Утульны дом з дрэва з прасторнай гасцінай, трыма пакоямі, абсталяваны электраацяпленнем, з тэрасай і прысядзібным участкам — гаспадарамі квадратных метраў сталі майстры лесу, будучыя муж і жонка Канстанцін Гаўрылавец і Іна Грыцкевіч.
Малады чалавек родам з Лельчыцкага раёна, дзяўчына - з Лунінецкага. «Пазнаёміліся, сустрэліся мы ў БДТУ, дзе вучыліся. Для нас было прыярытэтна пайсці працаваць разам. Нам прапанавалі лясніцтва ў Буда-Кашалёўскім раёне, і мы зрабілі свой выбар на карысць яго. Хай кожны з нас удалечыні ад дома, але ні дня не шкадаваў, што прыйшлі менавіта сюды працаваць. Ужо паўтара года тут. Калектыў добры, заработная плата таксама, і праца цікавая», — расказаў Канстанцін.Да сённяшняга дня маладыя спецыялісты здымалі жыллё ў гэтым жа населеным пункце. «Выдаткі лясгас кампенсаваў», — удакладніла Іна.
«Прадстаўнікам не ўсіх прафесій выдаюць арэндныя квадратныя метры. А тут цэлы дом. Лічу, што гэта дастаткова добрая апора для далейшай працы тут і ў цэлым паказчык, што трэба і іншым ісці ў лясную галіну», — перакананы Канстанцін. Дарэчы, малады чалавек — прадстаўнік дынастыі лесаводаў. «Усе ў маёй сям’і па лініі бацькі працуюць у лясной гаспадарцы. Прадзед, дзед, бацька, браты яго. Я лічу, што зрабіў годны, правільны выбар і працягнуў нашу дынастыю», — сказаў ён.
«Мы былі сведкамі, як дом узводзіўся, акультурваўся. Мы перыядычна прыходзілі, глядзелі, размаўлялі з людзьмі, хто яго будаваў. Вельмі прыемна мець сваё асабістае жыллё — новае, акуратнае, — не хавала эмоцый дзяўчына. — Вось тут у нас пакой гасцявы. Сюды будуць прыходзіць людзі, будзем глядзець тэлевізар. Адсюль жа — выхад на тэрасу і від на ўчастак. Разаб’ем на ім градкі, уладкуем мангальную зону. У другім баку — спальня і два пакоі — як асабістыя кабінеты, пакуль атрымліваецца».
«І Новы год сустрэнем тут, у новым доме. Запросім сяброў», — падзялілася прыемнымі планамі дзяўчына.
Павіншаваў з наваселлем маладых спецыялістаў генеральны дырэктар Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Ігар Дзягцярык. «Моладзі надаецца шмат увагі, у тым ліку ў лясной гаспадарцы. І калі раней мы асноўны ўпор рабілі на зарплату, каб утрымаць маладога спецыяліста, то сёння на першы план выходзіць, акрамя зарплаты, яшчэ і жыллё. І жыллё, якое мы ўзводзім (а мы будуем дамы ў сельскай мясцовасці, кватэры ў гарадах), дасць дадатковы імпульс для таго, каб маладыя спецыялісты замацоўваліся на месцах», — зрабіў акцэнт кіраўнік.
Ён выказаў упэўненасць, што і сённяшнія навасельцы замацуюцца на сваім працоўным месцы. «Тут лясніцтва, Праца побач. Цяпер абое працуюць майстрамі, і гэта толькі пачатковая прыступка прафесійнага шляху», — сказаў Ігар Дзягцярык. Ён пажадаў моладзі плённай працы, поспехаў. «Спадзяюся, што на такім падмурку, як новае жыллё, з такой падтрымкай будзем бачыць, як вы падымаецеся па службовай лесвіцы», — дадаў ён.
Па словах намесніка старшыні Буда-Кашалёўскага райвыканкама Людмілы Куралікавай, у раёне разумеюць, што самы галоўны капітал любой тэрыторыі — гэта людзі. «Адзін з галоўных клопатаў улады - стварыць умовы, каб таленавітыя, адукаваныя, амбіцыйныя маладыя людзі не з’язджалі, а заставаліся тут, каб будаваць лепшае жыццё разам з намі», — адзначыла яна.
«У нас сёння шмат моладзі працуе — практычна 30 %. Вядома, моладзь і сама імкнецца нешта зрабіць, і, безумоўна, лясгас, кіраўніцтва будзе ўсяляк ёй дапамагаць, каб яна ішла толькі наперад», — далучыўся да віншаванняў дырэктар Буда-Кашалёўскага доследнага лясгаса Сяргей Лозка.