Top.Mail.Ru

Ніна Шарубіна: «Рада быць там, дзе ўва мне ёсць патрэба»

У аўдыторыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі цішэй, чым можна было чакаць.

Голас народнай артысткі Беларусі Ніны Шарубінай у размове гучыць інакш, чым з опернай сцэны, дзе яе сапрана слухаюць больш за дваццаць гадоў. А цяпер артыстка Вялікага тэатра Беларусі вучыць спяваць маладых дзяўчат. Яе шлях да оперы быў паступовым: Магілёўскае дзяржаўнае музычнае вучылішча, Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, асістэнтура-стажыроўка ў класе прафесара Леаніда Івашкова. Дзякуючы працавітасці і мэтанакіраванасці яна стала вядомай салісткай беларускай оперы, працягвае спяваць і перадае сакрэты майстэрства іншым.

— Ключык да прафесіі вам удалося падабраць не адразу. Як вучыце гэтаму студэнтак? 

— Перш за ўсё гляджу, гарыць дзяўчына гэтай справай ці не. Я была фанаткай будучай прафесіі. Калі стала сур’ёзна займацца акадэмічным вакалам, то бегла на заняткі па марозе, калі аўтобусы не хадзілі, пешшу ішла кіламетры, каб трапіць да педагога. Мае студэнткі таксама захоплены прафесіяй. А далей — жыццё пакажа. Таму што Бог дае розныя здольнасці: у кагосьці моцны голас, а нехта можа быць вельмі музычным чалавекам. Трэба старанна падыходзіць да праграмы, каб паступова ўмацоўваць голас, пазбегнуць псіхалагічных заціскаў. 

Вядома, карыстаюся практыкаваннямі сваіх педагогаў. Пачынала займацца спевамі ў Магілёве дзякуючы Людміле Браілоўскай. Не сустрэла б яе — наўрад ці пайшла б па гэтай сцежцы, тым больш што каледж скончыла па харавым дырыжыраванні. А цяпер я і сама ўжо вынаходжу нейкія практыкаванні ў залежнасці ад таго, якую праблему трэба вырашыць студэнтцы, да кожнай прымяняю індывідуальны падыход. Мая задача — падрыхтаваць спявачак з поўным сапранавым дыяпазонам, каб яны маглі працаваць у любым харавым калектыве. Бо хтосьці рвецца ў салісты, а хтосьці не. 

— Мала мець голас, часам трэба гэта даказаць, праявіць характар. Што вам дапамагло дасягнуць мэты і стаць салісткай галоўнага музычнага тэатра краіны? 

— Кожны год я праслухоўвалася ў наш тэатр, нават у Кіеў ездзіла... Тое, што я не ў тэатры, не давала спакойна жыць. Шмат разоў думала: усё, дастаткова... Але нешта ўнутры не давала спыніцца. Я хадзіла ў тэатр, будучы студэнткай пераслухала ўсе спектаклі з рознымі складамі салістаў. Разумела, што магла б тут спяваць. Калі б я бачыла, што зусім не магу наблізіцца да ўзроўню, пакінула б гэтую ідэю. Я чалавек, які рэальна ацэньвае свае магчымасці, а часам і недаацэньвае (але гэта таксама не вельмі добра). Тыя гады, што не магла патрапіць у трупу тэатра, я не сядзела склаўшы рукі, актыўна займалася, перабрала шмат клавіраў. Напрыклад, партыю Амеліі з оперы «Баль-маскарад» Вердзі я вывучыла самастойна, з ёю і прыйшла ў тэатр. Дырыжор Мікалай Калядка мяне паслухаў у кансерваторыі, з яго падачы я прыйшла да мастацкага кіраўніка оперы, на той час Маргарыты Ізворскай. Яны з дырыжорам вырашылі, што я без дадатковых праслухоўванняў адразу буду спяваць спектакль. 

Мне было ўжо 39 гадоў. Гэта не той выпадак, калі бяруць спявачку, якая, магчыма, яшчэ вырасце. Я праспявала спектакль для гледача, яшчэ не будучы салісткай. Пасля спектакля мне паведамілі, што бяруць у штат. 

— Ваша з’яўленне аматары оперы адзначылі — не толькі голас, але і глыбіню, якую дае менавіта досвед... 

— Я часам аналізую: можа быць, і добра, што не адразу пасля кансерваторыі патрапіла ў тэатр. Па-першае, там яшчэ былі моцныя спявачкі — Наташа Кастэнка, Тамара Глаголева. А я прэтэндавала на тыя ж партыі. Па-другое, да майго прыходу ў трупу я ўжо была гатова і вакальна, і тэхнічна, і псіхалагічна. 

У тэатры мне было дадзена «зялёнае святло». У снежні я праспявала «Баль-маскарад», а ўжо ў студзені — партыю Чыа-Чыасан, у сакавіку выйшла на сцэну ў спектаклі «Пікавая дама». Перад гастролямі за месяц вывучыла Аіду, дэбютавала ў гэтай партыі ў Германіі. Нават не думала, што змагу праспяваць, але аказалася — як для мяне напісана. Мне казалі, што Вердзі — мой кампазітар, яго музыка выдатна кладзецца на мой голас. Ужо ў лістападзе была ўведзена ў оперу «Тоска». Пучыні мне спяваць больш складана, асабліва ЧыаЧыа-сан. Вялікая Мірэла Фрэні называла гэтую партыю «вакальным кілерам». Аказваецца, яна ніколі ўжывую яе не спявала ў спектаклі. А ў оперы ўсё трымаецца на гэтай партыі — складаная драматычна і вялікая па аб’ёме. 

— Вы вельмі імкнуліся ў тэатр. А як глядзела на гэта ваша сям’я? Не раілі спыніцца? 

— Наадварот. Я нарадзіла сына ў 35 гадоў. Калі ён быў маленькі і чуў, як маці дома займаецца, то спрабаваў паказаць мне далонькай, што занадта гучна, яго крыху напружвала. А муж, сам творчы чалавек, бачыў, што мяне мучыць гэтая сітуацыя, што перыядычна апускаюцца рукі. Аднойчы сказаў: «Запомні, ты заедзеш у тэатр на белым кані». Фактычна так і здарылася. Я праспявала вядучы рэпертуар. Не было сезона, калі я не ўдзельнічала ў нейкім новым спектаклі. Сям’я падтрымлівала. Сын рос і разумеў: калі ў маці спектакль, ён з сябрамі дадому не прыходзіць, не прымушае мяне хвалявацца, бо патрэбна поўная канцэнтрацыя. 

— А як рэагавалі вашы бацькі? 

— Бацькі не стала, калі я не была яшчэ спявачкай. Мама ўжо хварэла, на жаль, яна ў тэатры мяне не чула. У вёсцы гэта было як выхад у космас: «Ніна — оперная спявачка!» Я вырасла ў простай сям’і. Цяпер прайшоў час, і разумею, у якой прыгажосці, прастаце, адкрытасці і дабрыні я выхоўвалася. 

— Артысты — паднявольныя людзі: залежаць ад рэжысёраў, дырыжораў, кіраўніцтва. Жаданне нешта спець не азначае, што цябе прызначаць на ролю... 

— ...Але спявачка мае права адмовіцца, калі яна лічыць, што гэтая партыя не для яе голасу. У мяне была такая размова, калі рыхтавалі «Аіду». Рэжысёр казаў: «Ты павінна вывучыць партыю Амнерыс». Я адказала, што нікому нічога не павінна, бо тут патрэбна меца-сапрана, а на працу мяне прымалі як сапрана. Усё можна вырашыць і з рэжысёрам, і з дырыжорам, калі лічыш, што нейкая партыя не твая. «Саламея», напрыклад, — непажаданая нагрузка для майго голасу, і я не хацела спяваць. Разумела, што ў мяне ёсць што выконваць апроч оперы Штрауса, гэтая партыя акрамя шкоды мне б нічога не прынесла. Для мяне асобна стаіць руская музыка. Пры тым, што спявала Яраслаўну ў оперы «Князь Ігар», Лізу ў «Пікавай даме»... Рускіх опер у маёй кар’еры было мала. У 2005 годзе мы ў Вене патрапілі на спектакль з удзелам сусветнай зоркі Марыі Гулегінай, яе муж пасля правёў нас да яе, мы вельмі цёпла пагутарылі. Яна таксама сказала, што пагаджаецца спяваць у рускіх операх вельмі рэдка. 

Цяпер у мяне 24-ы сезон у Вялікім тэатры Беларусі. Я праспявала ва ўсіх операх, што ў нас ідуць, і напісаны для майго голасу. Я народная артыстка краіны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар акадэміі музыкі... Але чым больш мы ведаем і ўмеем, тым больш разумеем, колькі яшчэ нязведанага. А ў музыцы можна ўвесь час удасканальвацца, бо кожная партыя — выклік, яна мае свае падводныя камяні, якія трэба пераадолець. 

Я плаўна перайшла на выкананне партый другога плана і пераконваюся, што другарадных роляў не бывае. Напрыклад, партыя Ларынай — невялікая, але яе павінен спяваць артыст з моцным сапрана. Кожная роля патрабуе ўвагі, працы, вывучкі. 

— Далёка не кожная артыстка пасля зорных партый пагодзіцца быць на другарадных ролях. 

— ...Гэта здарылася. Я пагадзілася з тым, што цяпер буду спяваць менш, але з тэатра сыходзіць не хачу. У мяне ёсць творчыя сустрэчы, удзельнічаю ў канцэртах. 19 сакавіка ў мяне будзе сольны канцэрт у камернай зале. Рэпертуар рыхтую не зусім звычайны, больш камерную праграму. 

Так, час дыктуе свае правілы, шмат што змянілася ў тэатры. Але я шчаслівая, што заспела залатыя часы, калі тут спявалі сапраўдныя мэтры — Саўчанка, Руднева, Галеева, Майсеенка, Жылюк, Пелагейчанка. Мне пашчасціла падчас гастролей праехаць з тэатрам шмат краін. Пасля фестывалю ў Бангкоку было вельмі прыемна, калі ў артыкуле правялі паралель паміж мной і адной з найлепшых выканаўцаў партыі Аіды ў свеце — амерыканкай Лявонцін Прайс. Усе мае памкненні былі не марныя. І я ніколі нікога ні аб чым не прасіла — не ў маіх правілах. Але рада быць там, дзе ўва мне ёсць патрэба. 

Тэатр — як дом, дзе артыст гатовы праводзіць большую частку свайго часу, гэта месца таленту і сілы. Калі гэта яго тэатр. 

Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю