Брэсцкая вобласць з’яўляецца флагманам жывёлагадоўчай галіны, на працягу многіх гадоў займае лідзіруючыя пазіцыі па прадукцыйнасці жывёлы і ўносіць свой важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны. А, напрыклад, два дзесяцігоддзі таму галоўнай задачай называлі дасягненне агульнарэспубліканскіх паказчыкаў. Цяперашні стан галіны стаў магчымым у выніку сістэмнай работы цэлай каманды спецыялістаў кіравальнага звяна і працаўнікоў на месцах. Як не збаўляць тэмпу, высока трымаць марку, гаварылі на нарадзе па выніках работы жывёлагадоўлі рэгіёна ў 2024 годзе. Нарада прайшла ў Баранавіцкім раёне.
Комплекс замкнёнага цыкла ў Магілянах
Дзелавое мерапрыемства пачалося з урачыстага складальніка. Пасля рэканструкцыі адкрылі малочнатаварны комплекс у Магілянах ААТ «Птушкафабрыка «Дружба». Ён уяўляе сабой вытворчасць замкнёнага цыкла. Пасля рэканструкцыі гэтая суперферма разлічана на ўтрыманне 3,4 тысячы галоў, у тым ліку 1,2 тысячы — дойнага статка. На цырымоніі адкрыцця генеральны дырэктар ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» Андрэй Мулярчык сказаў, што работы вяліся па дзяржаўнай праграме «Аграрны бізнес». На новым малочнатаварным комплексе прыменены найноўшыя тэхналогіі. У выніку яго ўводу ў строй былі закрыты чатыры малыя фермы. Будаўніцтва аб’екта вялося два гады, кошт склаў каля 44 мільёнаў рублёў. З іх палова — уласныя сродкі, палову выдаткаваў Банк развіцця ў якасці крэдыту.
Сёння комплекс часткова працуе. Па выніках мінулага года ўдой на карову склаў каля 8000 кілаграмаў. На поўную праектную магутнасць «фабрыка малака» выйдзе да канца 2025 года. Чакаецца надой на карову каля 9000 кілаграмаў, а валавы ўдой — 9,5 тысячы тон.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык павіншаваў калектыў прадпрыемства са знакавай падзеяй і падкрэсліў, што будаўніцтва сучасных жывёлагадоўчых комплексаў становіцца прыярытэтнай задачай для сельскай гаспадаркі: «Узвядзенне і рэканструкцыя ідуць у вобласці строга ў адпаведнасці з планам, выконваем даручэнне Прэзідэнта краіны», — сказаў губернатар.
Стаўка на сістэмны падыход
Пленарнае пасяджэнне адбылося ў актавай зале ААТ «Агракамбінат «Мір». На нарадзе разгледзелі вынікі работы жывёлагадоўлі ў мінулым годзе і паставілі задачы на год бягучы. У гэты дзень не раз звярталіся да статыстыкі. Яна найбольш красамоўна адлюстроўвае работу галіны. Брэсцкую вобласць традыцыйна называюць аграрнай. У структуры эканомікі рэгіёна сельская гаспадарка складае больш за 14 %. Калі дадаць галіну перапрацоўкі, то гэта будзе звыш паловы ўсёй народнай гаспадаркі. Асновай аграпрамысловага комплексу рэгіёна з’яўляецца жывёлагадоўля, якая дае болей чым 80 % выручкі. А 60 % эканомікі жывёлагадоўчай галіны складае рэалізацыя малака. Важна разглядаць працэсы ў дынаміцы.
Дык вось па выніках мінулага года пагалоўе кароў павялічана больш чым на 2,2 тысячы галоў, вытворчасць малака — на 7,4 %, сярэдні ўдой на карову ўзрос на 6,4 %, вырошчванне жывёлы і птушкі вырасла на 4,1 %. Брэстчына па-ранейшаму застаецца на першым месцы ў краіне па надоях малака ад каровы, гэты паказчык склаў летась 7731 кілаграм. Першую прыступку рэгіён займае ўжо восем гадоў. А Іванаўскі і Брэсцкі раёны даўно перасягнулі мяжу ў 9000 кілаграмаў.
Нездарма адным з самых паспяховых праектаў у эканоміцы Брэсцкай вобласці спецыялісты называюць развіццё малочнай жывёлагадоўлі. Праект стаў не толькі эканамічным, інвестыцыйным, але і цалкам сацыяльным. Зразумела чаму: з уводам у строй новых фермаў вырашаюцца пытанні занятасці на сяле, павышэння зарплаты, росту ўзроўню жыцця, развіцця сферы паслуг.
Менавіта з улікам запатрабаванасці прадукцыі жывёлагадоўлі на знешніх і ўнутраным рынках быў выбраны гэты кірунак. Землі ў рэгіёне не самыя ўрадлівыя, а ўтрыманне буйной рагатай жывёлы не патрабуе пераважнай колькасці збожжа ў кармавой базе, як скажам, свінагадоўля альбо птушкагадоўля. Карова, як вядома, акрамя камбікорму, спажывае траву ў розных выглядах.
Штуршком жа для развіцця стала будаўніцтва і мадэрнізацыя малочнатаварных фермаў у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта ад 2009 года. З той пары штогод у вобласці ўводзяць у эксплуатацыю па некалькі дзясяткаў новых альбо рэканструяваных жывёлагадоўчых комплексаў. Такіх жа сучасных, якім стаў комплекс у Магілянах.
База ёсць, таму на бягучы год пастаўлены не менш амбіцыйныя задачы. Належыць павялічыць пагалоўе кароў да 300 тысяч галоў, а вытворчасць малака давесці да 2,4 мільёна тон, павялічыўшы на 4,6 %. Мяркуючы па лічбе плана на 8000 тысяч тон, аграрыі не збіраюцца саступаць першынство па паказчыку надояў малака ад каровы. Стаіць задача таксама забяспечыць вытворчасць жывёлы і птушкі ў аб’ёме не менш за 346,5 тысячы тон. Таму лагічным выглядае запланаваны тэмп росту вытворчасці збожжа і рапсу на 14 %.
На нарадзе яшчэ раз падкрэслілі, што стаўка робіцца на комплексны, сістэмны падыход. Гэта найперш мадэрнізацыя вытворчасці, укараненне новых тэхналогій. Аднак не менш значнымі выглядаюць кармавая база, генетыка і племянная работа, вырошчванне маладняку, аднаўленне статка. Асаблівы ўпор цяпер — на інфарматызацыю працэсаў. Калі сёння гаворыцца, што жывёлаводы трымаюць першыя пазіцыі ў краіне, то гэта азначае паглыбленую работу па паляпшэнні якасных паказчыкаў малочнай прадукцыі і аднаўленчай здольнасці жывёлы, а таксама павышэнне яе генетычнага патэнцыялу, пароднага складу.
Фота з адкрытых крыніц