Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Трэба кіраваць раёнам, канкрэтна паказваючы вынік»

У кадравы дзень — асаблівая ўвага мясцовай уладзе 


Чацвер у Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — кадравы дзень. Кіраўнік дзяржавы узгадніў новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, зрабіў яшчэ шэраг важных кадравых прызначэнняў. 

Але асаблівая ўвага была нададзена менавіта кіраўнікам мясцовай вертыкалі. Ды і фармат кадравага дня быў не зусім звычайны: Прэзідэнт не толькі даваў новым кіраўнікам даручэнні і парады, але актыўна цікавіўся сітуацыяй на месцах. 

Брэсцкая вобласць. Развіваць патэнцыял

Мікалай Бортнік, дырэктар ААТ «Тышкавічы-Агра» прызначаны старшынёй Іванаўскага раёна. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці добра ён ведае раён. Спытаў і пра сітуацыю ў «Тышкавічы-Агра», удакладніў, колькі ў прадпрыемства зямель, кароў. Вядома, пацікавіўся сітуацыяй з падзяжом жывёлы. Мікалай Бортнік расказаў, што прадпрыемства робіць стаўку на малочную вытворчасць, ёсць невялікі працэнт бычкоў на мясны адкорм. І запэўніў, што Іванаўскі раён, які цяпер узначальвае, ведае добра. 

  • Ужо былы старшыня Брэсцкага райвыканкама Уладзімір Сянчук цяпер узначальвае Камянецкі райвыканкам. «Чым тлумачыцца такая перастаноўка? Заўсёды ў нас лічылася, што сталічны або абласны райвыканкам — узровень крыху вышэйшы, прэстыжней там працаваць. А вы вырашылі ў Камянецкі перайсці», — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. Уладзімір Сянчук патлумачыў, што Брэсцкі райвыканкам ён узначальвае ўжо восьмы год, але гатовы выкарыстоўваць свой вопыт і ў развіцці Камянецкага раёна, яго эканомікі і сельгаспрадпрыемстваў. «Я так разумею, губернатар хоча выкарыстаць вас для таго, каб Камянецкі раён утрымаць, падняць вышэй?» - удакладніў Прэзідэнт. «Для таго, каб развіць патэнцыял», — пагадзіўся Уладзімір Сянчук. Ён адзначыў, што аграпрамысловы комплекс раёна даволі развіты. 

Былы кіраўнік Камянецкага раёна Віталь Кулак узгоднены на пасаду намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта паказальна. «Эканамічна моцны раён. Ёсць буйныя прадпрыемствы. На сёння, напрыклад, «Белавежскі», «Відамлянскае», — падкрэсліў Уладзімір Сянчук. 

Усяго ў Камянецкім раёне дзевяць гаспадарак, і новы старшыня райвыканкама адзначыў, што добра іх ведае, паколькі пачынаў сваю працоўную дзейнасць у сельгаспрадпрыемстве «Усход» Камянецкага раёна -- адным з наймацнейшых у краіне. 

«Гэта значыць, вы ідзяце свядома туды», — удакладніў Прэзідэнт. «Так, паступіла прапанова і пагадзіўся», — адказаў Уладзімір Сянчук. Кіраўнік дзяржавы яму за гэта падзякаваў.

Брэсцкі райвыканкам узначаліў Рыгор Панасюк, які да гэтага працаваў першым намеснікам старшыні Жабінкаўскага райвыканкама — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні. 

Віцебская вобласць. Простых раёнаў няма

Новыя кіраўнікі з’явіліся ў некалькіх рэгіёнах Віцебскай вобласці. Пётр Бялусь узначаліў Глыбоцкі раён, раней працаваў намеснікам старшыні Браслаўскага райвыканкама, адказваў за сферу ЖКГ і будаўніцтва. «Пётр Казіміравіч, што трэба зрабіць у Віцебскай вобласці, каб мы яе ў шэрагу неперспектыўных, дрэнных, нядобрых не называлі, і як губернатара ўсе «б’юць і б’юць», каб не білі? Што там рабіць?» - спытаў Прэзідэнт. 

Пётр Бялусь самым адчувальным пытаннем назваў кадравае забеспячэнне. «Трэба займацца кадравай палітыкай узмоцнена і даваць магчымасць маладым, перспектыўным. Адшукваць гэтых людзей і даваць ім магчымасць рэалізоўваць сябе», — адказаў старшыня Глыбоцкага райвыканкама, удакладніўшы, што перш за ўсё мае на ўвазе кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што здараюцца выпадкі, калі кадры ёсць, а сумленнай працы ад іх няма. 

Старшыня Сенненскага райвыканкама Алег Макарэвіч узначаліў Дубровенскі раён. Ён адзначыў, што ў стратэгіі Віцебскай вобласці ў цэлым Дубровенскаму раёну адводзіцца даволі сур’ёзная місія. «З улікам таго, што ён кардынальна адрозніваецца ад шэрагу раёнаў Віцебскай вобласці ў частцы працэнта ўрадлівасці глеб, контурнасці палёў. Ён у тройцы Орша, Талачын, Дуброўна па атрыманні прадукцыі раслінаводства — гэта флагманскія раёны, на якія вобласць робіць стаўку», — расказаў Алег Макарэвіч. Ён прызнаў, што ёсць пэўныя праблемы. Але, па словах новага старшыні Дубровенскага райвыканкама, ён гэтыя праблемы бачыць і мае вопыт для іх вырашэння. 

Прэзідэнт пацікавіўся ў Алега Макарэвіча і сітуацыяй у Сенненскім раёне. «Асноўны ўхіл вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі — на малако. Спецыялізаваных прадпрыемстваў, якія займаюцца адкормам, няма. На сёння вырашаецца пытанне будаўніцтва комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы на прадпрыемстве "Дружбінец"», — расказаў Алег Макарэвіч. Асноўная спецыялізацыя гэтага прадпрыемства — малочная вытворчасць, завяршаецца будаўніцтва малочнатаварнага комплексу.

«Гэта значыць, у вас з падзяжом парадак і не трэба на спецыялізаваны адкормачны пункт або комплекс звозіць цялят на дагадоўванне і адкорм?» — удакладніў Прэзідэнт. Алег Макарэвіч адказаў, што ў Сенненскім раёне сёлета ўзровень падзяжу жывёлы знізіўся ў параўнанні з мінулым годам. І няма праблем, калі трэба кудысьці на адкорм адвезці бычкоў. 

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, колькі гаспадарак у Дубровенскім раёне. «Сельскагаспадарчых прадпрыемстваў восем. І плюс Дубровенскі льнозавод — гэта флагман рэгіёна», — адказаў Алег Макарэвіч. Прэзідэнт пацікавіўся ўборкай ільну ў рэгіёне. Алег Макарэвіч расказаў, што яна пачатая, церабленне ідзе нядрэннымі тэмпамі. Па асобных палях ёсць праблемы з пераўвільгатненнем, але з кожным днём сітуацыя нармалізуецца. Што да ўборкі збожжавых, то сітуацыя пад кантролем. 

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся і меркаваннем Алега Макарэвіча аб тым, чаго не хапае ў Віцебскай вобласці. Ён пагадзіўся з калегам, таксама назваў праблемы з кадрамі, выканальніцкай дысцыплінай. І адзначыў матэрыяльна-тэхнічную базу, якая не ў лепшы бок адрозніваецца ад перадавых абласцей. 

«Вы, напэўна, маеце актыўныя асноўныя сродкі: трактары, аўтамабілі, камбайны і гэтак далей. Ці дастаткова ў вас спецыялістаў, каб эксплуатаваць сённяшнюю тэхніку? Яна досыць складаная. Вось уявіце: мы заўтра перададзім вам патрэбную колькасць камбайнаў, дапаможам (хоць я не кажу, што так будзе, мы ўжо і так шмат дапамагаем Віцебскай вобласці), трактары сучасныя і гэтак далей. Скажыце шчыра, вы ж назіраеце за кадрамі: яны змогуць эксплуатаваць як сваё, як роднае?» — спытаў Прэзідэнт. 

Алег Макарэвіч прызнаў, што складана ў поўнай меры забяспечыць кадрамі энерганасычаную эфектыўную тэхніку. Але пытанні гэтыя вырашаюцца, у тым ліку і з дапамогай прыцягнення спецыялістаў з прамысловых прадпрыемстваў. Напрыклад, сёлета для ўборкі ўраджаю ў Сенненскім раёне ў якасці камбайнераў прыйшлі шэсць супрацоўнікаў з іншых прадпрыемстваў. 

Аляксандр Лукашэнка настойвае на тым, што кіраўнікі гаспадарак (нават і раённыя) павінны канкрэтна ведаць такіх спецыялістаў, дзе яны працуюць, каб потым прыцягнуць да сябе на працу механізатарамі. «Асабліва ў востры перыяд. Ну гэта ўборка. Пасеяць вы і сваімі сіламі пасееце. А вось уборка — вельмі шмат работ. Трэба прыцягваць, — заявіў беларускі лідар. — Як вы глядзіце на тое, каб з імі загадзя заключыць дагаворы, бачыць іх як сваіх людзей? Дзесьці, можа, і падтрымаць і маральна, і матэрыяльна?» 

  • Алег Макарэвіч адказаў, што такая работа і вядзецца. Ведаюць прозвішчы спецыялістаў, якіх можна прыцягнуць да ўборачнай кампаніі, і запрашаюць іх. «Менавіта так трэба і рабіць. Надалей трэба так рабіць. І такіх людзей трэба вельмі моцна падтрымліваць. Яны працуюць на іншым прадпрыемстве, але тым не менш пагадзіліся прыйсці і дапамагчы», — патрабуе Прэзідэнт. 

Ён расказаў, што са свайго вопыту работы кіраўніком сельгаспрадпрыемства памятае аднаго чалавека, які дапамагаў на ўборцы. Камбайны тады былі зусім не такія, як цяпер, але тым не менш, гэты чалавек не адзін год быў першым у гаспадарцы па ўборцы. «Мы дакладна разумелі, што гэта чалавек наш і яго страціць нельга. І я яго ўсяляк падтрымліваў. Таму трэба загадзя з імі дамаўляцца. І можа, не толькі камбайнерамі, хоць камбайнеры — гэта перш за ўсё», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. 

Сенненскі райвыканкам узначаліў Аляксандр Клячын, былы намеснік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска, які адказваў там за ЖКГ і будаўніцтва. Сенненскі раён — родны для яго, таму без праблем вяртаецца туды з абласнога цэнтра. «Я заўсёды вітаю людзей, якія ідуць на радзіму, каб нешта зрабіць, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Я вітаю ваша імкненне, асабліва ў Сенненскі раён. Гэта такі раён няпросты». 

Чашніцкі райвыканкам узначаліў Дзмітрый Станкевіч, былы намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама, які курыраваў ЖКГ і будаўніцтва. «Дзякуй, што вы пагадзіліся на гэты раён. Раён прыгожы, добры, але не просты. У Віцебскай вобласці ў нас простых раёнаў практычна няма», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. 

Гродна. Падтрымліваць парадак

Намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша ўзначаліла адміністрацыю Кастрычніцкага раёна Гродна. Прэзідэнт пацікавіўся, чым было выклікана такое рашэнне. «Я маю вопыт, маю жаданне далей развівацца. Раён няпросты. Ён самы вялікі ў краіне. Яго аснова — прамысловы комплекс, усе горадаўтваральныя прадпрыемствы. Гэта вельмі адказны і вельмі няпросты раён. Гэта раён і з вельмі сур’ёзнай сацыяльнай сферай», — расказала Зоя Кулеша. Яна адзначыла, што Гродна актыўна развіваецца, наперадзе сур’ёзныя мерапрыемствы, напрыклад 15-ы Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. «За гэта дзякуй. Фестываль у вас класны. Добра вы яго падтрымліваеце, і для Гродна гэта вельмі важна», — заўважыў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што Гродна — адзін з яго любімых гарадоў. «Горад-прыгажун. Галоўнае, парадак заўсёды быў і ёсць», — падзяліўся ён. І паставіў Зоі Кулешы задачу падтрымліваць гэты парадак. І глядзець за прадпрыемствамі. «Каб вы не саромеліся ўмешвацца ў работу прадпрыемстваў, якія, здавалася б, рэспубліканскай формы ўласнасці. Такіх прадпрыемстваў, якія не вашы, там няма. Усюды вашы прадпрыемствы», — арыентуе беларускі лідар.

«У вас павінна быць персанальная найгоршая гаспадарка ў раёне»

«Мужыкі, глядзіце, каб усё было справядліва з людзьмі. Паглядзіце, з кім вы будзеце працаваць. Час вельмі спрасаваны. Часу на тое, каб разгойдвацца, няма», — даў наказ новым мясцовым кіраўнікам Прэзідэнт. 

Паколькі амаль усе з іх аграрыі, кіраўнік дзяржавы паставіў актуальныя задачы. Самая важная, вядома, уборачная кампанія. «Уборку трэба, асабліва ў Віцебскай вобласці, працягваць. Я не скажу заканчваць — трэба ўборку працягваць. Вы падышлі толькі да паловы ўборачных работ», — адзначыў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што надвор’е няпростае, бывала, што і залівала дажджамі. Але цяпер, пакуль стаіць добрае надвор’е, трэба інтэнсіўна ўбіраць хлеб. «Трэба паскарацца, ні ў якім разе нельга расслабляцца», — арыентуе кіраўнік дзяржавы. 

Што датычыцца жывёлагадоўлі, то тут Прэзідэнт назваў галоўнай стаўку на малако і адкорм буйной рагатай жывёлы. Ён параіў вельмі выбарачна падыходзіць да рашэнняў аб будаўніцтве птушкафабрык. Таму што такой прадукцыі дастаткова, а на птушкафабрыках трэба зерне, якое не так проста атрымаць. «Пад любую жывёлагадоўчую вытворчасць патрэбен адпаведны севазварот. Гэта датычыцца Віцебскай вобласці на 100 %. Што да брэсцкіх раёнаў, пра якія мы сёння гаворым, гэта магутныя, моцныя раёны. Хоць, калі казаць пра Камянецкі раён, ён адпавядае назве — камянёў там хапае. Але тым не менш гэта раён добры», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Дарэчы, уборку ў Камянецкім раёне ўжо завяршылі, ураджайнасць збожжавых склала 45 ц/га — больш, чым летась. Прэзідэнт таксама адзначыў, што Віцебскую вобласць яшчэ чакае сур’ёзная размова на адпаведнай нарадзе.

Аляксандр Лукашэнка параіў новым кіраўнікам працаваць акуратна, не сячы з-за пляча, справядліва ставіцца да кадраў і дапамагаць. 

«І запомніце, што ў вас павінна быць персанальная найгоршая гаспадарка ў раёне, за якую вы адказваеце, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Як мяне інфармуе Дзмітрый Мікалаевіч (кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой - "Зв."), мы зараз націск пэўны робім у гэтым кірунку. Кіраўнікі раёна сябе не вельмі добра адчуваюць, калі за імі замацоўваеш асобна горшую гаспадарку. Мужыкі, так справа не пойдзе. Трэба кіраваць раёнам, канкрэтна паказваючы вынік. Таму вызначайцеся, якую гаспадарку пад крыло возьмеце і дапаможаце, пачынаючы з навядзення парадку, севазвароту, дысцыпліны і заканчваючы паказчыкамі эфектыўнасці».

Аляксандр Лукашэнка пажадаў поспеху кіраўнікам, якія знаходзяцца на пярэднім краі.

Новыя назначэнні і ў кіраўніцтве рэспубліканскіх органаў

Алена Богдан — першы намеснік міністра аховы здароўя, Іван Вежнавец — першы намеснік міністра эканомікі. Кандыдатура Антона Аляксеева ўзгоднена на пасаду намесніка міністра сувязі і інфарматызацыі. А кандыдатуры Віталя Кулака і Аляксандра Якаўчыца — на пасады намеснікаў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. 

У гэты кадравы чацвер змянілася і структура дыпламатычнага корпусу. Надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і па сумяшчальніцтве Каралеўстве Бахрэйн і Дзяржаве Кувейт Ігар Белы па сумяшчальніцтве будзе прадстаўляць інтарэсы краіны таксама ў Каралеўстве Саудаўская Аравія. Дзмітрый Дзеравінскі, пасол Беларусі ў Венесуэле, па сумяшчальніцтве прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у Балівіі. Яўген Сабалеўскі — пасол Беларусі ў Егіпце і па сумяшчальніцтве Алжыры, Амане па сумяшчальніцтве цяпер прадстаўляе інтарэсы Беларусі і ў Судане. 

Віталь Гармашук узгоднены на пасаду дырэктара Дэпартамента дзяржаўных знакаў Міністэрства фінансаў. Кандыдатура Сняжаны Цітовай узгоднена на пасаду кіраўніка спраў Віцебскага аблвыканкама.

Даслоўна

Не памыляецца той, хто нічога не робіць

Сваімі планамі прызначэнцы падзяліліся не толькі з Прэзідэнтам, але і пасля з журналістамі. Уладзімір Сянчук расказаў, што Камянецкі раён яму знаёмы. «Я ведаю, што неабходна зрабіць для таго, каб ён далей развіваўся. Кіраўнік дзяржавы шмат увагі ўдзяліў рабоце з кадрамі, справядліваму стаўленню да людзей, якія працуюць на зямлі. Акцэнт зроблены на развіццё аграрнага сектара. У раслінаводстве — выкананне севазвароту, у жывёлагадоўлі — вырошчванне буйной рагатай жывёлы. Асноўнае для нас — атрыманне малака, паколькі гэта самая рэнтабельная сельска-гаспадарчая прадукцыя. І, канешне, акцэнт на захаванне пагалоўя жывёлы», — адзначыў Уладзімір Сянчук. Ён расказаў, што як кіраўнік дае магчымасць кожнаму супрацоўніку прымаць рашэнні і несці адказнасць за вынікі. Канешне, з правам на памылку. «Не памыляецца той, хто нічога не робіць. І я стараюся максімальна падтрым-ліваць ініцыятыву», — падзяліўся Уладзімір Сянчук.

Алег Макарэвіч, старшыня Дубровенскага райвыканкама, расказаў, што ўсе заўвагі і пажаданні Прэзідэнта прыме да ўвагі. «Наша задача — аператыўна ўнікнуць у сітуацыю ў раёне і арганізаваць работу так, каб атрымаць станоўчыя вынікі. Ёсць праблемы. Раён прыгранічны, і ёсць праблемы з міграцыяй працаздольнага насель-ніцтва, адтокам кадраў. На гэтыя моманты буду звяртаць пільную ўвагу», — адзначыў ён.

Валерыя Сцяцко

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю