Top.Mail.Ru
491

Новы корпус пабудуюць для Брэсцкага абласнога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей «Тонус»

У Брэсцкім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі «Тонус» пабудуюць новы лячэбны корпус. Пра гэта паведаміў 24 снежня старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык падчас навагодняй акцыі «Нашы дзеці», перадае БелТА.


Снежаньскія дні напоўнены для дзяцей чаканнем цудаў, і дарослыя імкнуцца ўдзяліць увагу кожнаму дзіцяці. «Мы намецілі для сябе шэраг сустрэч з хлопчыкамі і дзяўчаткамі. На асаблівым кантролі былі пытанні, звязаныя з дзецьмі, якія знаходзяцца ў медыцынскіх установах і не могуць сустрэць Новы год у коле сваёй сям’і. Пастараліся зрабіць як мага больш у гэтым кірунку. Я выбраў для наведвання «Тонус». Мы былі тут летась, давалі абяцанні замест Дзеда Мароза — усе іх выканалі. У рэабілітацыі мае патрэбу вялікая колькасць дзяцей. Вельмі важна гэтую працу праводзіць з ранняга ўзросту», — падкрэсліў Пётр Пархомчык.

Прынята рашэнне аб будаўніцтве лячэбна-рэабілітацыйнага корпуса. «Магчымасці цэнтра трэба павялічыць хоць бы на 40-45 %. Цяпер вядуцца праектныя работы. Завершым іх у студзені. З 2026 года будзе будоўля, пастараемся ў самы кароткі час, каб палепшыць магчымасці для нашых дзяцей», — сказаў старшыня аблвыканкама. У новым корпусе маюць намер размясціць кабінеты для карэкцыйнай педагогікі, лячэбнай фізкультуры, фізіятэрапеўтычны блок. Таксама там будуць уладкаваны пакоі для пражывання, паколькі месцаў у існуючым спальным корпусе недастаткова.

Для маленькіх пацыентаў «Тонусу» сёння наладзілі вялікае свята каля навагодняй ёлкі. Натуральна, госці прыехалі не з пустымі рукамі. Дзецям перадалі чырванабокія яблыкі, вырашчаныя фермерамі Брэсцкай вобласці. Цэнтру медыцынскай рэабілітацыі перадалі сертыфікаты на апарат для актыўна-пасіўнай механатэрапіі і тэрмашафу. Гэта падарункі Брэсцкага аблвыканкама і кампаній паўднёва-заходняга рэгіёна.

«У нас будзе спецыяльны рабатызаваны веласіпед. Ён патрэбен, каб трэніраваць у дзяцей хадзьбу. Таксама з’явіцца тэрмашафа. Цеплалячэнне вельмі папулярная працэдура, неабходная. Часта карыстаемся ёй. Каб парафін не астываў, яго трэба захоўваць у спецыяльнай шафе», — растлумачыў галоўны ўрач Брэсцкага абласнога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі «Тонус» Андрэй Багдановіч. Акрамя таго, сёлета за кошт спонсарскай дапамогі і Брэсцкага аблвыканкама ва ўстанове аховы здароўя пабудавалі спецыяльную спартыўную пляцоўку для лячэбнай фізкультуры, палепшылі ўмовы ў спальным корпусе.

Рэабілітацыю ў «Тонусе» штогод праходзяць каля 1,5 тыс. дзяцей з Брэсцкай вобласці і іншых рэгіёнаў Беларусі. Дапамогу спецыялістаў атрымліваюць дзеці, якія маюць праблемы з цэнтральнай нервовай сістэмай, якія спалучаюцца з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, разумовага і маўленчага развіцця, слыху і зроку.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю