Шматдзетны тата Віктар Шыпкоў па прафесіі старшы ўчастковы, а яшчэ ён не на жарт захапляецца фальклорам і этнаграфіяй роднага краю. Разам з сям’ёй у роднай вёсцы Маркавічы праводзіць аўтэнтычныя абрады, пляце паясы ва ўнікальнай тэхніцы і шые нацыянальнае адзенне, а яшчэ — удзельнічае ў выставах, конкурсах і фестывалях, паведамляе БелТА.
Наш герой з усмешкай прызнаецца, што менавіта творчае хобі дапамагае яму ў рабоце з рознымі людзьмі. Больш за 20 гадоў Віктар падтрымлівае ў вёсцы Маркавічы мясцовыя абрады. Пачалося ўсё яшчэ са школы, дзе педагогам-арганізатарам працаваў Рыгор Басаў, які пакарыў дзяцей сваім беражлівым стаўленнем да народнай творчасці: разам з дзецьмі яны развучвалі старадаўнія песні і танцы.

Паводле слоў Віктара Шыпкова, беларуская культура шматгранная, нельга разглядаць нейкі адзін напрамак.
— Калі ў 2000-я гады пачаў гэтым займацца, то шмат сустракаўся са старажыламі, ім было па 98-100 гадоў. Пытаеш у іх пра нейкую мясцовую легенду, казку, а расказ воляй-няволяй цягне за сабой песню, ігру на гармоніку, танец. Для паўнаты карціны — яшчэ і касцюм, — адзначае субяседнік.
За шмат гадоў у аўтэнтычнай калекцыі Віктара сабралася шмат рарытэтаў: прадметы побыту, ганчарныя вырабы, музычныя інструменты... Асаблівае месца займае народнае адзенне, частку з якога ён рэканструяваў сваімі рукамі.
— Усе бліжэйшыя вёскі аб’ездзіў ужо ўздоўж і ўпоперак. Але кожны раз, размаўляючы з людзьмі, знаходжу нешта новае. Такім чынам дакапаўся да элементаў народнага касцюма, які раней не згадваўся, — з гонарам гаворыць ён.

Віктар Шыпко адзін з нямногіх майстроў, якія валодаюць унікальнай тэхнікай спрэнг — пляценне на кругавой аснове. З яе дапамогай можна стварыць тканіну без ткацкага станка. Дарэчы, інфармацыю аб гэтым відзе пляцення можна знайсці ўсяго ў пары кніг.