Пра тое, як інтэрнэт-ашуканцы маскіруюцца пад паспяховых трэйдараў і падманваюць наіўных карыстальнікаў, расказаў начальнік начальнік аддзялення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Партызанскага РУУС Мінска Дзмітрый Андалюкевіч.
У сацыяльных сетках усё часцей можна ўбачыць гісторыі пра тое, як нібы звычайны хлопец, студэнт, стаў паспяховым трэйдарам. У яго профілі — відэа з новенькай іншамаркай, брэндавай вопраткай, апошняй маркі айфонам — жыццё на поўную катушку. І вядома, ён дзеліцца з іншымі сакрэтам свайго поспеху: трэба проста пачаць інвеставаць.
— Многія не задумваюцца, што за гэтай карцінкай нярэдка хаваецца падман, — папярэджвае праваахоўнік. — У пагоні за прыгожым жыццём людзі гатовыя рызыкнуць апошнімі грашыма, даверыўшыся незнаёмцу з інтэрнэта. Хаця, бывае, уласным блізкім не давяраюць у такіх пытаннях. На справе ж — за поспехам стаіць схема падману.
Так, за пяць дзён мінчанін страціў каля 1300 рублёў, паверыўшы ў легенду аб звышпрыбытковай крыптабіржы. Малады чалавек убачыў у месенджары рэкламу аб добрым дадатковым заробку, звязаўся з менеджарам і атрымаў інструкцыю: унесці першапачатковы плацеж і аплаціць паслугі нібыта страхавога агента. Пасля таго як ён перавёў грошы, сувязь з так званым трэйдарам абарвалася. Толькі тады мінчанін зразумеў, што стаў ахвярай махляроў і звярнуўся ў міліцыю. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа.
— Верагоднасць зарабіць на такіх «біржах» практычна нулявая, — кажа Дзмітрый Андалюкевіч. — Нават калі на рахунку раптам з’явіцца прыбытак, ён будзе віртуальным і абнаявіць яго не атрымаецца: усплывуць нечаканыя камісіі, падаткі і іншыя перашкоды. Ашуканцы дзейнічаюць вельмі прафесійна. Яны добра валодаюць псіхалагічнымі тэхнікамі, умеюць выклікаць давер і ствараць яркі вобраз паспяховага чалавека. Іх мэта — выманіць у ахвяры як мага больш грошай, а калі атрымаецца, то прымусіць узяць яшчэ і крэдыт. Галоўнае правіла — не верце абяцанням аб хутім і вялікім прыбытку за кароткі тэрмін. Лепш прайсці навучанне па асновах трэйдынга і крыптарынка, выкарыстоўваць правераныя сэрвісы, абменнікі, біржы, пазбягаць сумнеўных спасылак і не ўкладваць усе сродкі ў невядомыя праекты.