Пракуратура горада Мінска накіравала ў Мінскі гарадскі суд крымінальную справу па абвінавачанні 66-гадовага жыхара горада Мінска ў забойстве з асаблівай жорсткасцю.
Як паведаміла служба інфармацыі пракуратуры сталіцы, мужчына, жыхар Мінска, які быў закаханы ў сваю калегу, суперажываў яе праблемам у шлюбе. Пасля яе разводу ў іх з’явіліся адносіны. Жанчына працягвала пражываць са сваім былым мужам, які ствараў для яе па сутнасці невыносныя ўмовы.
Гэта пасля і паслужыла матывам для здзяйснення злачынства.
У сакавіку 1995 года абвінавачаны высачыў былога мужа сваёй каханай. У пад’ездзе яго дома позна ўвечары ён распыліў у твар мужчыны, які выходзіў з ліфта, змесціва газавага балончыка, пасля чаго нанёс яму не менш за 20 удараў па галаве малатком, а лязом брытвы перарэзаў горла. Затым ён выкруціў лямпачку ў пад’ездзе, каб пацярпелага не знайшлі і не змаглі аказаць яму дапамогу.
Смерць мужчыны наступіла ад кровазліцця ў мозг і вострай страты крыві.
Вытворчасць па крымінальнай справе неаднаразова прыпынялася за адсутнасцю падазраванага, аднак работа сышчыкаў па яго ўстанаўленні працягвалася ўвесь гэты час.
У 2008 годзе ўдалося ўстанавіць супадзенне: адбіткі пальцаў, знойдзеныя на лямпачцы ў пад’ездзе, належалі абвінавачанаму. Да таго часу той ужо быў у шлюбе з былой жонкай забітага і пражываў у доме, дзе было ўчынена забойства.
Адсутнасць на той момант дастатковых доказаў не дазваляла афіцыйна прызнаць яго падазраваным — крымінальную справу зноў прыпынілі.
Сёлета, дзякуючы выкарыстанню сучаснага абсталявання, удалося ўстанавіць хлусню і несупадзенні ў паказаннях мужчыны — менавіта ён выкручваў лямпачку ў пад’ездзе ў ноч забойства і пакінуў на ёй свае сляды.
Падчас папярэдняга следства абвінавачаны поўнасцю прызнаў сваю віну і даў падрабязныя паказанні аб зробленым.
Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па г. Мінску.
Пасля вывучэння матэрыялаў справы ў пракуратуры прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачання, дастатковасці сабраных доказаў, поўным і аб’ектыўным расследаванні акалічнасцяў злачынства. Там пагадзіліся з кваліфікацыяй дзеянняў абвінавачанага па п. «е» арт.100 Крымінальнага кодэкса БССР 1960 года.
Ужытую да яго меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту пракурор пакінуў без змены.