У апошні дзень 2025 года Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з прадукцыяй і новымі распрацоўкамі аднаго з вядучых прадпрыемстваў краіны, якое спецыялізуецца на вытворчасці спажывецкай электронікі і бытавой тэхнікі. Беларускі лідар даў афіцыйны старт масавай рабатызаванай вытворчасці тэлевізараў са штучным інтэлектам, пагутарыў з працоўным калектывам, а таксама навучэнцамі дзіцячага цэнтра «Гарызонт» і іх бацькамі, адказаў на пытанні журналістаў.
Сучасны «Гарызонт» — гэта адкрытая вытворчая экасістэма поўнага цыклу, якая ўключае ўсе этапы стварэння інавацыйных рашэнняў: ад распрацоўкі апаратнай і праграмнай часткі да масавай вытворчасці гатовых вырабаў. Уласны R&D цэнтр, які налічвае больш за 400 распрацоўшчыкаў, схематэхнікаў, прамысловых дызайнераў і праграмістаў, уяўляе сабой унікальную навукова-вытворчую пляцоўку, дзе ствараюцца новыя прадукты, праводзяцца эксперыменты і знаходзяцца аптымальныя рашэнні задач.
«Гэта добры прыклад, што гэта трэба ўсё захоўваць»
Генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Гарызонт» Юрый Прадко праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб выніках работы прадпрыемства, перспектывах яго развіцця. Ëн далажыў, што на сучасным рабатызаваным тэлевізійным заводзе, які з’яўляецца самым інавацыйным корпусам прадпрыемства, сабралі найлепшыя сусветныя тэхналогіі, спецыялісты прайшлі адпаведную падрыхтоўку.
«Усяго ў холдынг „Гарызонт“ уваходзіць 17 прадпрыемстваў, дзе працуе каля 4,5 тысячы супрацоўнікаў, — канкрэтызаваў гендырэктар. — Моладзі — амаль 30 %, кожны трэці. Аплата працы за апошнія пяць гадоў вырасла больш чым на 306 %, заробак павялічыўся на 285 %. За пяцігодку рост вытворчасці павялічыўся ў тры разы, выручка павялічылася ў 3,3 раза».

Юрый Прадко ўказаў на высокія экспартныя паказчыкі. Пры гэтым дадаў, што прадпрыемства нясе значную сацыяльную нагрузку. На балансе холдынга — 8 дзіцячых садкоў, 4 аздараўленчыя лагеры, круглагадовы санаторый, спартыўны, адукацыйны і медыцынскі цэнтры, 4 інтэрнаты.
Прэзідэнт даў высокую ацэнку гэтай рабоце і выказаў удзячнасць кіраўніку прадпрыемства за ўвагу да сацыяльнай сферы.
«Такі трэнд быў у Беларусі: усе хацелі вызваліцца ад сацыяльнай сферы», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Ëн падкрэсліў, што ў савецкі час разумна ставіліся да стварэння вытворчасцяў, замацоўваючы за імі дзіцячыя садкі, медустановы, санаторыі, прафілакторыі.
«Потым — рынак: „Гэта не трэба, гэта няпрофільна, давайце аддадзім гарвыканкаму“, а ў таго гарвыканкама — тысячы такіх аб’ектаў, — згадаў кіраўнік дзяржавы. — Я тады катэгарычна сказаў: „Не, нічога не будзем аддаваць“. І ты (гендырэктар холдынга. — „Зв“.) малайчына, што гэта ўсё захаваў. Гэта самае галоўнае. Гэта ж вялікая нагрузка. Гэта вялікі „цэх“. Добры прыклад, што гэта трэба ўсё захоўваць. За гэта дзякуй».
Гендырэктар адзначыў, што ўвага да сацыяльнай сферы падымае імідж прадпрыемства. Па яго словах, на наступную пяцігодку холдынг ставіць задачу нарасціць вытворчасць на 36 %, павялічыць экспарт амаль на 40 %, прадукцыйнасць працы — практычна на 50 %, а сярэдні заробак — на 37 %.
«Нам патрэбны вынік»
Прэзідэнт узяў удзел у цырымоніі запуску аўтаматызаванай і рабатызаванай вытворчасці тэлевізараў са штучным інтэлектам, якая не мае аналагаў у краінах СНД і Еўропе, пасля чаго азнаёміўся з рабатызаванай вытворчасцю тэлевізараў, новымі распрацоўкамі прадпрыемства.
Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі макет аўтаматызаванай даільнай устаноўкі на аснове рабатызаванага маніпулятара з элементамі штучнага інтэлекту. На дадзеным этапе даільны робат не гатовы да масавай вытворчасці, але дзейнасць над укараненнем яго ў працэс вядзецца. Як звярнуў увагу гендырэктар холдынга, распрацоўкай даільнага робата на прадпрыемстве заняліся ў ініцыятыўным парадку.
«Зробіце — не пашкадуем нічога для вас, — падкрэсліў, звяртаючыся да распрацоўшчыкаў, Аляксандр Лукашэнка. — Для нас гэта важна».
Беларускі лідар расказаў, што на яго ўласнай ферме для даення выкарыстоўваюцца робаты. Даяркі, у якіх кіраўнік дзяржавы пастаянна цікавіцца працэсам даення, сведчаць, што робат працуе добра.
«Гэта наша будучыня, калі мы хочам працягваць забяспечваць уласную харчовую бяспеку, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Калі, мужыкі, вы гэта зробіце — вы вялікую справу зробіце. Вы потым гэта адчуеце. Гэта вельмі важна. На вельмі высокі ўзровень мы паднялі гэту справу. Нам патрэбны вынік».
Прэзідэнт падзяліўся, што быў здзіўлены, калі даведаўся аб тым, што менавіта «Гарызонт» будзе «даіць кароў». Ëн падкрэсліў, што беларусы ўсё ўмеюць рабіць. «Можам рабіць усё, а не робім, усё чагосьці чакаем, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Чаго мы чакаем? Наперад, трэба ісці наперад».
«Вы — будучыня краіны»
Пасля знаёмства з вытворчым працэсам і распрацоўкамі прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з супрацоўнікамі холдынга, а таксама навучэнцамі дзіцячага цэнтра «Гарызонт» і іх бацькамі.
Прэзідэнт павіншаваў прысутных з Новым годам і расказаў, чаму ў гэты дзень прыехаў менавіта на «Гарызонт», улічваючы, што абы-дзе беларускі лідар 31 снежня не бывае.
«Я прыязджаю туды, дзе будзе і сімвалічна, і паказальна, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Вы — будучыня краіны. Такія прадпрыемствы, як вы, — будучыня краіны. Мне прапанавалі варыянты. Я сказаў: „Я паеду ў будучыню“. Вядома, мы вас будзем „грузіць“. І будзем іншых „грузіць“, каб яны прыязджалі сюды і бачылі, куды будзе развівацца краіна, у якім кірунку. Тое, пра што вы сёння мне расказваеце, я нават асэнсаваць не магу — гэта настолькі ўнікальнае і новае».

Яшчэ адна прычына наведвання Прэзідэнтам менавіта гэтага прадпрыемства, па яго словах, звязана з настальгіяй. «Куды ад яе дзенешся? Я некалькі хвілін таму ўспомніў: мой першы візіт у сярэдзіне 1990-х быў на «Гарызонт». Я памятаю гэта прадпрыемства. «Гарызонт» — гэта не тое, што цяпер: 17 прадпрыемстваў, холдынг. Цяпер гэта магутнае вытворчае аб’яднанне, — канстатаваў беларускі лідар. — І, як мне кажуць (я ў гэта не вельмі веру), але кажуць, што працуеце вы нядрэнна. Увесь холдынг, усе прадпрыемствы. Ну дай бог, каб было так. Таму, калі мне прапанавалі прадпрыемства, я сказаў, што на «Гарызонт» паеду. Бо гэта маё «прэзідэнцкае юнацтва».
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што такія прадпрыемствы, як «Гарызонт», і далей будуць падтрымлівацца дзяржавай. «Мы не пашкадуем сродкаў на тое перспектыўнае, што вы ў тым ліку будзеце ствараць, — падкрэсліў ён. — Мой сённяшні візіт — гэта сімвалічны візіт, прыезд да вас, каб паказаць, што вы ў авангардзе нашай прамысловай вытворчасці. І на такіх, як вы, мы будзем рабіць стаўку. Будзем падтрымліваць, будзем дапамагаць».
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што «Гарызонт» і ўсе прадпрыемствы, якія ўваходзяць у холдынг, маюць добры эканамічны вынік. «Пад гэта мы вам будзем усяляк дапамагаць, бо, калі рубель уклаў, вы вернеце дзесяць рублёў: і сабе, і дзяржаве будзе карысць», — адзначыў ён.
«Мы ў авангардзе»
Аляксандр Лукашэнка ўказаў на неабходнасць развіцця высокіх тэхналогій і штучнага інтэлекту — працэсаў, ад якіх Беларусь не павінна адстаць. «Можа, нам і хацелася б, у тым ліку і вашаму генеральнаму дырэктару, затармазіць час, каб чалавек займаў цэнтральнае месца ў гэтай вытворчасці, але жыццё не спыніш, — канстатаваў Прэзідэнт. — Калі мы затармозім, спынімся з гэтым штучным інтэлектам, краіны пойдуць далёка наперад, а мы будзем плесціся ў хвасце. А так мы ў авангардзе. Свет развіваецца, і вы не згубіліся. Вы ідзяце ў трэндзе, як цяпер моладзь кажа. Гэта нельга страціць, гэта будучыня. Але пажадана, каб усё гэта вы рабілі самі».

У якасці аднаго з прыкладаў перспектыўных і важных распрацовак прадпрыемства кіраўнік дзяржавы назваў аўтаматызаваную даільную ўстаноўку на аснове рабатызаванага маніпулятара з элементамі штучнага інтэлекту, макет якога яму прадставілі. «Малочныя прадукты ўсе любяць: пачынаючы ад сыркоў і заканчваючы марожаным. А ўсё гэта малако, харчовая бяспека. Таму кароў трэба будзе даіць», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка, удакладніўшы, што цяперашніх жанчын да такой працы складана прыцягнуць.
У размове з калектывам прадпрыемства кіраўнік дзяржавы закрануў і тэму дэмаграфічнай бяспекі. Паводле яго слоў, колькасць насельніцтва на Захадзе пачала змяншацца. «І мы ў гэты „трэнд“ трапілі, — заўважыў Прэзідэнт. — Будзем думаць, як усё ж такі нашу моладзь, жанчын, сем’і прымусіць нараджаць або прапанаваць нараджаць траіх. Будуць трое, хоць бы трое, тады краіна будзе жыць і развівацца».
«Мірнае неба над галавой — гэта галоўнае»
Прадстаўнікі працоўнага калектыву, навучэнцы дзіцячага цэнтра «Гарызонт» і іх бацькі выказалі падзяку Прэзідэнту за палітыку, якая праводзіцца ім па захаванні міру ў Беларусі, за ўвагу і клопат дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на фоне складанай абстаноўкі ў свеце і ў суседніх з Беларуссю краінах людзі пачалі больш цаніць мір і разумець, наколькі дальнабачныя былі больш старэйшыя пакаленні, якія лічылі мірнае неба над галавой самым важным прыярытэтам. «Сёння і мы ўжо гаворым пра тое, каб было мірнае неба над галавой. Гэта галоўнае», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Па яго словах, у свеце нямала прыкладаў, калі з-за ўзброеных канфліктаў знішчаецца вытворчая інфраструктура. Адзін з іх — удар расійскім «Арэшнікам» па заводзе «Поўдзеньмаш» ва Украіне.

«Велізарнае прадпрыемства, было ўнікальнае ў Савецкім Саюзе, там 5-7 паверхаў пад зямлёй (усе рыхтаваліся да ядзернай вайны), — прывёў прыклад беларускі лідар. — І вось „Арэшнік“ нанёс па заводзе „Поўдзеньмаш“ адзін удар, і такога вялізнага прадпрыемства, унікальнага ў свеце, не стала ў адну хвіліну. Я ўжо не гавару, колькі людзей загінула. Калі ёсць мір, мы ўсё зробім, што нам трэба. Чаго ў нас няма, мы купім. Але для гэтага патрэбен мір, гэта — аснова. Таму мы будзем рабіць усё, каб вы маглі працаваць, жыць спакойна і ствараць будучыню. Мы будзем старацца гэта ўсё для вас зрабіць».
Кіраўнік дзяржавы заклікаў усіх цаніць тое, што ёсць у Беларусі, і ўсім разам прымнажаць існуючыя дасягненні. Тым больш, што ёсць такія пазітыўныя прыклады сучаснага, эфектыўнага развіцця, як холдынг «Гарызонт», за якімі — будучыня.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў калектыў прадпрыемства і беларусаў у цэлым не імкнуцца кудысьці на Захад. «Не імкніцеся кудысьці, не трэба. Там нас не чакаюць. А калі чакаюць, то памыць посуд, яшчэ чагосьці, — папярэдзіў Прэзідэнт. — Некаторыя збеглі, цяпер просяцца назад. Збегчы проста, а вярнуцца складаней. Хоць мы робім усё для таго, каб тыя, хто ачумеў у свой час, маглі вярнуцца дадому і працаваць. На „Гарызонце“ таксама былі такія».
«Галоўнае — наша зямля»
Кіраўнік дзяржавы станоўча адазваўся аб існуючай на «Гарызонце» традыцыі перыядычна прыводзіць у цэхі дзяцей і знаёміць іх з вытворчасцю. Бо менавіта за такімі флагманскімі прадпрыемствамі — будучыня краіны, і сюды будуць імкнуцца на працу прадстаўнікі падрастаючага пакалення.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Мы нарэшце зразумелі, што галоўнае — наша зямля. І гэтыя канвееры рабатызаваныя павінны стаяць у нас. Таму тое, што вы дзетак праведзяце па цэху, пакажаце ім, — гэта ў іх застанецца назаўжды. Дзіцячыя мары і ўражанні запамінаюцца назаўсёды. Гавару так, бо ўсё, што было ў дзяцінстве, я памятаю ў дэталях. Таму гэта вельмі добрая традыцыя».
Пасля размовы з калектывам «Гарызонта» кіраўніку дзяржавы ўручылі сімвалічныя і арыгінальныя падарункі — планшэт вытворчасці пардпрыемства і выраб ад выхаванцаў дзіцячага цэнтра.
«Гэта найдзічэйшы тэрарызм»
Нягледзячы на перадсвяточную атмасферу, закраналася падчас візіту на «Гарызонт» і не зусім святочная тэма. Журналісты пацікавіліся меркаваннем беларускага лідара наконт атакі ўкраінскіх дронаў на рэзідэнцыю Уладзіміра Пуціна.
«Гэта найдзічэйшы тэрарызм на самым высокім дзяржаўным узроўні, калі гэта так, як цяпер падаецца», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах кіраўніка дзяржавы, ён думае аб тым, каму гэта трэба было, да чаго гэта магло прывесці. «Ну, каму трэба, — я падазраю, хто там стаіць за Уладзімірам Аляксандравічам Зяленскім, — удакладніў беларускі лідар. — Думаю, што калі ён да гэтага і датычны, то ён не ведаў, што ён робіць».

Прэзідэнт заўважыў, што ў Расіі ёсць і былі ўсе магчымасці для таго, каб нанесці ўдар па той ці іншай рэзідэнцыі Зяленскага, калі ён там будзе знаходзіцца. «Я вам нават больш скажу: калі прымянілі першы раз „Арэшнік“, некаторыя гарачыя галовы (мне Пуцін расказваў, мы абмяркоўвалі) прапаноўвалі: „Вось па гэтых тэрарыстах і гэтак далей трэба нанесці другі ўдар, а то і па цэнтрах прыняцця рашэнняў“, — праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка. — Пуцін катэгарычна з парога адхіліў гэту ідэю».
Па словах кіраўніка дзяржавы, у ходзе гэтага канфлікту так склалася сітуацыя, што ні адзін з бакоў не атакаваў першую асобу другога боку. «Так склалася, што ніхто нікога не спрабаваў забіць з кіраўнікоў дзяржаў, — дадаў ён. — Ніхто гэтага не рабіў. Гэта ж па-чалавечы. І тут — спроба нанясення ўдару па адной з рэзідэнцый Прэзідэнта (Уладзіміра Пуціна. — „Зв“.)».
Па меркаванні беларускага лідара, у гэту рэзідэнцыю яго расійскага калегі прыязджалі многія замежныя госці. «Памятаю, Пуцін мне расказваў аб візіце Гельмута Коля (былы Федэральны канцлер Германіі. — „Зв“.), германскага лідара, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Там (у рэзідэнцыі, якую спрабавалі атакаваць украінскія дроны. — „Зв“.) можна ўбачыць, што такое Расія. Слухайце, Пуцін не бывае ў гэтай рэзідэнцыі. Толькі калі былі нармальныя адносіны з Захадам, іншымі дзяржавамі, прыязджалі кіраўнікі дзяржаў. Што, украінцы не ведалі, што Прэзідэнт там практычна не бывае? Ведалі. Тады навошта было столькі беспілотнікаў накіроўваць у гэта месца? Сэнсу ж ніякага няма. Гэта што, на полі бою зменіць сітуацыю? Не, не зменіць».
Па словах беларускага лідара, дачыненне Уладзіміра Зяленскага да гэтай атакі неістотнае. «Гэта сведчыць аб высокай небяспецы, што Украіна ўжо малакіруемая, калі ён (Зяленскі. — „Зв“.) не стаіць за гэтым, — заўважыў Прэзідэнт. — Вось над чым я думаю і на чым засяроджаны сёння. Гэта дзікасць, глупства, вар’яцтва. Гэтага не трэба было рабіць абсалютна, бо гэта непатрэбна. Вось так я расцэньваю гэта».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што час пакажа, што гэта было і што за гэтым стаіць.
«Ім верыць нельга»
Прэзідэнт Беларусі расказаў, як перасцерагаў свайго расійскага калегу Уладзіміра Пуціна ад небяспекі замаху.
«Узгадаў размову з Пуціным, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Па-мойму, гэта было перад БРІКС у Паўднёвай Афрыцы. Чамаданы збірае. Я гавару: „Ты куды?“ „Ды ты што, не ведаеш? У нас жа БРІКС“ (адказаў Уладзімір Пуцін. — „Зв“.). Гавару: „Ты што, сабраўся туды ляцець?“ Такая сяброўская, брацкая размова».
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў свайго калегу, што Расія — краіна, якая ваюе, а таму ў мэтах бяспекі не варта туды ехаць. Замест Уладзіміра Пуціна тады на саміт паляцеў міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў. «Можа, не таму, што я націснуў, але я яму выказаў сваё меркаванне», — прывёў дэталі той размовы Аляксандр Лукашэнка.
Ëн удакладніў, што гэта была не проста вясковая размова. «Наша разведка (малайцы яны, у апошні час працуюць нядрэнна) нас інфармавала, — адзначыў беларускі лідар. — На ўзроўні там размоў, плётак з Захаду, што рыхтуецца тэрарыстычны акт супраць Прэзідэнта Расіі. І я яму часта гавару: «Вайна ідзе, не трэба туды лётаць. Калі камусьці трэба, яны да цябе прыляцяць, Вось ён паклікаў нас у Піцер. Яго найбліжэйшыя сябры прыляцелі туды. Прыляцяць і іншыя. І Сі Цзіньпін прыляціць, і з Ірана, з іншых краін прыляцяць людзі. Але трэба неяк акуратней. Гэтым людзям давяраць нельга. Але, кажу, табе (Уладзіміру Пуціну. — „Зв“.) лепш відаць, ты ў гэтай сферы працаваў, гэта ваша сфера (чэкісцкая), табе лепш відаць. Вось такая нейкая была не бестурботнасць, а страта пэўнай пільнасці».
