Top.Mail.Ru

Новыя сарты сельскагаспадарчых культур: якія якасці ў прыярытэце?

За чатыры дзесяцігоддзі селекцыянерамі НПЦ па земляробстве НАН Беларусі створана амаль шэсць соцень сартоў збожжавых, зернебабовых, кармавых, тэхнічных і крупяных культур. Некаторыя з іх дзесяцігоддзямі застаюцца эталоннымі ў нашай краіне і СНД. Але XXІ стагоддзе змяняе не толькі тэхналогіі, але і падыходы ў селекцыі. Ад новых сартоў і гібрыдаў патрабуецца адаптаванасць пад рэгіянальныя кліматычныя ўмовы, высокая ўраджайнасць без нарошчвання аграхіміі, неўспрымальнасць да хвароб і шкоднікаў. Якім павінен быць сорт, каб быць канкурэнтным, расказаў доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Эрома УРБАН.


Найважнейшыя крытэрыі

Асноўны прыярытэтны кірунак селекцыі — гэта ў першую чаргу ўстойлівая высокая патэнцыяльная ўраджайнасць, падкрэсліў суразмоўца:

— Усе зарэгістраваныя сарты НПЦ па земляробстве маюць высокі ўзровень ураджайнасці (больш за 100 ц/га ў збожжавых, да 60 ц/га — у зернебабовых і г. д.) і цалкам канкурэнтныя на фоне дасягненняў замежнай селекцыі.

Яшчэ адзін найважнейшы крытэрый, калі казаць пра збожжавыя, — «палепшаныя якасці атрыманай прадукцыі ў хлебапячэнні», іншымі словамі, перш за ўсё смак.

— Практычна ўсе новыя раяніраваныя сарты яравой пшаніцы з’яўляюцца каштоўнымі па якасці ў хлебапячэнні, — тлумачыць доктар сельскагаспадарчых навук. — 

З найлепшых за апошнія гады магу назваць сарты яравой пшаніцы «Вестачка 17», «Красавица», «Знамя». Што датычыцца азімай пшаніцы, у 2024 годзе сорт «Асіма» прызнаны найлепшай распрацоўкай Нацыянальнай акадэміі навук. «Асіма» добра зімуе, адаптыўны да фактараў асяроддзя (ад замаразкаў да засух), мае высокую патэнцыяльную ўраджайнасць (звыш 120 ц/га), устойлівасць да палягання і асноўных відаў хвароб.

Але важна разумець: абсалютна ўстойлівы да любых хвароб сорт раслін стварыць пакуль не ўдалося нідзе ў свеце, кажа навуковец.

— Шкодныя арганізмы муціруюць: адаптуюцца да пестыцыдаў, новых відаў і культур, зменлівага клімату. І пацяпленне — на іх баку. Раней, пры стабільным «мінусе» зімой, большая частка аднагадовага пустазелля гінула ў перыяд перазімоўкі, і тое ж датычылася глебанасельных шкоднікаў. Цяпер яны добра зімуюць. З’яўляюцца таксама новыя віды пустазелля і шкоднікаў, нетыповыя для нашых шырот.

Рыжык, соя і «зімавальны» гарох

Крытэрыяў, на якія сёння трэба звяртаць увагу пры селекцыі стратэгічных відаў сельгасраслін, мноства.

— Але любы жывы арганізм — гэта баланс. І, паляпшаючы адно, мы нязменна губляем у іншым. Гэта да пытання аб тым, чаму варта рабіць стаўку на сарты айчыннай селекцыі. Яны створаны ў нашых умовах і адаптаваны да іх. 

Многія замежныя сарты высокапрадукцыйныя, але не пластычныя. 
Пры спрыяльных умовах яны рэалізоўваюць свой патэнцыял прадукцыйнасці. Аднак ідэальных умоў у Беларусі практычна не бывае. Калі нешта пойдзе не так, такі сорт больш за іншыя знізіць ураджайнасць. 

Лепш атрымліваць штогод стабільныя (і досыць высокія) ураджаі, чым раз на 5–10 гадоў — рэкордныя, а ў астатнія гады — ніжэйшыя за сярэднія.

Якія культуры сёння цікавыя селекцыянерам?

— Вялікая ўвага — кармавым культурам: у нашай краіне развіта жывёлагадоўля. Гэта экспарт, вялікая ўдзельная вага ў бюджэце краіны, а значыць, сфера павінна быць забяспечана кармамі. Перспектыўны кірунак — азімыя формы збожжавых і зернебабовых. Цікавы праект — зімавальныя формы гароху, па стварэнні якіх цяпер вядзецца работа. У краінах СНД такога пакуль няма. Любая зернебабовая культура патрабавальная да ўвільгатнення глебы, і гэта ў апошнія гады крытычны момант, улічваючы засухі, што паўтараюцца з году ў год. Калі атрымаем устойліва зімавальную форму гароху, ён будзе выкарыстоўваць зімовыя запасы вільгаці, не пацерпіць ад засух і раней будзе даваць ураджай.

У даччыным прадпрыемстве «Палескі інстытут раслінаводства» створаны гібрыды кукурузы, сланечніку, сарты сорга і шматгадовых траў, распавёў Эрома Урбан:

— У Дзяржаўны рэестр Беларусі з 2024 года ўключаны трохлінейны ранняспелы гібрыд кукурузы ВІВАЛЕН 3620, а з 2025-га — гібрыд кукурузы ВІВАЛЕН 3821. Лінейка «Вівален» — гібрыды новай фармацыі з высокімі паказчыкамі адаптыўнасці і прадукцыйнасці, створаныя з выкарыстаннем абсалютна новага зыходнага матэрыялу. Патэнцыяльная ўраджайнасць збожжа — 140–150 ц/га, патэнцыяльная ўраджайнасць сухога рэчыва пры ўборцы на сілас — 230–250 ц/га. Створаны высокапластычны сорт інтэнсіўнага тыпу — сорга збожжавае «Крынічнае», якое можа выкарыстоўвацца для стабілізацыі ўраджайнасці збожжа ва ўмовах недахопу вільгаці.

Селекцыянерамі пачаты таксама распрацоўкі па соі. Гэта высокабялковая культура, адзначае навуковец. Бялок соі на 98 % ідэнтычны бялку жаночага малака. І бялку ў насенні соі ўдвая больш, чым у такім жа аб’ёме свініны.

— З мінулага года займаемся вывучэннем такой нетрадыцыйнай для Беларусі тэхнічнай культуры, як рыжык. Культура гэта далёкаўсходняя, і пакуль яна для нас — пілотны праект.

Вырошчваем сваё

У мінулым годзе ў Дзяржрэестр Рэспублікі Беларусь уключана 20 сартоў, перададзена ў Дзяржсортавыпрабаванне 35 сартоў сельскагаспадарчых раслін, а за апошнія тры гады рэестр папоўніўся 47 новымі сартамі селекцыі НПЦ НАН Беларусі па земляробстве.

— Пастаўлена задача: да 2030 года дасягнуць выкарыстання ў пасевах сельскагаспадарчых раслін не менш за 80 % сартоў беларускай селекцыі, — канстатаваў вучоны.

На сёння гэты паказчык складае ў сярэднім крыху больш за 70 %, канкрэтызаваў ён.

— Летась на палях краіны апрацоўвалася 140 сартоў сельскагаспадарчых раслін селекцыі НПЦ па земляробстве, — распавёў Эрома Урбан. — Так, беларускія сарты азімага трыцікале займаюць 83 % пасяўных плошчаў краіны, жыта — 88 %, яравой пшаніцы — 84 %, ячменю — 81 %, аўса — 98 %, грэчкі — 75 %. Дарэчы, у Расійскай Федэрацыі сарты нашага цэнтра (46 найменняў) займаюць плошчу больш за 2 млн га. 

Штогадовая вытворчасць арыгінальнага і элітнага насення ў цэнтры — больш за 100 сартоў.

Сёння ў аграрнай сферы навукоўцам важна мысліць гнутка і пралічваць крокі на гады наперад: толькі за апошняе дзесяцігоддзе структура сельскагаспадарчых раслін на палях краіны істотна змянілася.

— Значна павялічылася доля пасяўных плошчаў кукурузы, — тлумачыць суразмоўца. — Пашырыліся плошчы пад кукурузу на зерне (у мінулым годзе яны склалі больш за 280 тыс. га), зменшыліся — пад яравую пшаніцу і авёс. Застаюцца даволі значнымі плошчы пад яравы ячмень (парадку 240 тыс. га). Актыўна робіцца стаўка на азімыя: на іх вышэйшы патэнцыял прадукцыйнасці. У прыярытэце і тэхнічныя культуры — рапс, цукровыя буракі. Скарачаецца колькасць пасяўных плошчаў пад бульбу: летась — толькі 17 тыс. га. Гэтага дастаткова для патрэб краіны пры ўмове стабільна высокай ураджайнасці, — адзначае доктар навук. — Думаю, такая структура досыць рацыянальная і не будзе патрабаваць істотных змен і ў гэту пасяўную кампанію.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю