Top.Mail.Ru

Новы асфальт і адноўленыя прыпынкі. Што чакае гараджан у сезон рамонтаў

Вясна — пара не толькі квітнення, але і дарожных рамонтаў. Пакуль аўтамабілісты і пешаходы ўглядаюцца ў абнаўленне гарадскіх вуліц, спецыялісты ўжо поўным ходам вядуць работы. Колькі пакрыцця плануецца абнавіць, якія тэхналогіі выкарыстоўваюцца і калі ў Мінску з’явяцца новыя прыпынкавыя павільёны, расказаў генеральны дырэктар ДВА «Гаррэмаўтадар Мінгарвыканама» Максім Белавус.


Абнаўленне дарожнага пакрыцця

Работы па замене асфальту толькі стартавалі, але першыя вынікі ўжо ёсць. На сённяшні дзень цалкам абноўлена пакрыццё на шэрагу вуліц. У хуткім часе рамонт працягнецца ў Маскоўскім раёне, а таксама па іншых адрасах — гэта першачарговыя аб’екты на бліжэйшыя тыдні.

Што датычыцца агульных планаў на год, то прадпрыемства разлічвае замяніць значны аб’ём асфальтабетоннага пакрыцця — прыкладна на ўзроўні мінулага года. Галоўная ўвага надаецца не проста колькасці, а якасці.

«Мы прымяняем штогод новыя мадэрнізаваныя саставы асфальтабетонных сумесяў. Асноўная задача — мінімізацыя калейнасці на прыпыначных пунктах», — адзначыў Максім Белавус.

Вясновая «касметыка» для малых архітэктурных форм

Асноўныя работы цяпер вядуцца ў рамках месячніка. Увага спецыялістаў сканцэнтравана на прывядзенні горада ў парадак пасля зімы.

«Мы ў асноўным цяпер сканцэнтраваны на мыйцы і афарбоўцы малых архітэктурных форм: прыпыначныя павільёны, лаўкі, навесы, падпорныя сценкі, балюстрады, уязныя знакі ў горад Мінск», — расказаў кіраўнік «Гаррэмаўтадара».

Гэты фронт работ плануецца цалкам завяршыць да сярэдзіны красавіка.

Новыя прыпынкі

Асобны і важны кірунак — абнаўленне прыпынкавых павільёнаў. Горад працягвае рэалізоўваць доўгатэрміновую праграму, паводле якой састарэлыя канструкцыі, якія страцілі знешні выгляд і цалкам амартызаваны, планамерна замяняюцца на новыя.

«Таксама сёлета ў нас падпісана трохгадовая праграма. Першы год гэтай праграмы летась мы рэалізавалі паспяхова. Яна прадугледжвае штогадовую замену пэўнай колькасці павільёнаў новага ўзору», — растлумачыў Максім Яўгенавіч.

Дзякуючы гэтаму да канца года доля сучасных прыпынкаў на вулічна-дарожнай сетцы сталіцы можа наблізіцца да паловы. Гараджане ўсё часцей будуць бачыць вакол сябе акуратныя, зручныя і прыгожыя аб’екты, якія фарміруюць новае аблічча Мінска.

Надзея ЗУЕВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю