Top.Mail.Ru

Органы пракуратуры Гродзенскай вобласці праверылі, як у рэгіёне захоўваюцца гісторыка-культурныя каштоўнасці

Органы пракуратуры Гродзенскай вобласці праверылі выкананне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў — сярод іншых парушэнняў выяўлены і значныя недаплаты ў фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.



Як вядома, указам Прэзідэнта Беларусі № 211 ад 15 красавіка 1998 года створаны спецыялізаваны фонд па падтрымцы культуры і мастацтва.

Мэтай гэтага фонду з’яўляецца падтрымка аховы гісторыка-культурнай спадчыны, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый, рэалізацыя культурных праектаў, падтрымка музейнай і бібліятэчнай дзейнасці, папулярызацыя і распаўсюджванне беларускай нацыянальнай культуры.

У сувязі з гэтым служба інфармацыі пракуратуры Гродзеншчыны нагадала, што існуе парадак ажыццяўлення адлічэнняў за прадпрымальніцкую дзейнасць, якая аказвае непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурную каштоўнасць або зоны яе аховы, выплаты кампенсацый за шкоду, якая наносіцца гісторыка-культурнай каштоўнасці або зонам яе аховы, зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 кастрычніка 2007 года. Згодна з ім, юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, што ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, якая аказвае ўздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці або зоны іх аховы, абавязаны штогод праводзіць адлічэнні ў фонд.


Памеры такіх адлічэнняў для юрыдычных і фізічных асоб краіны складаюць 5% ад прыбытку, атрыманага ў выніку прадпрымальніцкай дзейнасці, для замежных юрыдычных і фізічных асоб — 25%.

У ходзе праверак у г. Гродна, Карэліцкім, Лідскім, Навагрудскім раёнах устаноўлена значная колькасць арганізацый, якія адпаведныя адлічэнні ў фонд не праводзілі або праводзілі не ў поўным памеры.

Напрыклад, два рэстараны арганізацыі прыватнай формы ўласнасці функцыянуюць у будынках гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У 2025 годзе прыбытак юрыдычнай асобы склаў больш за 672 тысячы рублёў. У сувязі з гэтым падлягала выплаце ў фонд 33,6 тысячы рублёў (5% ад прыбытку). Аднак адлічэнні ў фонд зроблены ўсяго толькі на суму... 2 тысячы рублёў — усяго 0,3% ад прыбытку. Пры такіх абставінах недаплата адлічэнняў у фонд склала больш як 31 тысячу рублёў.

Адлічэнні ў фонд прыватным прадпрыемствам за аб’ект грамадскага харчавання, размешчаны ў будынку архітэктуры ў г.п. Мір Карэліцкага раёна, за апошнія чатыры гады склалі толькі 4,2 тысячы. Пракурорамі ўстаноўлена, што арганізацыяй не праведзены плацяжы ўсяго на суму амаль 54,5 тысячы рублёў.

У ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці ў г. Лідзе размешчаны грыль-бар. Суб’ектам гаспадарання адлічэнні ў фонд ад дзейнасці гэтай установы не праводзіліся. Толькі за мінулы год запазычанасць склала 5,4 тысячы рублёў.

У мэтах устаранення дапушчаных парушэнняў органамі пракуратуры вобласці адносна нядобрасумленных суб’ектаў гаспадарання прыняты меры рэагавання, накіраваныя на спагнанне запазычанасці на агульную суму звыш 144 тысяч рублёў.


Больш за тое, у вобласці не забяспечана распрацоўка праектаў зон аховы на больш як 300 нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, або каля 50 працэнтаў ад агульнай іх колькасці. Звесткі аб асаблівым рэжыме выкарыстання ахоўных тэрыторый у зямельна-інфармацыйнай сістэме адсутнічаюць, чым створаны рызыкі аказання негатыўнага ўздзеяння на гісторыка-культурныя каштоўнасці і навакольнае асяроддзе (напрыклад, будаўніцтвам, гаспадарчай дзейнасцю і г. д.).

У Воранаўскім, Зэльвенскім, Дзятлаўскім, Астравецкім, Ашмянскім, Смаргонскім, Шчучынскім раёнах выяўлены не адзінкавыя выпадкі, пры якіх нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці неабходнымі ахоўнымі шыльдамі забяспечаны не былі.

Несвоечасовае падпісанне адказнымі асобамі ахоўных абавязацельстваў на аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны мае месца ў Воранаўскім і Астравецкім раёнах.

У ходзе наглядных мерапрыемстваў устаноўлены факты нездавальняючага стану нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў і іх прылеглай тэрыторыі.

Напрыклад, у в. Гайцюнішкі Воранаўскага раёна ў дрэнным тэхнічным стане знаходзіцца гісторыка-культурная каштоўнасць «Рэшткі капліцы»: там абсыпаецца цэгла.

Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці «Фрагменты былой сядзібы» ў в. Вердамічы Свіслацкага раёна поўнасцю зарасла пустазеллем і хмызняком.

Несанкцыянаваны сметнік выяўлены паблізу гісторыка-культурнай каштоўнасці «Стаянка перыяду неаліту» ў в. Мікалаева Іўеўскага раёна.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю