Top.Mail.Ru

Не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца

«Хорошая новость. У нас ремонт!» — напісалі на дзвярах банка і, між іншым, чыстую праўду, бо закіпела работа, людзі (шмат, і, здаецца, адны мужчыны?) шчыравалі з раніцы да вечара.

А таму не дзіва, што ў хуткім часе на дзвярах замест ранейшай добрай навіны з’явілася яшчэ лепшая: «Вход здесь».

...Надоечы да яго, таго ўвахода, адмысловая машына пад’ехала: два інкасатары — з поўным! — дарогу перайшлі.Дзень абяцаў быць добрым.

Эстафета?

Анекдот: бабуля-скандалістка гучна абуралася, што ёй ніхто не саступае месца ў... пустым трамваі.

Наш трамвай у тую раніцу быў паўнюткі: месцы занятыя ўсе, прычым на большасці ўладкаваліся аж па тры чалавекі — гадкоў дзевяці. Хіба двум такім не пашчасціла — засталіся стаяць у праходзе. Перамаўляліся, нешта разглядалі ў смартфоне, пазіралі ў акно. А найболей сачылі за публікай: ці не ўстане хто, ці не з’явіцца месца? Потым, мусіць, стаміўшыся чакаць (ехаць было далёка), малыя пайшлі па салоне. «Э-э, дай пасядзець», — ціха прасілі ў сваіх... Пакуль з месца не ўсталі чужыя — дзве «пані трошкі ў гадах» са словамі:

— Сядайце, арлы... Можа, і вы калі нам месца саступіце.

Можа.

Чакай... З мора пагоды

Банальная гісторыя: дзяўчына пакахала не хлопца, а прыгожага і здаўна жанатага мужчыну.

Ён яе, мусіць, таксама любіў? Ці мо ў шэрасці будняў (праца, сям’я, будаўніцтва дома) проста хацеў нейкіх свят, бо хоць зрэдку ды прыходзіў да яе, часам начаваў.

Колькі так цягнулася?

Не год і не два: усе... 13, за якія ў таго мужчыны выраслі дзеці і вялікі прыгожы дом. У дзяўчыны, жанчыны не з’явілася, на жаль, нічога.

Італьянцы кажуць, што кахаць і не быць каханай — толькі час губляць.

Мама хацела як лепей

Жонка, дзіця, пакой у кватэры цешчы.

Здаецца, дня таго не было, каб яна не папракнула, не сказала зяцю, што трэба круціцца, зарабляць і купляць сваю, што іншыя ж гэта робяць.

Зяць не пярэчыў: хай не адразу, але ж ён таксама знайшоў работу, з’ехаў у прыгарад Масквы.

Працаваць падрадзіўся без выхадных, з сямі да сямі; сумуючы, кожны вечар, назвоньваў сваім і па святах стараўся прыехаць. Хацелася пажыць дома, пагуляць з дачкой, не без таго — аддаць жонцы грошы.

Тая вельмі рада была: лічыла і пералічвала, хваліла, што многа, але ж ёй (а найболей маме) хацелася больш. І муж згаджаўся. Яму плацілі за рабочыя дні, святочныя выляталі ў трубу ўслед за расходамі на цягнік, падарункі, гасцінцы... «Трэба эканоміць», — вырашыў муж і стаў прыязджаць радзей, а пасля ўжо і назвоньваць. Ну, сапраўды, аб чым размаўляць, калі ніякіх навін? Ды і стамляўся ён, шчыра кажучы: па вечарах усяго і мог, што паглядзець тэлевізар, пагуляць з сябрукамі ў карты альбо з імі ж схадзіць «на піва»...

Якраз там, у бары, аднойчы ён удала пажартаваў, і новая барменка так доўга, так шчыра смяялася, што Ягору захацелася расказаць ёй нешта яшчэ і яшчэ, падводзячы з работы да дому.

...Не, грошай ён усё ж паспеў зарабіць: у жонкі цяпер ёсць асобная ад мамы кватэра.

Мужа пакуль няма.

Разумнаму дастаткова

Горад, падземны пераход, крама з безліччу тавараў. 

Але ж вочы да гэтага ўжо прывычныя: спачатку яны знаходзяць патрэбнае, потым (і, здаецца, міжволі?) спыняюцца на цэнніках са зніжкамі ды навінкамі.

Сярод іх — што прыемна — цукеркі з досыць нечаканым «Родныя словы». А гэта значыць, што, купіўшы, і сапраўды можна зведаць смак нашых «Удзячнасці» і «Пяшчоты», падзяліцца «Натхненнем», пазычыць (калі некаму бракуе) трохі «Ціхамірнасці»... Не лішняй мо будзе і «Ветлівасць»... Раптам з’есць чалавек і сапраўды падабрэе, раптам успомніць, засвоіць гэтыя словы і захоча вывучыць безліч іншых, каб пачаць-такі размаўляць, чытаць?

...Разумнаму, кажуць, якраз слова і дастаткова.

Не ўсё тое збываецца...

Паводле ўспамінаў, адзін са знаёмцаў Шырвіндта — маладзейшы за яго, але з чатырма інфарктамі — пабудаваў дом, шэсць гадоў жыве там, але ніколі не быў на другім паверсе — не можа падняцца.

А ўсіх паверхаў у яго... чатыры, бо ў суседа — тры.

У сям’і знаёмцаў (бацька, маці і трое амаль дарослых дачок) гэткіх «пантоў» не было: яны проста вельмі хацелі пераехаць з горада на прыроду, у вёску.

Дзеля гэтага прадалі спадчынную кватэру ў Мінску, займелі грошы, распачалі будоўлю дома — з разлікам на перспектыву, на тое, каб у ім хапіла месца яшчэ і новым сямейнікам: будучым зяцям, унукам...

Бацькі азірнуцца не паспелі, як яны з’явіліся: павыходзілі дочкі замуж, зажылі асобнымі сем’ямі — хто бліжэй ад іх, хто далей.

У доме з вялікай гасцёўняй, камінам, кухняй-сталовай, шасцю спальнямі і трыма санвузламі найчасцей пануе цішыня: калі на шчасце, калі на жаль, не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца.

Валянціна Доўнар


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю