Top.Mail.Ru
320

Па даручэнні Прэзідэнта пачата маштабная праверка Узброеных Сіл

Комплексна і ў некалькі этапаў


Яна будзе мець комплексны характар і складацца з некалькіх этапаў. Мерапрыемствы праверкі маюць раптоўны характар, аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.


«Вынікі праверкі будуць прааналізаваны»

Як адзначыў у размове з журналістамі Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ, праверка праводзіцца ў тым ліку з улікам расійскага вопыту спецыяльнай ваеннай аперацыі і яго ўкаранення ў войскі. Сярод іншага будуць правярацца пытанні аховы воінскіх часцей і процідзеяння сучасным сродкам паражэння, у прыватнасці беспілотным лятальным апаратам.

«Задума праверкі зацверджана Прэзідэнтам, — праінфармаваў Аляксандр Вальфовіч. — Прэзідэнт сказаў, што асабіста будзе прымаць удзел у ходзе гэтай праверкі, але якія гэта будуць часці і ў які час, ён вызначыць сам».

Першай правяраецца часць тэхнічнага забеспячэння. Гэта адна з найбуйнейшых воінскіх часцей Узброеных Сіл, дзе стаяць на захоўванні розныя ўзоры бранятанкавага ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

«Раптоўна прыбыла група, уручыла распараджэнне камандзіру воінскай часці, — агучыў дэталі дзяржсакратар Савета Бяспекі. — Было заслухана аб становішчы спраў на базе захоўвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі. У лістападзе мінулага года гэта воінская часць правяралася рабочай групай Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі і Камітэта дзяржаўнага кантролю. Падчас гэтай праверкі будзе правераны план устаранення тых недахопаў, якія былі выкрыты летась».


Аляксандр Вальфовіч дадаў, што вынікі праверкі будуць прааналізаваны. «Паглядзім, як ва ўстаноўленыя нарматывамі часавыя паказчыкі розныя ўзоры бранятанкавага ўзбраення будуць зняты з захоўвання, — удакладніў ён. — Вызначана зняць з захоўвання некалькі ўзораў танкаў, баявых машын пяхоты, бронетранспарцёраў сіламі воінскай часці, без прыцягнення дадатковых рэсурсаў». 

Вынікам стане кантрольны прабег знятых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі працягласцю каля 15-20 кіламетраў. «Гэта пойдзе ў разбор агульнага плана праверкі Узброеных Сіл і ў даклад Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь», — адзначыў Аляксандр Вальфовіч.


«Арэшнік», тактычная ядзерная зброя, якая размешчана на тэрыторыі Беларусі, патрэбны толькі для абароны тэрыторыі нашай краіны"

Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі пракаменціраваў журналістам здагадкі з-за мяжы аб тым, што ў Беларусі няма ракетнага комплексу «Арэшнік». «Галоўнае, што мы ўпэўненыя ў тым, што ў нас ёсць гэта зброя, — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. — І, вядома, спадзяёмся, што яна ніколі не спатрэбіцца. Гэта зброя стрымлівання, абароны нашай краіны. Усё, што трэба, усё, што было вызначана прэзідэнтамі дзвюх краін, выканана і дзейнічае. А тое, што кажуць нашы апаненты, нашы суседзі... Казаць і рабіць высновы — гэта іх права. Добра, што яны не бачаць гэтага „Арэшніка“. І правільна, што яны яго не бачаць».

Ён звярнуў увагу на тое, што нядаўна было другое эфектыўнае прымяненне ракетнага комплексу «Арэшнік» Расіяй. «Не хацелася б, каб гэты „Арэшнік“ дзейнічаў з тэрыторыі Беларусі, — удакладніў дзяржсакратар Савета Бяспекі. — Яшчэ раз гавару: „Арэшнік“ і тактычная ядзерная зброя, якая размешчана на тэрыторыі Беларусі, патрэбны толькі для абароны тэрыторыі нашай краіны». 


«Беларусь гатова да добрасуседскіх канструктыўных узаемаадносін і дыялогу»

Аляксандр Вальфовіч расказаў журналістам аб абстаноўцы каля граніц Беларусі: «Мы ж бачым, што адбываецца на сумежнай тэрыторыі. Мы бачым зусім нядаўна праведзеныя амерыканцамі вучэнні на палігоне ў Пабрадзе (у Літве. — „Зв“.). Падраздзяленне колькасцю 900 чалавек за 15 кіламетраў ад граніцы. Пралёты авіяцыі, разведка, дзеянні сіл спецыяльнага прызначэння ўздоўж нашай Дзяржаўнай граніцы».

Дзяржсакратар Савета Бяспекі акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь не праводзіць палітыку, якая правакуе суседзяў да такіх дзеянняў. «Усе мерапрыемствы і вучэнні мы праводзім у глыбіні тэрыторыі нашай краіны, на аддаленых палігонах, — сказаў ён. — Не правакуючы нікога і не пагражаючы нікому. Мы не павялічваем свае Узброеныя Сілы. Так, мы робім упор на якасць, утрыманне, падрыхтоўку, беражлівыя адносіны да тэхнікі».

Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што Беларусь была і застаецца міралюбівай краінай, якая гатова да добрасуседскіх канструктыўных узаемаадносін і дыялогу.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю