчыннай прадукцыі вельмі прыстойная — фруктовыя і агароднінныя сокі каля 78 %, мінеральнай вады ў бутэльках — амаль 85 %. Тым не менш доля імпарту на рынку безалкагольных напояў складае каля 20 %. А гэта, між іншым, каля
400 мільёнаў рублёў. Вельмі прыстойная сума, каб сур’ёзна папрацаваць над імпартазамяшчэннем, калі захацець. А яшчэ лепш — развіваць катэгорыю, каб цалкам дамінаваць у гэтым сегменце.

Тым больш для гэтага ёсць і вытворчыя магутнасці, і кампетэнцыі. Але патрэбны арыгінальныя прадукты, пастаянна абнаўляльная лінейка, каб перманентна прыцягваць пакупніка новымі смакамі і іншымі нечаканасцямі, таксама, як бачыцца, ёсць сур’ёзны матыў развіваць лакалізацыю. Нямала айчынных безалкагольных напояў вырабляюцца з сіропаў, экстрактаў і іншых імпартных інгрэдыентаў. Гэта значыць, напой, здаецца, і беларускі, але айчынныя ў ім толькі цукар і вада, а ключавыя смакавыя інгрэдыенты — імпартнага паходжання. Выпуск сіропаў і экстрактаў у Беларусі, шчыра скажам, знаходзіцца не на самым высокім узроўні. Хоць попыт на іх ёсць. І сыравінная база ёсць: агародніна, садавіна, ягады. А яшчэ — шырокі спектр дзікарослых траў, якія могуць стаць асновай для арыгінальных рэцэптур. Іх, дарэчы, можна нямала знайсці ў аграсядзібах, грамадскім харчаванні баз адпачынку і іншых турыстычных аб’ектах, некаторых рэстаранах. Шмат якія напоі нават вельмі папулярныя. Але маштабаваць вытворчасць, як гавораць спецыялісты, дастаткова праблематычна, бо калі прадаеш прадукт уласнай вытворчасці за межамі кафэ або рэстарана, то ўжо патрэбна сертыфікацыя. А яна дастаткова складаная. І праходзіць яе малому вытворцу эканамічна немэтазгодна: размах вытворчасці не дазволіць акупіць укладанні. А для вялікіх аб’ёмаў выпуску адсутнічае гарантаваны збыт.

Між тым паліцы нашых крам застаўлены рознай імпартнай экзотыкай па вельмі высокай цане. Сустракаюцца напоі і з Тайланда, і з Паўднёвай Карэі, Японіі... І каштуюць часам па 5-7 рублёў за стандартную алюмініевую бляшанку, а то і вышэй. Відавочна, што аб’ём продажаў у кожнага канкрэтнага брэнда невялікі. Гэта — нішавыя прадукты, разлічаныя альбо на гурманаў, альбо на наватараў-даследчыкаў. Але такія сегменты з’яўляюцца самымі высокамаржынальнымі. І неяк сумна аддаваць іх замежным пастаўшчыкам. Тым больш што сваіх ідэй, падазраю, у малога бізнесу дастаткова. Цалкам магчыма, што варта такія рынкі вывучыць глыбей, зразумець вузкія месцы і, па магчымасці, іх устараніць. Адназначна будзе і прыбаўка да долі продажаў айчыннай прадукцыі. Магчыма, з такога невялікага вытворцы вырасце сур’ёзная кампанія. Знакаміты Red Bull (які, кажуць, акрыляе) пачынаўся ў сярэдзіне 1980-х як вельмі лакальная кампанія з арыгінальным напоем і капіталам у мільён долараў. А праз 10 гадоў яго капіталізацыя дасягнула ўжо 4 мільярды долараў, а гандлёвая марка дакладна прапісалася на паліцах ва ўсім заходнім свеце. Сёння гэты энергетык прадаецца ў больш як 170 краінах. У беларусаў жа ёсць патэнцыял рынку ЕАЭС, Кітая, іншых гігантаў Паўднёва-Усходняй Азіі. Дарэчы, адзін з самых заможных прадпрымальнікаў КНР нажыў свае мільярды на бутыляванай вадзе і газіроўцы. Тэарэтычна арыгінальная рэцэптура можа магутна стрэліць. Але арыгінальныя ідэі абкатваюцца на мясцовых рынках, а для гэтага неабходна ўважліва паглядзець, якія ўмовы патрэбны для з’яўлення вялікай колькасці стартапаў у канкрэтнай катэгорыі. Каб быць паспяховай краінай (асабліва калі яна невялікіх памераў), неабавязкова вынаходзіць квантавы камп’ютар ці вечны рухавік. Можна прыстойна зарабляць на цалкам прыстойных таварах, але ў новым прачытанні.

Альбо возьмем катэгорыю чаю. Яго мы таксама набываем на сотні мільёнаў рублёў за год. Натуральна, імпартнага, бо ў нас гэта расліна не расце. Але ў нас у дастатковай колькасці ёсць дзікарослыя травы, якія могуць замяняць чай, з’яўляючыся асновай для асвяжальных, падбадзёрвальных, лячэбных, прафілактычных напояў. Ёсць некалькі цалкам паспяховых кампаній, якія займаюцца гэтым кірункам. Але пакуль не адбываецца маштабавання. Чаму? Гэта асобнае пытанне для даследчыкаў.
Як не могуць ніяк стрэліць пладовыя і ягадныя віны натуральнага браджэння.
А віна мы спажываем толькі прыблізна на 60 % айчыннага. Дакладней, нават не зусім роднага: вінаматэрыялы — імпартныя, разліў — беларускі. Значыць, прыстойная доля дабаўленай вартасці так ці інакш сплывае за мяжу. У сілу кліматычных змен у Беларусі ўжо можна апрацоўваць вінаград. Але аб’ектыўна вінаробнай краінай мы калі і станем, то не вельмі хутка. Усё ж надвор’е і прыродныя ўмовы пакуль абмяжоўваюць вытворчасць віна. А ў нашай краіне ёсць даволі багатыя традыцыі пладова-ягаднага вінаробства натуральнага браджэння. І атрымліваюцца дастойныя напоі. Толькі не варта іх блытаць з таннай мармытухай, якую ў 1990-я гналі, змешваючы закіслы яблычны сок са спіртам не самай лепшай якасці. У пладова-ягаднага натуральнага вінаробства былі і ёсць прыхільнікі. Аднак названая катэгорыя так і не развілася ў значную. Кажуць, ёсць нюансы ў рэгуляторыцы, якія не дазваляюць пацясніць вінаградныя напоі.
Як падаецца, існуе яшчэ шмат рэзерваў для пашырэння айчынных лінеек прадукцыі, каб павысіць продажы беларускіх тавараў. Прычым гэтыя катэгорыі цалкам звыклыя, там імпарту, магчыма, і не вельмі шмат. Ёсць рэзервы, якія дазваляюць з мінімальнымі затратамі і максімальнай дабаўленай вартасцю павысіць аб’ёмы рэалізацыі айчыннай прадукцыі. Магчыма, варта ў першую чаргу кінуць сілы на такія кірункі. Напрыклад, больш агрэсіўная папулярызацыя рапсавага алею, які з’яўляецца выдатным заменнікам сланечнікавага. Тут сыравінная база поўнасцю айчынная — ёсць і магутнасці, і рапс. І такія праекты будуць больш эканамічна эфектыўнымі, чым замяшчэнне якіх-небудзь складаных прадуктаў з шырокай гамай імпартных складнікаў. Скажам, ласункаў з міндалем і какосавай стружкай.
Матэрыялы падрыхтаваў
Уладзімір ВАЛЧКОЎ