Top.Mail.Ru

Ода жанчыне на матчынай мове: на працягу дзвюх гадзін на Купалаўскай сцэне гучала цудоўнае беларускае слова

У гэты вечар шмат хто пераканаўся: беларускую мову і беларускую жанчыну аб’ядноўвае неверагодная прыгажосць і пяшчота. Яны — крыніца натхнення і сілы. 


Учора ў Нацыянальным драматычным тэатры імя Янкі Купалы праходзіла мерапрыемства, арганізаванае Беларускім саюзам жанчын «Дзень роднай мовы: ода беларускай жанчыне». 


У Год беларускай жанчыны напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы на працягу дзвюх гадзін са сцэны гучала цудоўнае роднае слова у гонар тых, хто дае жыццё і натхняе мужчын на вялікія справы. 


— Гэта стала ўжо добрай традыцыяй БСЖ — сустракацца ў Купалаўскім тэатры і адзначаць такое важнае для нас свята — Дзень роднай мовы, — падкрэсліла старшыня БСЖ, дырэктар прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі Вольга Шпілеўская. — Пакуль жыве мова, жыве народ. Пакуль мы захоўваем мову, культуру і традыцыі, мы захоўваем сябе як белорусаў. Сёння тут сабраліся тыя, хто любіць і шануе беларускую мову. Вельмі рады, што на наша свята прыехала і шмат гасцей з розных рэгіёнаў. Ведаю, што ініцыятыву БСЖ станоўча прымаюць у абласных гарадах, у райцэнтрах. 


Падзякаваўшы ўсім, хто далучыўся да ўрачыстасці, Вольга Шпілеўская прадставіла публіцы аўтара афіцыйнага лагатыпа Года беларускай жанчыны Яўгенію Пагранічную з Ваўкавыскага раёна, адзначыўшы яе асаблівай узнагародай БСЖ. 

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы і сацыяльным развіцці Наталля Паўлючэнка зачытала прывітальны адрас да ўдзельнікаў і арганізатараў свята ад імя Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай, у якім адзначана: «Беларуская мова і нацыянальная культура — гэта жывая душа народа, і менавіта ў вобразе жанчыны яна знаходзіць сваё ўвасабленне». 


Дарослыя і дзеці, дзяржслужачыя, кіраўнікі і прадстаўнікі вышэйшых органаў улады, дзеячы культуры, навукі, адукацыі, выдавецтваў, СМІ, прафесійныя мастацкія калектывы і сем'і-аматары з розных абласцей краіны падарылі гледачам сапраўдную асалоду ад гучання роднай мовы. 


Дырэктар беларускамоўнай гiмназiі № 2 Барысава Анатолій Забароўскі прыехаў на ўрачысты вечар са сваімі вучнямі. Разам яны падрыхтавалі да выступлення перад публікай вялікі верш А. Звонака «Беларускія жанчыны». 



— Мы ўжо другі раз удзельнічаем у такім мерапрыемстве БСЖ. Для нас гэта гонар — спрыяць папулярызацыі роднай мовы, — падзяліўся Анатолій Станіслававіч. — Сучасныя школьнікі пакуль не часта размаўляюць выключна па-беларуску ў штодзённым жыцці. Пры гэтым беларуская мова даўно не лічыцца мовай калгасніка, як было раней. Гэта мова інтэлігенцыі, і ведаць яе, карыстацца ёю становіцца прэстыжна сярод адукаванай моладзі. 



У гэты вечар са сцэны славутага тэатра гучала шмат бессмяротных радкоў з твораў беларускіх класікаў. Міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч выбраў з нагоды ўрачыстасці для выканання верш Г. Бураўкіна «Жанчын прыгожых трэба берагчы», міністр культуры Руслан Чарнецкі — верш П. Панчанкі «Першыя раны жанчына лячыла», дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі твор У. Караткевіча — «О Каханне маё бясконцае». Памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід Касінскі прачытаў верш Я. Янішчыц «Мама падрэзала косы», а старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч — твор П. Панчанкі «Грызе ўсіх нас нецярплівасць». 



Святам прыгажосці назваў вечар напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы міністр культуры Руслан Чарнецкі, бо «наша мова і нашы жанчыны — найпрыгажэйшыя ў свеце». 


Вольга АЛЯКСАНДРАВА, фота Ксеніі ЛІННІК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю