Top.Mail.Ru

Новая сучасная школа адчыніла дзверы ў аграгарадку Прылукі Мінскага раёна

Храм ведаў і магчымасцяў

Школа для кожнага дзіцяці — нешта большае, чым класы і калідоры. Гэта другі дом, дзе праходзяць важныя этапы сталення і станаўлення асобы, дзе закладваюцца асновы характару, нараджаецца сяброўства, дасягаюцца першыя вышыні. Таму вельмі важна, каб у гэтым доме было камфортна і ўтульна, каб сюды хацелася прыходзіць зноў і зноў. І ўсяму гэтаму, безумоўна, адпавядае новая сярэдняя школа № 2 у Прылуках, разлічаная на 1020 месцаў.

З чыстага ліста

На ўрачыстую лінейку раніцай 1 верасня сабраліся настаўнікі, вучні і іх бацькі. Прыехалі і ганаровыя госці, сярод якіх былі старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінскай вобласці Аляксандр КОХАН.

Аляксей Кушнарэнка адзначыў, што з’яўленне ўласнай школы ў Прылуках — падзея заканамерная і доўгачаканая для перспектыўнага аграгарадка:

— Гэта ўстанова адукацыі выходзіць за рамкі класічнага разумення школы. Акрамя навучальнага працэсу, тут створаны ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам, атрымання працоўных навыкаў па розных прафесіях.


Старшыня аблвыканкама пажадаў, каб навучальны год ператварыўся для школьнікаў у захапляльнае падарожжа ў свет ведаў, а педагогі адчувалі радасць і гонар ад вынікаў сваёй працы. Аляксей Кушнарэнка прыехаў не з пустымі рукамі — ён падарыў новай школе сертыфікат на 20 тысяч рублёў.

Сімвалічны ключ ад сучаснага чатырохпавярховага будынка, які старшыня аблвыканкама параўнаў з «сапраўдным касмічным караблём», перадалі дырэктару школы Яўгену СЯНЬКЕВІЧУ будаўнікі — прадстаўнікі кампаній-падрадчыкаў Вадзім ІВАНОЎ ад «ВірСпецБуд» і Марыя ЦІХАНОВІЧ ад дзяржаўнага прадпрыемства «УКС Мінскага раёна».

Яўген Сянькевіч прызнаўся, што для яго гэты дзень стаў адначасова радасным і крыху сумным. Адкрываючы новую ўстанову, калектыў пачынае з чыстага ліста новую гісторыю Прылуцкай сярэдняй школы № 2. Дырэктар падзякаваў будаўнікам за прыгожы сучасны будынак, але падкрэсліў, што напоўніць яго душой і перамогамі належыць вучням і настаўнікам.

У гэтым навучальным годзе за парты новай школы сядуць 820 вучняў, з іх 84 — упершыню ў жыцці. Як патлумачыў дырэктар, пакуль яна запоўнена на 85 %, аднак мікрараён актыўна забудоўваецца. А права даць першы званок у новай школе далі адзінаццацікласніку Мікалаю КАЖУРЫ і першакласніцы Ніколь МАЗУРКЕВІЧ.

У нагу з часам

Аляксей Кушнарэнка асабіста ацаніў аснашчэнне і магчымасці новай школы, якая, па яго меркаванні, можа даць фору любой сталічнай гімназіі. Будынак складаецца з двух блокаў. У першым размешчаны навучальныя класы для вучняў І—XІ класаў і пакоі для груп падоўжанага дня.

Асаблівы гонар выклікаюць майстэрні па апрацоўцы металу, драўніны і тканіны. Для навучання гатаванню абсталяваны кабінет кулінарыі. У школе таксама ёсць актавая зала на 280 месцаў, цэнтр асноў бяспекі жыццядзейнасці, STEM-клас для праектнай і даследчай дзейнасці.


Спартыўная інфраструктура ўключае два залы, трэнажорную залу і інтэрактыўны цір у кабінеце дапрызыўной падрыхтоўкі. Басейн, які асабліва ўразіў дзяцей і бацькоў, мае ўнікальную канструкцыю з перападам глыбінь — ад 80 сантыметраў для самых маленькіх да 1,2–1,5 метра для прафесійных заняткаў. На прышкольнай тэрыторыі абсталяваны паўнавартасны спартыўны комплекс: футбольнае поле з натуральным газонам, бегавая дарожка з гумовым пакрыццём, пляцоўкі для валейбола і баскетбола, гімнастычны гарадок і нават пляцоўка для вывучэння правілаў дарожнага руху.

Важнай асаблівасцю школы з’яўляецца ўніверсальнае даступнае асяроддзе. У будынку працуюць два ліфты, абсталяваны пандусы, спецыялізаваныя санітарныя пакоі і кабінеты для спецыяльнай адукацыі. Сістэма бяспекі прадумана да дробязяў: электронная прапускная сістэма і відэаназіранне дапамагаюць забяспечваць абарону дзяцей.

Усё лепшае — дзецям!

Бацькі не хаваюць захаплення. Аляксандр КАВАЛЁЎ і Вікторыя АНТОНАВА, чыя дачка Аліса пайшла ў 1 «Г» клас, адзначылі, што ў параўнанні са школамі іх дзяцінства новы будынак выглядае раскошна. Вікторыю найбольш уразіла актавая зала з апаратурай, параўнальная са сцэнамі буйных канцэртных пляцовак.

— Для дзяцей створаны вельмі камфортныя ўмовы. Уражваюць шырокія калідоры, зручнае неслізготнае пакрыццё і прыемная каляровая гама. Ад школы мы чакаем спакою і душэўнага камфорту для дзіцяці. У планах у нас — займацца англійскай мовай і выяўленчым мастацтвам, — падзяліліся бацькі Алісы.


Настаўніца пачатковых класаў з 28-гадовым стажам, класны кіраўнік 1 «Б» Валянціна ЛУКАШЭВІЧ падзялілася ўражаннямі аб новай школе:

— Мне вельмі падабаюцца гэты будынак, адміністрацыя і калектыў. Будынак не проста сучасны — яго ўладкаванне прадумана да дробязяў. Мая галоўная мэта як педагога — навучыць сваіх першакласнікаў чытаць, пісаць, рашаць задачы, а таксама выхаваць у іх дабрыню, адказнасць і цікавасць да ведаў.

Уладальніца тытула «Місіс Краса Беларусі — 2024» Вольга ЦІХАНЕНКА прывяла ў новую школу сваіх дзяцей у 5-ы і 6-ы класы:

— Сеніцкая школа, у якой яны раней праходзілі навучанне, безумоўна, была добрая. Дзеці там усебакова развіваліся, былі акружаныя клопатам. Але побач з нашым домам узвялі новую прыгожую школу. Пакуль у яе сценах не загучаў дзіцячы смех, у іх не было душы. Прылуцкая школа атрымала новае дыханне дзякуючы таму, што сюды прыйшлі маленькія сэрцы. Ёсць такі выраз — «Гісторыю пішуць пераможцы». Дык вось мне б хацелася, каб гісторыя гэтай школы была яркай, пераможнай і каб гэта месца заўсёды было водбліскам чалавечнасці. Няхай у нашых дзетак усё атрымаецца!


Дарэчы

Акрамя Прылук, яшчэ адна новая школа адкрылася ў горадзе Смалявічы, таксама на 1020 месцаў. А сярэдняя школа № 3 у тых жа Смалявічах і сярэдняя школа № 6 у Магілёве атрымалі новыя будынкі.

Ягор ЧУРЫК

Фото Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю