Top.Mail.Ru

У Гродне адкрылі новы дыягнастычны корпус абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра

«Галоўнае ў нашай краіне — гэта людзі, іх здароўе і дабрабыт»


Будаўніцтва гэтага аб’екта пачалося ў ліпені 2023-га. І роўна праз тры гады яго адкрылі. Ва ўрачыстасці, якая адбылася з гэтай нагоды 22 ліпеня, узялі ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак і старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

Ключавыя кірункі дзяржаўнай палітыкі

Новы медыцынскі корпус адпавядае ўсім сусветным стандартам і сцірае межы паміж сталічнай і рэгіянальнай медыцынай. Ён начынены самым сучасным абсталяваннем, ёсць, напрыклад, камп’ютарны і магнітна-рэзанансны тамографы, ангіяграфічны комплекс, высокачуллівая апаратура для даследавання сэрца і іншых органаў. Усё гэта дазволіць урачам праводзіць дакладную дыягностыку і аказваць высокакваліфікаваную дапамогу пацыентам.

— Адкрыццё такіх сацыяльна значных аб’ектаў стала добрай традыцыяй у Беларусі, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Галоўнае ў нашай краіне — гэта людзі, іх здароўе і дабрабыт. І планавае паляпшэнне сацыяльнай сферы, узмацненне матэрыяльна-тэхнічнай базы аховы здароўя з’яўляюцца ключавымі кірункамі дзяржаўнай палітыкі. Наведаўшы новы корпус кардыялагічнага цэнтра ў Гродне, я была прыемна здзіўлена ўзроўнем арганізацыі медыцынскай дапамогі. Дыягнастычны цэнтр абсталяваны суперсучасным абсталяваннем, што дазволіць аказваць медыцынскую дапамогу на высокім узроўні. І стаўленне персаналу да пацыентаў таксама заслугоўвае найвышэйшых пахвал.


Прыярытэтам з’яўляецца і хуткасць аказання медыцынскай дапамогі, адзначыла Наталля Іванаўна. Тут прадумана сістэма, пры якой пацыент адразу трапляе ў прыёмнае аддзяленне для поўнай дыягностыкі. Гэта дазваляе хутка вызначыць дыягназ, што асабліва важна ў сітуацыях, якія патрабуюць выратавання жыцця.

Для далейшага ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтра Старшыня Савета Рэспублікі ўручыла ўстанове падарункавы сертыфікат на новае медыцынскае абсталяванне.

Па словах Юрыя Караева, якасная медыцына з’яўляецца базавай патрэбнасцю кожнага чалавека. Ён таксама акцэнтаваў увагу на тым, што ў новым дыягнастычным корпусе абласнога клінічнага кардыяцэнтра ўстаноўлена найлепшае сучаснае абсталяванне. Гэта значна спросціць работу ўрачоў — медыкі змогуць хутчэй выяўляць схаваныя хваробы, своечасова прызначаць лячэнне і праводзіць складаныя аперацыі без затрымак. Для далейшага ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтр атрымаў ад кіраўніцтва вобласці грашовы сертыфікат.


Не страціць ні адной секунды

Будаўніцтва корпуса каштавала 7,2 мільёна рублёў з рэспубліканскага бюджэту і крыху больш за 29 мільёнаў рублёў з абласнога.

— Корпус уключае ў сябе прыёмнае аддзяленне з трыма дыягнастычнымі ложкамі, экспрэс-лабараторыю, кабінеты камп’ютарнай і магнітна-рэзананснай тамаграфіі, рэнтген-аперацыйную і навучальныя пакоі для кафедры медыцынскага ўніверсітэта. Усё гэта створана для таго, каб урачы маглі не толькі лячыць, але і навучаць новае пакаленне спецыялістаў, — расказаў галоўны ўрач Гродзенскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра Андрэй Янушка. — Адкрыццё новага дыягнастычнага корпуса — частка выканання ўказанняў Прэзідэнта 

Аляксандра Лукашэнкі па паляпшэнні даступнасці і якасці медыцынскіх паслуг. Дзякуючы гэтаму кожны жыхар рэгіёна зможа атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу незалежна ад свайго месцазнаходжання.


Адмысловая ўвага ўдзелена ўдасканаленаму прыёмнаму пакою з трыма дыягнастычнымі ложкамі, абсталяванымі ўсім неабходным для экстраннай дапамогі, у тым ліку пры кардыягенным шоку. Дзякуючы гэтаму ўрачы могуць хутка правесці першасную дыягностыку, стабілізаваць стан пацыента і аператыўна вызначыць тактыку лячэння. Усё абсталяванне, аперацыйныя, лабараторыі размешчаныя ў непасрэднай блізкасці адзін ад аднаго, што скарачае час транспарціроўкі і ўзаемадзеяння паміж медыкамі. А ў выпадках з сардэчнымі паталогіямі кожная секунда на ўліку. Новы корпус стаў важным крокам наперад у развіцці медыцыны і паляпшэнні якасці жыцця пацыентаў.


Ствараць законы разам

Азнаёміўшыся з кардыялагічным цэнтрам, Наталля Качанава сустрэлася з яго працоўным калектывам. У час мерапрыемства абмяркоўваліся важныя пытанні, якія датычацца работы медыцынскага персаналу. Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што работа ў гэтай сферы патрабуе асаблівага складу характару і высокай канцэнтрацыі. Яна падкрэсліла важнасць умення засяроджвацца ў экстранных сітуацыях і падзякавала супрацоўнікам цэнтра за іх працу.


Не засталіся па-за ўвагай і пытанні заканадаўства ў медыцынскай сферы. Наталля Іванаўна расказала аб рабоце над новым Кодэксам аховы здароўя і засяродзіла ўвагу на неабходнасці ўліку меркаванняў медыцынскіх работнікаў пры распрацоўцы нарматыўна-прававых актаў. Па яе словах, важна стварыць умовы, пры якіх урачы змогуць працаваць больш камфортна і эфектыўна.

Наталля Качанава заклікала супрацоўнікаў цэнтра працягваць актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці і дзяліцца сваімі прапановамі і ідэямі. Яна падкрэсліла, што толькі сумеснымі намаганнямі можна дабіцца поспехаў у развіцці аховы здароўя і паляпшэнні якасці медыцынскай дапамогі.

Акрамя таго, у рамках рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць Наталля Качанава наведала дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе ў асяродку любові, увагі і клопату выхоўваюцца 10 дзяцей.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю