Першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец у эфіры «Першага інфармацыйнага» расказаў пра перспектывы рабатызацыі ў Беларусі, паведаміла БелТА.
«Без робатаў далейшае развіццё немагчыма. Мы гэта разумеем, таму ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026—2030 гады вылучылі рабатызацыю як прыярытэт. Гэта не толькі эканомія працы і замена чалавека робатам, але і поўнае змяненне тэхналагічнага працэсу. Рабатызацыя патрабуе дакладнасці вырабаў і камплектуючых, рытмічнасці паставак. Яна мяняе падыходы да прамысловай палітыкі», — падкрэсліў Іван Вежнавец.
Рабатызацыя фарміруе новую культуру вытворчасці — выразныя алгарытмы паставак сыравіны, тэхналогій і камплектуючых. «На рабатызаваным канвееры ўсё стандартызавана — допускі, камплектацыя, вытворчы цыкл. Таму паралельна мы мяняем тэхналагічныя працэсы на прадпрыемствах і ўкараняем нормы беражлівай вытворчасці. Разам з Дзяржстандартам ўвялі сертыфікаты беражлівай вытворчасці. Яны даюць агульны эфект для краіны», — падкрэсліў першы намеснік міністра.
Сертыфікат беражлівай вытворчасці — гэта працэдуры на прадпрыемстве, напрыклад, зніжэнне матэрыялаёмістасці, аналіз тэхналагічных аперацый, арганізацыя працы. Просты прыклад — уладкаванне працоўнага месца, каб супрацоўнік мог дацягнуцца да інструментаў і мінімізаваць рухі. Гэта і ацэньваецца ў рамках беражлівай вытворчасці.
У свеце рабатызацыя перспектыўная ў мікраэлектроніцы, радыёэлектроніцы, аўтамабілебудаванні. «У Беларусі ж, зыходзячы з вопыту, робаты эфектыўныя там, дзе аперацыі стандартызаваныя, паўтараюцца і масавыя: зварка, афарбоўка, высокадакладныя работы. Бачым перспектывы ў машынабудаванні (ёсць напрацоўкі), асобных сферах лёгкай прамысловасці і станкабудаванні», — расказаў Іван Вежнавец.