Сімвал нязломнасці і адраджэння Беларусі
У кожнага народа ёсць прадметы, напоўненыя сімвалічнымі сэнсамі і духоўнай энергіяй вышэйшага парадку, якая не паддаецца матэрыяльна-фізічным вымярэнням і вартасным ацэнкам. Да такіх, безумоўна, адносіцца адна з самых вядомых і дарагіх кожнаму беларусу рэліквій — знакаміты Крыж Ефрасінні Полацкай, які сёлета адзначае 865 гадоў з дня свайго стварэння! Яго лёс і гісторыя цесна пераплецены як з самой Прападобнай Ефрасінняй, так і са шматпакутным лёсам усяго беларускага народа. І сёння, 5 чэрвеня, у дзень памяці святой заступніцы Беларусі, якраз самы час узгадаць і саму вялікую асветніцу, і яе спадчыну, да якой адносіцца знакаміты Крыж.
Ужо само 5 чэрвеня стала сімвалічным днём. У гэтую дату прападобная Ефрасіння памерла падчас сваёй пілігрымкі ў Іерусалім (найбольш пераканаўчым годам яе смерці гісторыкі лічаць 1167-ы). Мошчы яе некаторы час знаходзіліся ў Феадосіеўскім іерусалімскім манастыры, а ў 1187 годзе іх перавезлі ў Кіева-Пячэрскую лаўру і змясцілі там у Феадосіевай пячоры. І толькі 5 чэрвеня 1910 года, пасля шматгадовых хадайніцтваў да розных імператараў Расіі і намаганняў царкоўнаслужыцеляў беларускіх губерняў і мясцовай паствы, цела прападобнай Ефрасінні было нарэшце ўрачыста перанесена ў родны Полацк і знайшло спачын у Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.
У Першую сусветную вайну каштоўная сярэбраная рака з мошчамі святой, вырабленая на грошы вернікаў, была эвакуіравана ў Растоў, дзе яе заспела рэвалюцыя. Падчас барацьбы з рэлігіяй, распачатай бальшавіцкімі ўладамі, грабніцу Ефрасінні Полацкай некалькі разоў ускрывалі, а яе мошчы сталі аб’ектам антырэлігійнай прапаганды, які экспанаваўся на адпаведных выставах, а потым быў адасланы ў экспазіцыю Віцебскага краязнаўчага музея — таксама, зразумела, як экспанат. Падчас усіх гэтых перыпетый усе каштоўнасці (у першую чаргу каштоўная срэбная труна), вядома ж, зніклі. Толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя вернікі змаглі вярнуць астанкі святой у полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Ужо ў нашы дні, у незалежнай Беларусі, была створана новая рака, асвечаная 5 чэрвеня 2007 года, дзе зараз і знаходзяцца святыя мошчы. І хай супакояцца яны там навечна!

Як бачым, не толькі жыццёвы шлях Ефрасінні Полацкай, але і стагоддзі пасля яе смерці былі напоўнены незаслужанымі пакутамі! А гэтая мудрая і мужная жанчына хацела толькі аднаго — міру на той зямлі, дзе давялося жыць ёй і яе народу. Прыняўшы насуперак волі бацькі манаскі пострыг і прызначыўшы самой сабе вельмі няпросты шлях манаскай аскезы і паслушэнства, адмовіўшыся ад статусу князёўны,святая Ефрасіння не хацела бачыць у якасці ворагаў «ни князя со князем, ни бояре с боярин, ни служанина со служанином — но всех хотяше имети, яко един душю» — менавіта так гаворыцца ў яе «Жыціі». Дзеля міру і асветы народа займалася перапісваннем кніг, заснаваннем манастыроў, навучаннем дзяўчынак грамаце. І стварэннем святыняў, якія стануць сімваламі Беларусі!
Менавіта па замове Ефрасінні Полацкай у 1161 г. майстар-ювелір Лазар Богша стварыў шэдэўр царкоўна-ювелірнага мастацтва — знакаміты напрастольны крыж, якому прызначалася знаходзіцца выключна ў Спаскім (цяпер Спаса-Ефрасіннеўскім) полацкім манастыры. Пра гэта казаў надпіс, зроблены па баках Крыжа, які забараняў выносіць яго і абяцаў праклёны і шматлікія беды неслухам. Каштоўнасць рэліквіі заключалася не толькі ў золаце, срэбры, каштоўных камянях і жэмчугу, якія пайшлі на яе ўпрыгожванне. Яна таксама ўяўляла сабой выдатны ўзор эмальернага мастацтва, таямніцамі якога майстар Лазар Богша, на думку гісторыкаў, мог авалодаць у Візантыі ці Грузіі. Ну, а для вернікаў значна большую каштоўнасць уяўлялі свяшчэнныя рэліквіі, якія захоўваліся ў Крыжы: мошчы святых, кавалкі Крыжа Гасподняга, Труны Гасподняй, камень з грабніцы Божай Маці. Ну і сам факт, што праз дзевяць стагоддзяў мы ведаем і імя заказчыцы, і імя выканаўцы, і дэталёвае апісанне знешняга выгляду і ўнутранага зместу адносна невялікага прадмета (памер Крыжа прыкладна 52 на 21 сантыметр), кажа нам пра гістарычную каштоўнасць (я б нават сказаў — неацэннасць!) і духоўную значнасць гэтага артэфакта.
На жаль, Крыж Ефрасінні Полацкай напаткаў такі ж няпросты лёс, як і мошчы самой святой. Насуперак папярэджанню і праклёну, рэліквія ў XІІІ стагоддзі апынулася ў Смаленску, потым у Маскве. Пры Іване Грозным Крыж вярнуўся ў Полацк, у падзяку Богу за поспехі ў вайсковай кампаніі супраць ВКЛ. У няпростую і бурную эпоху існавання Рэчы Паспалітай, адзначаную шматлікімі войнамі і мяцяжамі, Крыж неаднаразова даводзілася хаваць, а месцам яго знаходжання стаў Сафійскі сабор, які належаў уніятам. Толькі ў XІX стагоддзі святыня вярнулася ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, але пасля рэвалюцыі надышлі яе самыя чорныя дні. Спачатку рэквізаваная і перададзеная ў музей у Мінск, а потым у Магілёў, святая рэліквія беларускага народа канчаткова знікла ў 1941 годзе. Да гэтага часу пошукі Крыжа, нават з прыцягненнем беларускіх спецслужбаў, вынікаў не далі.

Але ж народ без святыні жыць не можа! І ў незалежнай Беларусі адбыўся цуд! Мы зноў набылі Крыж Ефрасінні Полацкай, узноўлены ў 1997 годзе, які стаў сімвалам адраджэння нацыі з небыцця. Больш за тое, акрамя вядомай поўнай копіі рэліквіі, якая ўвесь час захоўваецца ў Полацку, у беларусаў у 2016 годзе з’явілася Слуцкая копія Крыжа, якая аднаўляе яго гістарычны асабовы бок, але творча перапрацаваная з другога боку і напоўненая мошчамі іншых святых. Крыж Ефрасінні Полацкай стаў тым каўчэгам, у якім злучыліся чаканні і спадзяванні беларусаў аб жыцці ў мірнай і шчаслівай краіне, стаў сімвалам адраджэння і нязломнасці нашага народа. Аб чым, напэўна, і сёння моліцца Усявышняму наша святая заступніца.
Аляксей БЯЛЯЕЎ, кандыдат гістарычных навук