Беларусь і Турцыя плануюць падрыхтаваць пакет прапаноў па далейшым супрацоўніцтве. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства прамысловасці, перадае БелТА.
Міністр прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Турэцкай Рэспублікі ў Беларусі Гючлю Джэмам Ышыкам. Удзел у перагаворах прыняў таксама намеснік міністра прамысловасці Леанід Рыжкоўскі.
Андрэй Кузняцоў канстатаваў, што Турэцкая Рэспубліка традыцыйна з’яўляецца для Беларусі адным з ключавых партнёраў супрацоўніцтва ў галіне прамысловасці на знешнім контуры. З улікам высокага ўзроўню супрацоўніцтва з Турцыяй кіраўнік ведамства выказаў зацікаўленасць у пошуку новых пунктаў росту гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. «Мы бачым высокую перспектыўнасць арганізацыі прамысловай кааперацыі па сельскагаспадарчай тэхніцы, перспектыўных мадэлях збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў, дарожна-будаўнічай тэхніцы «Амкадор», — адзначыў міністр.
Гючлю Джэм Ышык у сваю чаргу падкрэсліў, што Турцыя разглядае Беларусь як важнага партнёра ў рэгіёне. «Мы бачым значны патэнцыял у прамысловасці і гандлі для развіцця сумесных праектаў і гатовыя актыўна працаваць над стварэннем умоў для гэтага», — сказаў ён.
Бакі пацвердзілі зацікаўленасць у актывізацыі двухбаковага дыялогу. Такое супрацоўніцтва не толькі забяспечыць новыя магчымасці для прадпрыемстваў, але і дазволіць рэалізаваць сумесныя праекты, якія будуць спрыяць эканамічнаму росту абедзвюх краін. Сустрэча завяршылася дамоўленасцю падрыхтаваць пакет прапаноў па далейшым супрацоўніцтве, уключаючы канкрэтныя праекты і галіны ўзаемадзеяння, з мэтай паскарэння рэалізацыі сумесных ініцыятыў у найбліжэйшай будучыні.