Top.Mail.Ru

Недаплацілі мільёны рублёў падаткаў

У мэтах выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы аб навядзенні парадку ў сферы пасажырскіх перавозак супрацоўнікі БЭЗ МУС і сталічнага ГУУС сумесна з калегамі з міністэрства па падатках і зборах і Транспартнай інспекцыі выявілі схему ўхілення ад выплаты падаткаў.



Паводле слоў намесніка начальніка ГУБЭЗ МУС Юрыя Піцко, затрыманы муж і жонка — заснавальнікі аднаго з найбуйнейшых таксапаркаў краіны, а таксама чатыры менеджэры кампаніі. Устаноўлена, што камерцыйная структура, у якой працавалі больш як тысяча вадзіцеляў, адлюстроўвала ў бухгалтарскім уліку істотна заніжаныя сумы заробку работнікаў, фактычна выплачваючы ім зарплату «ў канвертах» або налічваючы грошы пад выглядам кампенсацыі фіктыўных затрат на паліва або абслугоўванне аўтамабіля.

Да пацвярджальных справаздач прымацоўваліся фіктыўныя чэкі, вадзіцелі працавалі без таксометраў і касавых падсумоўваючых апаратаў, квітанцыі кліентам не выдаваліся. У выніку фірма недаплаціла ў бюджэт дзяржавы каля пяці мільёнаў рублёў!

Атрыманы і абналічаны звышпрыбытак траціўся сямейнай парай на набыццё элітных аб’ектаў нерухомасці, транспартных сродкаў бізнэс-класа, прадметаў раскошы.

Каб пазбегнуць магчымага правядзення падатковай праверкі, таксапарк намінальна змяніў юрыдычны адрас. Аналагічную супрацьпраўную дзейнасць фігуранты вялі і пры кіраўніцтве трыма раней ліквідаванымі так званымі «чорнымі» таксапаркамі, перааформленымі на падстаўных асоб — замежных грамадзян.

Падчас вобыску ў сямейнай пары канфіскаваны дарагія аксэсуары, тры іншамаркі, буйная сума наяўных грошай. Таксама сярод рэчаў выяўлена інструкцыя, як паводзіць сябе падчас допыту ў праваахоўных органах.

Следчымі ўзбуджана крымінальная справа. Праверачныя мерапрыемствы працягваюцца.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю