Top.Mail.Ru

Новы спосаб выкарыстоўваць кур’ераў: забіраць на пошце скрынкі з грашыма

Сталічныя праваахоўнікі затрымалі маладога мінчаніна, які, як высветлілася, стаў ахвярай новай схемы падману ад тэлефонных ашуканцаў.


Па словах начальніка аддзела Упраўлення крымінальнага вышуку ГУУС горада Мінска Сяргея Кухарчыка, сышчыкамі ўстаноўлена, што жыхар сталіцы атрымаў пісьмо нібыта ад «Белпошты» і прадыктаваў зламыснікам код з SMS. Пасля гэтага яму патэлефанавалі ў месенджары пад выглядам праваахоўнікаў і паведамілі, што яго падазраюць у дропінгу, гэта значыць у саўдзеле ў злачынстве, калі чалавека (дропа) выкарыстоўваюць як пасрэдніка для вываду або абнаяўлівання выкрадзеных грошай.

Каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці, яму загадалі выконваць «сакрэтныя заданні».

Запалоханы фігурант спачатку перавёў на крыптакашалёк аферыстаў звыш 20 тысяч рублёў, атрыманых у крэдыт, узятых у яго бабулі і незнаёмай пенсіянеркі. Потым па заданні куратараў у аддзяленні «Белпошты» атрымаў мінімум шэсць пасылак з абуткам. Пад вусцілкамі былі схаваны грошы ашуканых беларусаў, якія думалі, што дэкларуюць свае зберажэнні. Такім спосабам ён атрымаў каля 80 тысяч рублёў, якія таксама пералічыў на крыптакашалёк ашуканцаў.

Па ўсіх гэтых фактах зараз праводзіцца праверка.

Сяргей Кухарчык нагадаў, што не трэба пагаджацца выконваць патрабаванні невядомых людзей, якія тэлефануюць, запалохваюць, патрабуючы пры гэтым забіраць нечыя пасылкі з грашыма ці невядомым змесцівам. Атрымаўшы такую просьбу, варта неадкладна спыніць размову і паведаміць пра гэта ў міліцыю.



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю