Аграсядзіба «Сырны дворык» сям’і Міхалёнкаў уключана ў маршруты турыстычных агенцтваў. Сюды прыязджаюць і адпачывальнікі са шматлікіх санаторыяў Нарачанскага краю, і індывідуальныя госці. Дэгустацыі па выхадных распісаны ўжо на ўсё лета наперад.
А пачалося ўсё з таго, што старэйшаму ў сям’і на дзень нараджэння падарылі... казу.
«Што з ёй рабіць, ніхто з нас не ведаў, — усміхаецца гаспадыня сядзібы. — Першы час яна жыла ў суседкі. Усе баяліся да яе падступіцца, хоць даіць яе ўсё ж навучылася. Згадзілася на гэту авантуру, таму што ў мяне была проста жудасная алергія: не магла есці фрукты, знаходзіцца на вуліцы, і дзякуючы казінаму малаку ад яе пазбавілася».

Каб малако не прападала дарэмна, Таццяна пачала варыць сыры. Спачатку рабіла гэта на маленькай кухні ў каструлі. Выкарыстоўвала рэцэпты, якія даведалася ад бабуль або знайшла ў інтэрнэце. Потым усё ж вырашыла вучыцца ў прафесіяналаў.
Цяпер у Міхалёнкаў свая сыраварня з асобнымі памяшканнямі, дзе можна ўбачыць, як варацца сыры, паназіраць за іх даспяваннем. А паспытаць гатовыя прадукты прапануюць у прасторнай дэгустацыйнай зале.
«Сыраварства для мяне — гэта ўжо не проста захапленне, а сэнс жыцця, радасць», — прызнаецца субяседніца і адзначае, што яе пачынанне падтрымала ўся сям’я, сёння ў кожнага з іх свае абавязкі па ферме, сыраварстве.

«Кожны аматар сыру знойдзе нешта ў нашай сядзібе на свой густ», — запэўнівае нявестка нашых герояў Карына.
Таццяна ж прызнаецца, што асабліва хвалявалася, калі прымала групу італьянцаў, а потым і французскага госця. Але апасенні аказаліся марнымі: ва ўсіх літаральна гарэлі вочы ад захаплення. Француз, паспытаўшы сыр з высакароднай цвіллю, усклікнуў: «Брава!», сказаўшы, што нібы апынуўся на радзіме.
Таццяна і Андрэй Міхалёнкі — героі нашага праекта «Беларусы ў кадры». Пагаварылі з імі аб прыгатаванні эксклюзіўных аўтарскіх сыроў, а таксама даведаліся, як гэта быць сапраўднымі вясковымі жыхарамі новай фармацыі.