Пасля спробы атакі на рэзідэнцыю расійскага лідара Аляксандр Лукашэнка падумаў, наколькі ён меў рацыю, калі папярэджваў і перасцерагаў свайго старэйшага брата. «Зразумела, што ўсе яны на Захадзе разумеюць: прыбраць Пуціна — усё будзе па-іншаму, — заўважыў Прэзідэнт. — Да гэтага трэба ставіцца сур’ёзна. Я пра гэта расказваю ўпершыню сёння, бо не трэба быць бестурботным. Яны падманвалі, і гэта ён прызнае, пастаянна».
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сітуацыі ў самым пачатку супрацьстаяння ў 2022 годзе. «Першыя месяцы і нават тыдні, калі расійскія войскі былі ў Кіеве, — удакладніў ён. — І тады католікі, яўрэі — яны былі, два гэтыя магутныя кланы, наперадзе: „Ох, трэба заканчваць вайну...“ І Пуцін гаворыць: „Так, трэба заканчваць“. Па мордзе надавалі адзін аднаму, давайце спынімся».
Аднак таго, у чым запэўнівалі Прэзідэнта Расіі, не адбылося. «Спыніліся? Не спыніліся. Гэта значыць ім верыць нельга», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Ëсць мірны трэк — ідзём па ім»
Прэзідэнт не выключае, што мэтай атакі дронамі на рэзідэнцыю Прэзідэнта Расіі ў Наўгародскай вобласці быў зрыў перагаворнага працэсу па мірным урэгуляванні канфлікту ва Украіне.
«Можа, яны хацелі справакаваць Пуціна ў момант, калі ўжо мір вось побач, — выказаў меркаванне беларускі лідар. — Каб сарваць гэты перагаворны працэс. Ëсць такое меркаванне: што Пуцін пойдзе на нейкую эскалацыю, што ён адмовіцца ад мірнага шляху. А сёння раніцай я ўжо заўважыў: нічога падобнага. У гэтым увесь Пуцін. Ён не мітусіцца. І ён мае рацыю. Не трэба спяшацца. Ëсць мірны трэк — ідзём па ім. Ну, калі хтосьці не хоча і будзе такія правакацыі працягваць, чым гэта скончыцца — таксама зразумела».
Прэзідэнту ёсць што ў гэтай сувязі параіць украінскаму боку. «Ім рай, не рай — яны ўсё роўна робяць па-свойму ва Украіне, — заўважыў ён. — Але проста папярэдзіць хачу, што гэта скончыцца бядой. У Расіі ёсць чым бахнуць па цэнтрах прыняцця рашэнняў, што каменя на камені не застанецца».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба спыніць гэты канфлікт. «Трэба, каб у будучым годзе ўсё-такі дамовіліся аб міры, — заявіў беларускі лідар. — І я б вельмі хацеў, каб у гэтым плане Дональд Трамп быў шчыры. Каб гэта не было гульнёй або спектаклем, дзе адну і тую ж ролю іграе Трамп і Захад у цэлым або еўрапейскія дзяржавы. Нешта я так падазраю, што там нашы „браты“-англічане стаяць за гэтым».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што такія моманты, калі ажыццяўляецца тэрарыстычная атака на Прэзідэнта, з’яўляюцца рэдкасцю. «І так не бывае, каб нехта вялікі гэта не адобрыў. Гэта з вопыту», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. Ëн удакладніў, што трэба час, каб гэта ўсё асэнсаваць.
«Уладзіміру Аляксандравічу (Зяленскаму. — „Зв“.) не трэба гэтым шляхам ісці, — парэкамендаваў беларускі лідар. — І так загубіў квітнеючую частку Еўропы. Ну, даб’е канчаткова. Не трэба яму гэтым шляхам ісці. Трэба, пакуль не позна, дамовіцца».
Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА