Сёння цяжка паверыць, што яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў многія людзі не ведалі, што такое выцінанка. «Першымі гэта слова чулі дзеці, якія вучыліся рабіць далікатныя карункі з паперы ў садках і школах», — згадваюць выкладчыцы Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага — адзінай навучальнай установы, якая рыхтуе майстроў выцінанкі. Людміла Валковіч-Борыс і Лізавета Чырвонцава за адраджэнне, захаванне і развіццё традыцый маладзечанскай школы выцінанкі сёлета былі адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.
Сямейная справа
Для гэтых жанчын мастацкае выразанне з паперы — ужо не толькі традыцыя, а рамяство, якое стала сямейнай спадчынай. Маці Лізаветы Чырвонцавай — Вікторыя Мікітаўна — была адной з першых майстрыц, якая пачала адраджаць ужо падзабыты від дэкаратыўна-прыкладной творчасці. «Нас у сям'і было трое дзяўчат. Мы бачылі захапленне маці і ў яе вучыліся выразаць узоры. Мая старэйшая сястра таксама займаецца выцінанкай і працуе ў каледжы. У яе асаблівы падыход да гэтай творчасці. Яна цікавіцца этнаграфіяй, танцуе, калядуе, удзельнічае ў імпрэзах, захапленне фальклорам можа перадаваць праз выцінанку. Сярэдняя сястра, хаця выбрала іншую спецыяльнасць, часам таксама нешта выразае. Мне вельмі падабаецца графіка. Праз выцінанку магу перадаваць свае думкі, вобразы. Яна дазваляе спалучаць дэкаратыўнасць, нашы нацыянальныя асаблівасці, прыгажосць і графічныя вобразы», — дзеліцца Лізавета Чырвонцава.
Людміла Валковіч-Борыс была сярод першых выхаванцаў Маладзечанскай школы выцінанкі. «Я прыйшла ў мастацкую школу, калі вучылася ў 5-6 класе. Там выкладалася дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Калі пазнаёмілася з выцінанкай, мне падалося, што гэта дзіва, — успамінае жанчына пра той час, калі дзякуючы Вікторыі Мікітаўне многія яе вучні захапіліся выразаннем з паперы. — Здаецца, гэта не я выбрала выцінанку, а яна — мяне».
Сёння справу Лізаветы і Людмілы працягваюць дочкі, а яшчэ — каля сотні маладых спецыялістаў, якія чаруюць з паперай у розных кутках Беларусі. Цікава: нават тых выпускнікоў Маладзечанскага каледжа, якія выбіраюць іншыя кірункі дзейнасці, выцінанка не адпускае. Яе прыёмы, вобразы перадаюць нават у кераміцы, дызайне. Запатрабаваны яны і ў мадэльераў. Выцінанка накладаецца і на метал: сталічная станцыя метро «Кавальская слабада» зроблена па матывах выцінанкі Лізаветы Чырвонцавай. Гэты вопыт будзе выкарыстаны і пры аздабленні новага будынка Гістарычнага музея.
Новае жыццё выцінанкі
Маладзечанскія майстрыхі стаялі каля вытокаў адраджэння выцінанкі. Але яны не проста вярнулі традыцыю. Яна была пераасэнсавана. У ХХІ стагоддзі выцінанкай займаюцца людзі, якія маюць прафесійную мастацкую адукацыю. Маладзечанская школа вылучаецца складанымі тэматычнымі кампазіцыямі, выразнай дакладнай стылізацыяй вобразаў. Акрамя традыцыйных арнаментаў, элементаў, сучасныя майстры падаюць новыя тэмы. Выцінанка стала «расказваць» пра беларускую культуру, гісторыю, архітэктуру, паданні, традыцыі, святы.
Сучасныя майстры шукаюць новыя падыходы да выцінанкі. Так, Лізавета Чырвонцава спалучыла яе з фатаграфіяй. Адзін з яе праектаў, у якім папяровыя элементы дапаўняюць здымкі, — «Жаночыя вобразы майго роду». Людміла Валковіч-Борыс сумясціла выцінанку і аплікацыю саломкай — так з'явіўся новы кірунак «выцісаломка».
Традыцыя і аўтарская работа
Разам з ростам папулярнасці выцінанкі пачалі ўсплываць і праблемныя пытанні. На жаль, некаторыя кампаніі пры вырабе сувеніраў, адзення і іншых тавараў актыўна выкарыстоўваюць работы майстроў без уліку аўтарскага права, а часам нават без разумення, якія ідэі ўкладзены майстрам, ці таго, што ў традыцыйным мастацтве пэўныя элементы могуць мець абярэжную функцыю. «Чаму да выцінанкі не ставяцца як да мастацкага твора, які мае канкрэтнага аўтара? Гэта творчая, складаная, індывідуальная работа. Выразаць — самы просты этап. Самае галоўнае — прадумаць вобраз, структуру, дэкаратыўныя
элементы, якія будуць падкрэсліваць работу», — заўважае Лізавета Чырвонцава. Яна згадала, як яе выцінанкі, у якіх яна раскрывала праз народныя вобразы тэму кахання, хацелі выкарыстаць для аздаблення каналізацыйных люкаў. Атрымліваецца, што каханне можна кінуць людзям пад ногі? Часам з аўтарскіх работ розных майстроў маладыя дызайнеры робяць мікс, спалучаюць розныя па стылі і ідэях элементы і выдаюць за «ўласную напрацоўку».
Ад таго, колькі ўвагі будзе ўдзяляцца аўтарскаму праву, залежыць і абарона самой выцінанкі. Прычым прывучаць цаніць аўтарскія напрацоўкі трэба з самага юнага ўзросту. Часта падчас конкурсаў выцінанкі маладзечанскія майстры бачаць дзіцячыя работы, якія «запазычаны» ў іх ці калег. Але што тут ацэньваць: як малыя навучыліся выразаць дзірачкі?
У той жа час маладзечанскія майстры з задавальненнем сочаць за сучасным жыццём выцінанкі: «Цікава, у што яна зможа ператварыцца нават у найбліжэйшае дзесяцігоддзе, — прызнаецца Людміла Валковіч-Борыс. — Прыходзіць маладое пакаленне, якое валодае інтэрнэтам, знаёміцца з рознымі кірункамі дызайну, валодае разнастайнымі тэхнічнымі прыёмамі. Гэта людзі з новымі ідэямі, поглядамі». Назіраючы за сваімі вучнямі, майстрыхі цвёрда ўпэўнены, што выцінанка будзе жыць і развівацца.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота БелТА