Top.Mail.Ru

Ніякіх абмежаванняў па прыёме долараў старога ўзору не існуе

У медыйнай прасторы з’явіліся паведамленні аб тым, што шэраг фінансавых устаноў можа перастаць прымаць долары старога ўзору або пачнуць браць за гэта камісію.


Старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Міхаіл Правораў лічыць, што гэтая навіна, мякка кажучы, з’яўляецца фэйкам. Ён адзначыў, што ў банках няма абмежаванняў па прыёме гэтай валюты. Долары ЗША, пачынаючы з 1928 года выпуску, з’яўляюцца законным плацежным сродкам у Злучаных Штатах і таму падлягаюць прыёму ў касах беларускіх банкаў.

Па словах кіраўніка асацыяцыі, усе банкі працуюць па правілах, прадугледжаных заключаным імі «Пагадненнем аб выкарыстанні адзінага пераліку прыкмет плацежнасці банкнотаў у замежнай валюце» (за выключэннем расійскіх рублёў), у рамках якога патрабаванні да прыёму долараў адзіныя. Пры здзяйсненні аперацый банкі прымаюць і выдаюць наяўную замежную валюту, якая адпавядае пераліку прыкмет плацежнасці банкнотаў. Гэта азначае, што яны не з’яўляюцца зношанымі або пашкоджанымі.

— Пры здзяйсненні банкаўскіх аперацый, напрыклад куплі валюты, можна папрасіць работніка банка выдаць банкнот долараў ЗША менавіта новага ўзору (сіняга колеру), але пры наяўнасці яго ў касе. Такім чынам, купюры старога ўзору (зялёныя) валодаюць тым жа статусам, што і новага: ніякіх абмежаванняў на іх куплю і продаж няма, камісія не спаганяецца, — сказаў кіраўнік асацыяцыі.

Як адзначылі ў Беларусбанку, у адпаведнасці з правіламі, законнымі плацежнымі сродкамі з’яўляюцца наступныя серыі доларавых банкнотаў: 1928, 1934, 1950, 1963, 1969–1988, 1990–1995, 1996–2006, 2004–2021 гадоў. Вядома, пры здзяйсненні абменных аперацый касіры будуць звяртаць увагу на захаванасць купюры і яе прыкметы плацежнасці.

Эксперты таксама адзначаюць, што асобнай аперацыі па абмене долараў ЗША старога ўзору на банкноты новага ўзору няма. Пры здзяйсненні банкаўскіх аперацый выкарыстоўваецца наяўная замежная валюта, якая знаходзіцца ў абароце ўнутры краіны.

І яшчэ. Аўтар гэтых радкоў нядаўна звярнуўся ў абменныя пункты розных банкаў для куплі валюты. Улічваючы нездаровы ажыятаж вакол гэтай тэмы, вырашыў набыць менавіта «новыя» долары. Так, сапраўды, «сіненькія» былі ў наяўнасці не ў кожным пункце па абмене, але ва ўсіх выпадках абменнікі пагадзіліся прыняць долары старога ўзору без праблем. Курс пры гэтым быў звычайным. На пытанне, ці могуць выдаць купюры новага ўзору (пры іх наяўнасці), адказалі станоўча ў кожным з абменнікаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю