Top.Mail.Ru

Новы выставачны праект адкрыўся ў гонар 20-годдзя будынка НББ

Роўна 20 гадоў таму новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўпершыню расчыніў свае дзверы перад наведвальнікамі. У гонар гэтага знакавага мерапрыемства 16 чэрвеня ўрачыста адкрыўся выставачны праект «Codices librorum. Кніжныя коды».


У экспазіцыі — рэдкія дакументы і фатаграфіі, якія расказваюць пра ключавыя моманты ў гісторыі стварэння Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, арт-кнігі — унікальныя выданні, якія выходзяць за межы традыцыйнага паліграфічнага фармату, а таксама прадметы мастацтва і рэдкія выданні, якія дэманструюць эвалюцыю кніжнага майстэрства.


Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктара Пшыбыткі, галоўная бібліятэка была і застаецца ўнікальным шматфункцыянальным бібліятэчным цэнтрам, носьбітам чалавечых духоўных каштоўнасцей, захавальніцай культурнай спадчыны нашай краіны, яе нацыянальнай памяці.



— Яе галоўная місія і галоўная функцыя — гэта збор, захаванне і прадастаўленне цяперашнім і будучым пакаленням беларускай нацыянальнай дакументнай спадчыны. Трэба сказаць, што ва ўмовах старога будынка выконваць гэтую функцыю было дастаткова складана. Мы працавалі ва ўмовах з абмежаванымі магчымасцямі па забеспячэнні захаванасці дакументаў, абслугоўвання карыстальнікаў, работы дапаможных службаў. Бібліятэка была раскідана па розных будынках па ўсім горадзе, і ў гэтых умовах ёй было складана выконваць тыя шматфункцыянальныя задачы, якія былі на яе ўскладзены, — падзяліўся ён. — XXI стагоддзе азнаменавана ўзвядзеннем новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якое было ініцыявана ўказам Прэзідэнта ў сакавіку 2002 года. І ўжо 16 чэрвеня 2006 г. алмаз ведаў расчыніў дзверы для сваіх першых наведвальнікаў. Нашы фонды атрымалі ўнікальныя магчымасці і ўмовы для захаванасці дакументаў.



Таксама ён падкрэсліў, што назва выставы «Codices librorum. Кніжныя коды» вельмі сімвалічная.

— Коды і бібліятэка непарыўна звязаны, таму што бібліятэкары падчас сваёй работы выкарыстоўваюць вялікую колькасць кодаў. І часам ведаюць іх толькі яны самі. Тым не менш дзякуючы гэтаму нашы чытачы атрымліваюць магчымасць правільнага і рэлевантнага пошуку дакументаў, — сказаў на заканчэнне ён.



Таксама ў рамках адкрыцця выставы адбылося ўрачыстае ўручэнне прэміяльных чытацкіх білетаў самым актыўным карыстальнікам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Наведаць выставу можна ў атрыуме 2-га паверха да 30 верасня 2026 года.



Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю