Напярэдадні Дня Перамогі супрацоўнікі Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі зрабілі мінчанам і гасцям сталіцы незвычайныя падарункі — адкрылі новыя лакацыі, дзе прадстаўлены ўнікальныя віды раслін, скульптурныя і ландшафтныя кампазіцыі.
Устаноўленая летась да 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Паляне Перамогі скульптура «Галубы міру», як расказаў вучоны сакратар Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі Павел Белы, будзе дапоўнена фігурай хлопчыка, які выпускае голуба. А ў перспектыве кампазіцыю завершыць скульптура дзяўчынкі. Аўтарам пластычнага твора з’яўляецца супрацоўнік батсаду скульптар Вадзім Мацкевіч.
Размешчанае непадалёк поле мясцовыя работнікі называюць «маленькай Галандыяй». І гэта невыпадкова. Нарцысы больш чым 100 сартоў розных формаў і расфарбовак цешаць наведвальнікаў сваёй пышнасцю. Усяго ж у калекцыі батанічнага саду налічваецца 436 сартоў гэтых кветак, і таму кожную вясну «маленькая Галандыя» прыгожая па-свойму, ніколі не паўтараецца.
Крыху далей на фоне нашых родных бяроз і соснаў вылучаецца нязвыклая форма чырвонай брамы Торыі і сілуэт доміка ва ўсходнім стылі. Звычайна ў еўрапейскіх гарадах такія прыродныя куткі называюць японскім садам. Але Галіна Валіцкая, ландшафтны архітэктар і адзін з аўтараў праекта, сцвярджае, што ў нашым выпадку правільна ўсё ж называць Усходні сад. У калекцыі экспазіцыі прадстаўлена больш як 300 відаў раслін, радзімай якіх з’яўляецца Далёкі Усход і краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.
Спецыялісты праекта высаджваюць расліны такім чынам, каб у выніку ўсё выглядала натуральна ў адным стылі і сузіранне выклікала супакаенне. Гэтай канцэпцыі ў поўнай меры адпавядае водны каскад з трох чашаў. Струмені вады, якія пераліваюцца, — гэта не толькі чароўнае відовішча, але і жаданая крыніца вады ў спякотныя дні для птушак, якімі можна палюбавацца, седзячы побач на лаўцы ў цяньку. Што да чайнага доміка, то пакуль ён пабудзе проста характэрным элементам экспазіцыі. Але ў перспектыве, магчыма, там пачнуць праводзіць чайныя цырымоніі.
Андрэй Сакалоў, фота аўтара.