Па даных намесніка начальніка аддзела ДАІ Савецкага РУУС г. Мінска Сяргея Курловіча, нядаўна на лінію «102» патэлефанаваў мужчына, які паведаміў, што па вуліцы Леаніда Бяды рухаецца каршэрынгавы аўтамабіль «Volkswagen». Мінчанін выказаў здагадку, што кіроўца аўтамабіля знаходзіцца ў стане ап’янення.
Атрымаўшы такое паведамленне, супрацоўнікі аддзела ДАІ Савецкага РУУС г. Мінска адправіліся на пошук мяркуемага парушальніка. Арэндны аўтамабіль быў заўважаны на вуліцы Сурганава, яго кіроўцу быў пададзены сігнал аб спыненні. Аднак кіроўца праігнараваў і працягнуў рух.
Падчас праследавання кіроўца транспартнага сродку шматразова парушаў патрабаванні ПДР. Пры гэтым на скрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Сурганава парушальнік наехаў на дарожную агароджу.
47-гадовы мужчына, які кіраваў транспартным сродкам, не падпарадкаваўся інспектарам, аднак, нягледзячы на гэта, быў затрыманы. Па выніках медыцынскага агляду ў арганізме кіроўцы выяўлена больш за 2 праміле алкаголю.
Цяпер за невыкананне патрабавання аб спыненні, а таксама за непадпарадкаванне супрацоўнікам праваахоўных органаў мужчына пакараны адміністрацыйным спагнаннем у выглядзе арышту на 30 сутак і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Акрамя гэтага, у дачыненні да яго складзены адміністрацыйныя матэрыялы за нецвярозае кіраванне — яму пагражае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 200 базавых велічынь (9 тыс. рублёў) з пазбаўленнем права кіравання транспартам на 5 гадоў.
Уладзімір БУДАЙ