Top.Mail.Ru
140

Невяроўскі заявіў аб прарыўных рашэннях у забеспячэнні інфармбяспекі ў Саюзнай дзяржаве

У рамках Саюзнай дзяржавы рэалізуюцца прарыўныя рашэнні ў сферы забеспячэння інфармацыйнай бяспекі. Аб гэтым заявіў намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Невяроўскі ў Маскве на 28-м Вялікім нацыянальным форуме інфармацыйнай бяспекі «Інфафорум-2026». Мерапрыемства праходзіць у расійскай сталіцы 28-29 студзеня з удзелам беларускай дэлегацыі, паведамляе БелТА.


Аляксандр Невяроўскі адзначыў, што разглядаемыя на форуме пытанні закранаюць літаральна кожнага чалавека, які стаў часткай глабальнай інфармацыйнай прасторы. «Ва ўмовах развязвання маштабнай дэструктыўнай дзейнасці ў гэтай сферы нам даводзіцца пастаянна ўдасканальвацца, — сказаў ён. — Прычым не толькі на нацыянальным узроўні, але і ў рамках забеспячэння інфармацыйнай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Дзякуючы паспяховаму беларуска-расійскаму стратэгічнаму супрацоўніцтву наладжана сістэмная работа. Гэта пацвярджае агульнасць падыходаў і пераемнасць прынятых у фармаце Саюзнай дзяржавы дакументаў стратэгічнага планавання. Перш за ўсё гэта Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Саюзнай дзяржавы. У яе аснове — нацыянальныя канцэптуальныя дакументы, прынятыя ў гэтым напрамку».

Значным крокам у процідзеянні кіберзлачыннасці стала падпісанне ў кастрычніку 2025 года Канвенцыі ААН супраць кіберзлачыннасці. Дакумент распрацаваны Расійскай Федэрацыяй у суаўтарстве з Беларуссю. У мінулым годзе ў Беларусі прыняты дадатковыя меры па павышэнні эфектыўнасці барацьбы з правапарушэннямі ў гэтай сферы. Гэта дазволіла больш аператыўна блакіраваць выкрадзеныя сумы на рахунках і забяспечваць іх вяртанне пацярпелым.

Акрамя таго, паводле слоў Аляксандра Невяроўскага, для павышэння абароненасці і ўстойлівасці функцыянавання нацыянальных сегментаў сеткі Інтэрнэт, іншых значных аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры прадаўжаецца работа па развіцці нацыянальнай сеткі профільных цэнтраў кібербяспекі з кругласутачным рэжымам работы. На рэгулярнай аснове праводзяцца нацыянальныя вучэнні і трэніроўкі падраздзяленняў кібербяспекі. Адно з апошніх — «Кібермарафон-2025» па адпрацоўцы навыкаў расследавання кіберінцыдэнтаў і ацэнцы эфектыўнасці абароненасці інфармацыйных інфраструктур.

«У праведзеным па ініцыятыве Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі вучэнні на кіберпалігоне ўдзельнічалі атэставаныя цэнтры кібербяспекі, установы адукацыі і прадстаўнікі сілавога блока», — нагадаў намеснік Дзяржаўнага сакратара. Ён прапанаваў вывучыць мэтазгоднасць правядзення такіх мерапрыемстваў у рамках Саюзнай дзяржавы па аналогіі з сумеснымі беларуска-расійскімі вучэннямі «Захад».

На гэты час у рамках Саюзнай дзяржавы вядзецца скаардынаваная дзейнасць па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. На рэгулярнай аснове праводзяцца пастаянна дзеючыя двухбаковыя кансультацыі апаратаў саветаў бяспекі Беларусі і Расіі з прыцягненнем зацікаўленых дзяржорганаў. Чарговая такая сустрэча пройдзе 29 студзеня. У ходзе яе будзе прааналізавана эфектыўнасць рэалізацыі плана асноўных напрамкаў беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі на 2024-2026 гады, вызначаны прыярытэты на бліжэйшую перспектыву.


Аляксандр Невяроўскі таксама нагадаў, што з 17 па 19 чэрвеня ў Мінску пройдзе 3-я Міжнародная выстава індустрыі бяспекі «Нацыянальная бяспека. Беларусь-2026», адным з арганізатараў якой з’яўляецца Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. Ён запрасіў усіх удзельнікаў форуму наведаць гэта мерапрыемства.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю