Top.Mail.Ru
258

Нявыплата матдапамогі і нават камандзіровачных: з чым звяртаюцца ў маніторынгавы цэнтр прафсаюзаў

Па кожным зваротце спецыялісты разбіраюцца ў пытанні і дапамагаюць вырашыць працоўную спрэчку.



Вось толькі некалькі прыкладаў, якія былі аператыўна вырашаны прафсаюзнымі спецыялістамі. Так, работнік аднаго з прадпрыемстваў прамысловасці Гомельшчыны звярнуўся з нараканнем на наймальніка, які не выплаціў яму матэрыяльную дапамогу да Дня завода. Прававы інспектар працы правёў маніторынг выканання заканадаўства з вывучэннем дакументаў наймальніка па гэтым пытанні. Як высветлілася, выплата належала не толькі заяўніку, але і іншым работнікам прадпрыемства. У выніку выдадзенай прадстаўніком прафсаюза рэкамендацыі работнікам аказалі прадугледжаную калектыўным дагаворам матэрыяльную дапамогу на агульную суму 20 тысяч рублёў.

Яшчэ адзін зварот датычыўся выплат камандзіровачных. Работнік адной з устаноў паведаміў, што ён і яго калегі яшчэ ў маі былі накіраваны ў камандзіроўку. Але нават так званыя сутачныя ім выплачаныя не былі. Кіраўніцтва ўстановы пры размове спасылалася на складанае фінансавае становішча. Па выніку перамоваў прафсаюзнага спецыяліста з наймальнікам і тлумачэння працоўнага заканадаўства работнікам выплацілі належныя сродкі.

Па звароце работніка маніторынг выканання заканадаўства быў праведзены прадстаўнікамі прафсаюза і ў арганізацыі гандлю, дзе, паводле слоў заяўніка, яшчэ пры прыёме на працу наймальнік не выдаў яму спецадзенне і абутак. Пры наведванні арганізацыі інфармацыя пацвердзілася. Акрамя таго, былі выяўлены парушэнні ў частцы ўтрымання санітарна-бытавога памяшкання. Прэтэнзіі былі і да працоўнага інструменту работніка. У ходзе маніторынгу аператыўна было вырашана пытанне аб забеспячэнні работніка неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны, спецадзеннем і абуткам. Таксама дасягнута дамоўленасць аб касметычным рамонце бытавога памяшкання і замене няспраўнага працоўнага інструменту.

Трэба адзначыць, што толькі за тыдзень спецыялісты прынялі 89 зваротаў з розных рэгіёнаў краіны. Большая частка пытанняў датычылася працоўных адносін. Напрыклад, ці можа работнік звольніцца да заканчэння тэрміну дзеяння кантракта або ў сувязі са зменай месца жыхарства, каму належыць адзін дадатковы выхадны дзень у месяц, як можна аспрэчыць дысцыплінарнае спагнанне, ці для ўсіх катэгорый работнікаў перадсвяточны дзень з’яўляецца скарочаным і інш. Па кожным пытанні, якія адносяцца да кампетэнцыі прафсаюзаў, дадзены неабходныя кансультацыі.

Нагадаем, звярнуцца ў Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр ФПБ можна па адзіным нумары — 8-801-100-1111. Званок бясплатны для абанентаў «Белтэлекама» і мабільных аператараў БеСТ (Life), A1, МТС. Звароты прымаюцца з панядзелка па чацвер з 8.30 да 17.30, у пятніцу з 8.30 да 16.15.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю