Камандуючы ВПС і СПА Лук’яновіч паведаміў аб новай пастаўцы з Расіі самалётаў-знішчальнікаў для беларускай арміі.
Пастаўка расійскіх двухмесных шматмэтавых мадэрнізаваных знішчальнікаў Су-30СМ2 у Беларусь чакаецца да канца бягучага года. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ паведаміў камандуючы ВПС і войскамі СПА Узброеных Сіл Беларусі Андрэй Лук’яновіч.
«Вось літаральна зараз у снежні да нас прыйдзе яшчэ адна партыя Су-30СМ2», — падкрэсліў Лук’яновіч.
Паводле яго слоў, сёлета армія Беларусі ўжо атрымала такія расійскія самалёты (пастаўкі былі ажыццёўлены ў жніўні), а таксама іншыя ўзбраенні, у ліку якіх зенітна-ракетныя комплексы «Тор» і верталёты Мі-35.
Асноўная задача для гэтых самалётаў — баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне. Яны абсталяваны шматрэжымнай авіяцыйнай радыёлакацыйнай станцыяй «Ірбіс», якая можа выяўляць паветраныя цэлі на адлегласці да 400 км.