Суму шкоды, пры якой можна аформіць еўрапратакол, плануюць павялічыць. Пра гэта паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі Віктар Ротчанкаў.
Пры гэтым канкрэтная сума будзе «адвязана» ад замежнай валюты (вылічацца ў базавых велічынях) і значна перавышаць дзейны ліміт. Як вядома, права не выклікаць ДАІ нашы кіроўцы атрымалі ў 2010 годзе — спрошчаная схема афармлення ДТЗ аказалася выгаднай усім. Кіроўцам не трэба чакаць інспектараў, якія не марнуюць часу на разбор дробных аварый, ды і пробкі, якія ўзнікаюць з-за аварый, разыходзяцца хутчэй.
Зараз максімальная сума шкоды, пры якой можна аформіць еўрапратакол, складае 800 еўра. Яна была павялічаная ў 2019 годзе, да гэтага ліміт быў удвая меншы.
Згодна з ПДР, кіроўцы могуць не паведамляць аб ДТЗ у ДАІ пры некалькіх умовах:
- калі шкода была нанесена толькі транспартным сродкам;
- калі ДТЗ адбылося з удзелам двух транспартных сродкаў;
- калі ў кіроўцаў ёсць правы адпаведнай катэгорыі і дзейная страхоўка на транспартныя сродкі;
- калі вадзіцелі не прад’яўляюць прэтэнзій да стану адзін аднаго (алкагольнае і наркатычнае ап’яненне);
- калі шкода, прычыненая кожнаму транспартнаму сродку, ацэньваецца кіроўцамі не больш чым у 800 еўра.
- Бланк еўрапратакола можна ўзяць у страхоўшчыка і на любой запраўцы. На адваротным баку прапісаны парадак запаўнення. А калі ўсё ж узнікнуць пытанні, можна звярнуцца ў спецыяльны цэнтр па нумары 140.
Сам бланк складаецца з двух лістоў. Запаўняць трэба толькі першы, на другім уся інфармацыя «адціскаецца». Першы ліст застаецца ў пацярпелага для падачы ў страхавую арганізацыю, другі забірае віноўнік. Калі ўсе моманты ўзгодненыя, абодва кіроўцы падпісваюць дакумент.
Акрамя таго, Віктар Ротчанкаў заявіў, што плануецца скарэкціраваць закон у частцы прыцягнення кіроўцаў да адказнасці за няправільную перавозку дзяцей і эксплуатацыю непрыдатных шын. Гэта звязана з павелічэннем колькасці ДТЗ з удзелам дзяцей. Акрамя таго, ён не выключае і таго, што аналагічныя меры будуць прыняты і ў дачыненні да пешаходаў, якія з’яўляюцца на праезджай частцы ў нецвярозым стане.