Мост цераз Прыпяць на дарозе Лунінец — Столін плануюць здаць да 2027 года. Пра гэта расказаў начальнік аддзела праектавання і тэхналогій ААТ «Мастабуд» Аляксей Федасееў. Паведаміла БелТА.
Адказваючы на пытанне пра бягучыя прыярытэты і планы на 2026 год, Аляксей Федасееў вылучыў два ключавыя аб’екты, якія знаходзяцца ў высокай стадыі гатоўнасці або ў актыўнай фазе будаўніцтва.
Галоўным фокусам увагі стаў мост цераз раку Прыпяць на ўчастку дарогі Лунінец — Столін. Спікер падкрэсліў, што гэты праект рэалізуецца па прамым даручэнні Прэзідэнта з патрабаваннем здаць аб’ект у найкарацейшыя тэрміны — мэтавай датай завяршэння названы 2027 год. Гэта сацыяльна значны аб’ект, які закліканы замяніць цяперашнюю паромную пераправу. Раней лагістыка была складанай: летам працавалі паромы з доўгімі працэдурамі пагрузкі і разгрузкі, а зімой пераправа і зусім не функцыянавала. Цяпер прынята рашэнне пабудаваць паўнавартасны мост і дарогу, растлумачыў ён.
Спікер адзначыў, што для паскарэння працэсу выкарыстоўваецца метад паралельнага праектавання, а на аб’ект накіраваныя максімальныя рэсурсы.
Другім важным кірункам Аляксей Федасееў назваў завяршэнне будаўніцтва моста цераз раку Сож на аўтадарозе Р30 Гомель — Ветка — Чачэрск — Ямнае. Працягласць гэтага збудавання складае 537 м. «Аб’ект вельмі значны і практычна гатовы да завяршэння. У гэтым годзе ўжо будзе завершана будаўніцтва», — сказаў ён.