Задачы, што датычацца раўнадолевага фінансавання, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі з гонарам выканаў, паведаміла напярэдадні адкрыцця сезона яго генеральны дырэктар Кацярына ДУЛАВА. Летась удалося выйсці на 51 %, а сёлета, хоць год яшчэ не скончаны, па выніках трох кварталаў ужо перасягнулі лічбу ў 50 %.
Усе паказчыкі вытворчага плана выкананы з апярэджаннем. Павялічылася колькасць спектакляў, колькасць гледачоў вырасла на 4,5 %, даходы тэатра — на 22,5 %. Пазабюджэтныя сродкі выкарыстоўваюцца на творчыя праекты, гастролі. Ці ёсць бонус ад дзяржавы за паспяховае выкананне задач?
«Ёсць дзяржаўная субсідыя. Яна сёння супадае з тым, што павінен зарабіць тэатр. Прэзідэнт, калі сустракаўся з намі ў Купалаўскім тэатры, сказаў: „Колькі заробіце — столькі і атрымаеце“... На працягу апошніх двух гадоў мы перапрацоўваем — на мільён, на два мільёны рублёў. Гаворка пра тое, што трэба забяспечыць усе нашы пастаноўкі, палову з выдаткаў на якія пакрывае дзяржава, а палову — сам тэатр, — удакладніла Кацярына Дулава. — Калі па выніках года пасля ўсіх праверак аказваецца, што мы перапрацавалі субсідыю, то нам гэта яшчэ кампенсуецца. Гэтыя сродкі ствараюць дадатковыя магчымасці, напрыклад 13-й зарплаты для супрацоўнікаў».
Вялікі тэатр — насамрэч вялікі калектыў. У новым сезоне яго шэрагі папоўнілі 20 маладых спецыялістаў. У трупу оперы прыйшоў 1 чалавек, самае вялікае папаўненне —
у трупы балета, адразу 11 чалавек, па 2 чалавекі ў аркестр і хор, яшчэ 2 — канцэртмайстры балета. І яшчэ прыйшоў грымёр і спецыяліст у пашывачны цэх (і сёння тэатр мае неабходнасць у такіх спецыялістах, як машыністы сцэны, манціроўшчыкі, грымёры, супрацоўнікі пашывачнага цэха).
У Вялікім тэатры добрыя паказчыкі і па замацоўванні маладых спецыялістаў. Сёлета 94 % выпускнікоў 2024 года застаюцца ў тэатры (у мінулыя гады было каля 60-70).

Гледачы звычайна радуюцца, калі ўсё адбываецца, як мае быць, і выходзіць новы спектакль. Але мала хто задумваецца, што кожны раз гэта дадае новыя дэкарацыі
і сотні касцюмаў, якія трэба недзе захоўваць, а склад адзін,і ён не гумовы. І, як ні дзіва, перад тэатрам паўстала пытанне пашырэння сховішчаў. Таму трэба вырашыць пытанне захоўвання, нават перадачы касцюмаў, часам кідаюць заклік: каму патрэбныя, звяртайцеся...
«Калі гаворка ідзе пра тое, што мы працуем у новых умовах, то трэба ўлічваць выдаткі на транспарціроўку, на арэнду сховішча, — гэта тое, дзе мы маглі б сэканоміць грошы, — тлумачыць Кацярына Дулава. — Нам патрэбна знайсці дадатковае месца. Тэатр выкарыстоўвае свае магчымасці — калі мы выстаўляем касцюмы, прадметы бутафорыі — у нас багаты запас, бо вялікая колькасць спектакляў была ў розныя часы і ёсць сёння».
У новым сезоне Вялікі тэатр плануе чатыры прэм’еры. Першай — і самай інтрыгоўнай — стане ў лістападзе прэм’ера цбалета «Каханне на сцэне. Шагал» у пастаноўцы галоўнага харэографа Ігара Колба (на музыку Іаганеса Брамса, Сяргея Пракоф’ева, Альфрэда Шнітке і сучаснага беларускага кампазітара Андрэя Зубрыча). У рамках Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму прадставяць камічную оперу Джаакіна Расіні «Італьянка ў Алжыры». У сакавіку чакаем «Шукальнікаў жэмчугу» Жоржа Бізэ ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Ганны Маторнай. І яшчэ адзін балетны праект у рамках майстэрні маладых харэографаў на музыку беларускіх кампазітараў.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА