Недапушчальныя дабаўкі выявілі ў рыбнай прадукцыі — «Павуцінцы з фарэлі» і вяленай ікры мінтая, якая была ў рэалізацыі ў Гомельскай вобласці, паведаміла БелТА са спасылкай на абласную інспекцыю Дзяржстандарту.
Прадстаўнікі абласной інспекцыі Дзяржстандарту спынілі рэалізацыю прадукцыі, якая не адпавядае патрабаванням тэхрэгламентаў. Пытанні ўзніклі да складу рыбнай прадукцыі: сушана-вяленай «Павуцінкі з фарэлі» і ікры мінтая вяленай з маркіроўкай «Рыбалоў».
Устаноўлена, што пры вытворчасці рыбнай прадукцыі выкарыстоўваліся харчовыя дабаўкі, недапушчальныя для выкарыстання пры вытворчасці гэтага віду прадукцыі. У прыватнасці, для «Павуцінкі з фарэлі» — кансерванты сарбат калію (Е202) і бензаат натрыю (Е211), а для ікры мінтая — падсалоджвальнік сарбіт (Е420).
Небяспечная прадукцыя канфіскаваная з абароту, забаронены яе ўвоз у Беларусь, спынена дзеянне дакументаў пра ацэнку адпаведнасці прадукцыі. Звесткі пра гэтыя і іншыя тавары, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі, можна знайсці ў Рэестры небяспечнай прадукцыі.