Як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, у пачатку тыдня будзе дастаткова марозна, а потым прыйдзе хваля цяпла.
10 лютага надвор’е будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, што сфарміравана ў вільготнай паветранай масе. Будзе воблачна з праясненнямі, месцамі пройдзе невялікі снег, на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёва-заходні, паўднёвы ад слабога да ўмеранага. Тэмпература паветра ноччу мінус 15–21 °С, месцамі да мінус 25 °С. Аднак па паўднёвым захадзе краіны тэмпературны рэжым будзе больш мяккі — мінус 10–14 °С. Днём чакаецца ад 2 °С марозу па паўднёвым захадзе да мінус 13 °С на ўсходзе.
Кардынальна сітуацыя пачне мяняцца ўжо 11 і 12 лютага.
У гэтыя дні ўмовы надвор’я будуць вызначаць франтальныя раздзелы і цёплыя паветраныя масы, што пачнуць паступаць з боку паўднёвага захаду і захаду Еўропы. У сераду воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі пройдуць ападкі, у асноўным у выглядзе снегу і мокрага снегу. Месцамі чакаюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўднёвай чвэрці ўмераны, часам парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 3 °С па захадзе да мінус 17 °С па паўночным усходзе краіны. Днём у гэтыя суткі будзе ўжо значна цяплей — ад мінус 4 да плюс 2° С, па паўночным усходзе — мінус 5-6 °С.
У чацвер будзе таксама воблачна. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. Месцамі чакаюцца туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўднёвай чвэрці ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы — ад нуля да мінус 7 °С, днём — ад мінус 3 °С да плюс 3 °С.
Сяргей КУРКАЧ