Top.Mail.Ru

Непарушнасць беларуска-кітайскага сяброўства. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі наведвае КНР

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой наведвае Кітайскую Народную Рэспубліку з афіцыйным візітам. Аб гэтым паведамляе БелТА.


Паездка ажыццяўляецца па запрашэнні Міжнароднага аддзела Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая ў мэтах далейшага развіцця і практычнага напаўнення ўстаноўленага лідарамі Беларусі і КНР усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі.

Дзмітрый Крутой наведаў г. Сіянь, сталіцу правінцыі Шэньсі. Размешчаны ў гэтым рэгіёне цэнтральнага Кітая міжнародны лагістычны цэнтр выступае зыходным пунктам сучаснага «Шаўковага шляху», дзе фарміруецца грузапаток па маршруце Кітай — Еўропа — Кітай, які праходзіць праз Беларусь, а таксама апрацоўваецца вялікі аб’ём грузаў у двухбаковых зносінах.

У ходзе перагавораў з кіраўніцтвам гэтага найбуйнейшага кітайскага «сухога порта» кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падрабязна абмеркаваў перспектывы нарошчвання перавозак у двухбаковых і транзітных зносінах з апорай на магчымасці Беларускай чыгункі, а таксама на патэнцыял Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». 


Акрамя таго, адбылася цырымонія падпісання двухбаковага дакумента паміж ЗАТ «Еўразійскі чыгуначны гейтвэй» і ТАА «Міжнародная партовая група Сіяня», якім прадугледжана развіццё чыгуначнага кантэйнернага тэрмінала «Грэйтпарт», што будуецца ў парку.

Тэма ўмацавання міжрэгіянальнага супрацоўніцтва была цэнтральнай на сустрэчы Дзмітрыя Крутога з Чжао Ідэ, сакратаром парткама правінцыі Шэньсі, якая з 2021 года з’яўляецца пабрацімам Магілёўскай вобласці. З улікам паспяховага вопыту работы шэнсійскіх кампаній у якасці рэзідэнтаў «Вялікага каменя» суразмоўцы таксама абмеркавалі магчымасці нарошчвання інвестыцыйнай актыўнасці як на Магілёўшчыне, так і ў Беларусі ў цэлым.

Бакі адзначылі высокі тэмп развіцця гуманітарнага ўзаемадзеяння: у 2018 годзе ў Сіяньскім універсітэце замежных моў зарэгістраваны Цэнтр вывучэння Беларусі, уведзена спецыяльнасць па вывучэнні беларускай мовы і культуры. 


У цэлым беларускія ВНУ падпісалі пагадненні з пяццю ўніверсітэтамі правінцыі Шэньсі. А ў 2025 годзе пры Паўночна-заходнім політэхнічным універсітэце адкрылася першае замежнае прадстаўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Дзмітрый Крутой таксама наведаў размешчаны ў Сіяне Музей тэракотавай арміі Цінь Шыхуандзі, які з’яўляецца нацыянальным гонарам КНР і аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У запісе ў Кнізе ганаровых гасцей кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта пажадаў, каб падобна да гэтых воінаў, якія стаяць на варце стагоддзяў, сяброўства паміж Беларуссю і Кітаем заставалася непарушным і непадуладным часу.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю