З выдавецкай анатацыі да кнігі вядомага беларускага паэта «Хто ўкраў сонца?»: «У чарговай кнізе вядомага дзіцячага пісьменніка Анатоля Зэкава змешчаны вершы, небыліцы і загадкі, якія дасціпна і з гумарам распавядаюць юным чытачам пра жыццё іх равеснікаў, навакольны свет, поўную цудаў прыроду і братоў нашых меншых». Выданне выйшла накладам у 1000 экзэмпляраў.
Адкрываецца зборнік цудоўным, вельмі яркім вершам з лаканічнай назвай — «Беларусь»: «Пахам лесу баравога/ Светлынёю бліскавіц/ Хаты роднае парогам/ Чысцінёй зямных крыніц/ Басаногім золкім ранкам/ І птушынай гаманой/ Партызанскаю зямлянкай/ І вясковай цішынёй/ Сонцам, зорам і небам/ Шчырай працай землякоў/ Жыццядайнай сілай хлеба/ Звонкім песенным радком/ Мовай матчынаю роднай/ Самым светлым пачуццём — / Беларусь, ты назаўсёды/ Увайшла ў маё жыццё».
Вершы, небыліцы, загадкі склалі кнігу «Хто ўкраў сонца». У зборніку — шмат гумару, шмат яркіх, запамінальных вобразаў і параўнанняў. Несумненна, кніга стане добрым сябрам юнага чытача. «Хто ўкраў сонца?» — гэта яшчэ і займальны мастацкі падручнік у вывучэнні роднай мовы. Малюнкі да кнігі-навінкі выканала таленавітая мастачка Людміла Галубец.
Нагадаем, што Анатоль Зэкаў — аўтар многіх кніг. Піша для дзяцей і для дарослага чытача. Нарадзіўся пісьменнік ў студзені 1955 года ў вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Першы верш надрукаваў у газеце «Піянер Беларусі» у 1969 годзе. Аўтар вершаваных зборнікаў «Зона кахання», «Промнік позірку твайму», «Дуэль», «Дуэль-2», «Вінегрэт пад фуршэт», «Тары-бары», «Чатыры зярняткі», «Не казкі пра Сашку», «Зязюля Гулюля» і іншых паэтычных і празаічных кніг. Паэт стварыў лібрэта спектакля «Жыццё і смерць Янкі Купалы», які быў пастаўлены Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам. Вершы Анатоля Зэкава перакладзены на многія мовы народаў свету (рускую, таджыкскую, чувашскую і іншыя), а таксама ўключаны ў школьныя падручнікі і хрэстаматыі для пазакласнага чытання. У 2019 годзе паэт быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.