У аўторак, 18 лістапада, у Палацы Незалежнасці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, на якой абмяркоўвалася развіццё раёнаў Прыпяцкага Палесся і рэалізацыя адпаведнай праграмы. Дарэчы, яго развіццё заўсёды знаходзілася на асаблівым кантролі ў Кіраўніка дзяржавы. Эксперты расказалі, чаму гэтаму рэгіёну Прэзідэнтам удзяляецца такая ўвага.
«Рабіць усё з розумам, як руплівыя гаспадары»
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Віктар Ананіч падзяліўся сваім меркаваннем па выніках нарады ў Кіраўніка дзяржавы, прысвечанай развіццю Палесся:
— Нарада стала важным этапам у рэалізацыі доўгатэрміновай праграмы развіцця да 2030 года. Яна пацвердзіла, што ўвага дзяржавы да рэгіёна носіць не дэкларатыўны характар, а падмацавана канкрэтнымі планамі і рэсурсамі.

Сенатар нагадаў, што праграма развіцця Палесся ахоплівае дзевяць раёнаў, дзе пражывае каля 350 тысяч чалавек:
— Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта адно з ключавых перадвыбарных абяцанняў, і работа ўжо вядзецца. Вынікі першых крокаў адчувальныя, але наперадзе яшчэ «мора работы». Праграма да 2030 года прадугледжвае не толькі эканамічныя праекты, але і сацыяльныя змены: паляпшэнне якасці жыцця, стварэнне працоўных месцаў, развіццё медыцыны і адукацыі.
Такім чынам, робіць выснову Віктар Ананіч, развіццё Палесся — гэта не разавая акцыя, а стратэгічны курс.
— Як парламентарый лічу важным, каб заканадаўчая база забяспечвала ўстойлівасць праектаў, асабліва ў сферы землекарыстання, экалогіі і сацыяльнай падтрымкі, — падкрэслівае ён. — Палессе валодае ўнікальнай прыродай і культурнай спадчынай і павінна стаць прыкладам сінергіі эканомікі і культуры, прадпрымальніцтва і турызму. Гэта будзе садзейнічаць стварэнню асаблівай атмасферы рэгіёна і ўмацуе яго брэнд не толькі як аграрнага і прамысловага цэнтра, але і тэрыторыяй новых магчымасцяў для бізнесу і турызму, дзе жыхары самі будуць актыўнымі ўдзельнікамі пераўтварэнняў. Галоўнае — рабіць усё з розумам, як робяць па-сапраўднаму руплівыя гаспадары.
«Ну, гэта наш»: пра асаблівае месца Палесся ў жыцці Прэзідэнта
У ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч звярнула ўвагу на той факт, што Прэзідэнт надае ўвагу ўсёй краіне і заўсёды падкрэслівае, што беларусы для яго — самыя важныя людзі. А Палессе займае асаблівае месца ў жыцці Кіраўніка дзяржавы.
— Яшчэ ў 1996 годзе ён асабліва адзначаў, што адчуваў, як палешукі яго падтрымалі. Міхаіл Русы (упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці. — Заўв. рэд.) успамінаў пра фатаграфію, пра якую казаў Прэзідэнт, — яна стаіць у яго на стале, на ёй ён разам з палешукамі. Аляксандр Лукашэнка вельмі часта ўспамінае, як касіў траву, якраз калі разлівалася Прыпяць. І там была вельмі цікавая гісторыя: Прэзідэнт успамінаў, што была жудасная спякота, яму далі касу і глядзелі, як ён будзе касіць. Ён гадзіну касіў, дзве касіў і потым пачуў, як жанчыны сказалі: «Ну, гэта наш», — расказала Ірына Акуловіч.

Як адзначыла госця праграмы, ад палешукоў паступалі вельмі цікавыя просьбы:
— Ведаеце, што самае першае папрасілі палешукі ў Прэзідэнта? У 1996 годзе яны папрасілі прывезці ім хлеб. Гэта якраз калі Прыпяць разлілася і правабярэжжа было адрэзана, хлеба не было. І тады Прэзідэнт прыняў рашэнне выкарыстаць адну з ваенных пякарань, яе прывезлі туды і пачалі пячы хлеб. Другая просьба была з нагоды Музея прыроды, якая, вядома, была выканана Прэзідэнтам. Ён заўсёды выконваў свае абяцанні. І для яго, яшчэ раз кажу, Палессе — асаблівая зона. Ён успамінаў, як у першыя гады хадзіў там у ботах і разам з палешукамі клеіў шпалеры.
Сёння праз гэтыя гады, амаль 30 гадоў, гаворка ідзе ўжо пра зусім іншыя рэчы, дадала Ірына Акуловіч:
— Звярніце ўвагу, першая праграма па развіцці Прыпяцкага Палесся была прынята ў 2010 годзе. І Міхаіл Русы вельмі добра падкрэсліў вынікі гэтай праграмы. Глядзіце, як усё змянілася. Рэнтабельнасць продажаў у Гомельскай вобласці вырасла ў 5 разоў! І задачы, якія ставяцца цяпер, накіраваныя на тое, каб людзі жылі лепш. Аб чым гаворка? Аб павышэнні зарплаты і паляпшэнні якасці жыцця. Прычым Кіраўнік дзяржавы кажа, што трэба ўлічваць асаблівасці рэгіёна і захоўваць іх. Любая праграма павінна быць распрацавана і рэалізавана з улікам асаблівасцяў рэгіёна.
Прэзідэнт вельмі выразна кажа, што трэба ўсё пралічваць: колькі грошай неабходна і дзе іх узяць. Ірына Акуловіч падкрэсліла: Кіраўнік дзяржавы заўсёды вядзе сумленную і адкрытую размову, калі справа датычыцца развіцця рэгіёнаў. Аляксандр Лукашэнка на нарадах разбірае ўсё па палічках. І, як сказаў Міхаіл Русы, калі задачы будуць пастаўлены, то і кантроль за іх выкананнем будзе, падкрэсліла эксперт.
— Таму гэта праграма да 2030 года, і, вядома, рэгіён вельмі важны, з цудоўнай прыродай, якую, як кажа Прэзідэнт, абавязкова трэба захаваць, — дадала яна. — І вельмі адказна паставіцца да ўсяго, што было зроблена. Кіраўнік дзяржавы гаворыць аб увазе да дэталяў — дарог, сацыяльнай сферы, сельскай гаспадаркі. Гэта значыць, не трэба разглядаць нейкі асобны кірунак, трэба глядзець на ўсё адразу.
Акрамя гэтага, госця праграмы закранула адну з перспектыўных сфер развіцця ў Беларусі — турызм:
— Так, напрыклад, Беларусь у расіян займае, напэўна, першае месца, куды яны з задавальненнем едуць адпачываць. Таму, вядома, трэба выкарыстоўваць свой патэнцыял. Людзі сёння сапраўды звяртаюцца да прыроды, да таго, што душы блізка. І гэта перш за ўсё экалогія, спакой. Усё гэта ёсць у нас у Беларусі, а ў Палескім рэгіёне — ужо тым больш. Таму трэба даць прыватнаму бізнесу магчымасці развівацца ў турызме. А прыватны бізнес добра развівае турыстычную сферу: адкрываюцца новыя месцы, гасцініцы і гэтак далей. У створаных умовах людзі разумеюць, што могуць развівацца ў гэтай сферы.

Канструктыўныя дзеянні — перспектывы
У сваю чаргу псіхолаг Алёна Дзіёдзіна ў эфіры тэлеканала СТБ звяртае ўвагу на тое, што, ладзячы які-небудзь новы праект, трэба спачатку ацаніць перспектывы і рызыкі, бо калі праграма дзеянняў патрабуе буйных укладанняў, то сляпыя і неабдуманыя рашэнні могуць прывесці да марнавання грошай.
Яна прывяла цытату Прэзідэнта з нарады аб неабходнасці эфектыўна планаваць праграму развіцця Прыпяцкага Палесся: «Мы заўсёды павінны памятаць, а ці ёсць у нас на гэта грошы для таго, каб гэтыя мерапрыемствы ажыццявіць»:
— Але што значыць у дадзеным выпадку — зыходзіць ад зямлі? Гэта значыць — ісці ад рэальнасці, калі ацэнка сваіх магчымасцяў адэкватная.
Эксперт нагадала, што на сённяшні дзень бюджэт краіны — гэта магчымасці, але пры ўмове, што мы інвестуем правільна і па розуме:
— Канструктыўны падыход да праграм развіцця ў перспектыве здольны прымнажаць прыбытак. А як менавіта звязаны прыбытак з якасцю жыцця або адкрыццём дадатковых вектараў развіцця — пытанне рытарычнае. Канструктыўныя дзеянні — перспектывы.
Псіхолаг вылучыла і яшчэ адзін тэзіс Кіраўніка дзяржавы на нядаўняй нарадзе: «Усё павінна быць дакладна пралічана, выверана і галоўнае — у перспектыве прыносіць эканамічную аддачу. Асабліва калі гаворка ідзе пра бюджэтныя сродкі. Лішніх грошай у краіне няма».
— Сапраўды парадак канкрэтных дзеянняў прадугледжвае не так ужо і шмат крокаў: сфармуляваць мэту, зыходзячы са сваіх магчымасцяў. Затым важна падзяліць гэту мэту на задачы, размеркаваць сілы і пачынаць дзейнічаць. Пры ўмове адэкватнай ацэнкі ўласных сіл, шанц на поспех узрастае, — тлумачыць эксперт. — Хоць адсутнасць сувязі з рэальнасцю непазбежна вядзе да страт: часам фінансавых, часам чалавечых.
У якасці прыкладу апошніх неразумных дзеянняў яна прывяла Літву, якая заблакіравала наземныя граніцы з Беларуссю, выпусціўшы з увагі тое, што, парушаючы лагістыку транспарту, найбольш буйныя страты панясе сама:
— Такі парадак дзеянняў прывёў да мільярдных страт з боку Літвы. Хоць у бюджэце краіны наўрад ці былі лішнія грошы. Магчымасць пераарыентацыі транзітных шляхоў праз Польшчу ніхто не ўлічыў.
Псіхолаг канстатуе: мерапрыемствы дзяржаўнай важнасці каштуюць грошай, але ставіцца да бюджэту краіны варта беражліва, бо бюджэт не безразмерны:
— Пакуль дынаміка жыцця нашага часу патрабуе грошай. І накіроўваць укладанні заўсёды ў што і куды.
«Палессе — месца прыцягнення»
Як звярнула ўвагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Ірына ДАЎГАЛА, яшчэ ў папярэдняй праграме былі абазначаны пытанні развіцця інфраструктуры Прыпяцкага Палесся, вялікі акцэнт быў зроблены на аб’екты сацыяльнага прызначэння:
— Ніхто ні ў якім разе не гаворыць, што гэта не трэба. Трэба. Але гэта павінна быць у развіццё і забеспячэнне эканамічнага складніка рэгіёна, а гэта значыць, што зараз абгрунтавана робіцца акцэнт на яго мадэрнізацыі і ўдасканаленні эканомікі.

Па словах парламентарыя, Палессе — прыгожы край, таму асаблівае месца ў праграме павінен займаць турыстычны бізнес.
— Кіраўнік дзяржавы дакладна расставіў акцэнты, што будаваць запатрабаваныя аб’екты неабходна ў самыя кароткія тэрміны, але такія, каб эканамічная аддача не прымусіла сябе чакаць, — звярнула ўвагу Ірына Даўгала.
Дэпутат адзначыла ўнікальны культурна-турыстычны каларыт Палесся.
— Чаго варты міжнародны фестываль «Кліч Палесся» ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна (такі статус фестывалю быў нададзены дзякуючы нашаму Прэзідэнту), куды з задавальненнем едуць турысты не толькі з Беларусі, Расіі, краін СНД, а і Прыбалтыкі, далёкага замежжа, — канкрэтызавала яна. — Месцаў у гатэлях не хапае, каб размясціць усіх ахвотных. А фестываль літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага» расчыняе дзверы ўсім, каму дарагая народная творчасць, свае карані. Практычна ніхто з турыстаў не прыязджае на адзін дзень, а, значыць, інфраструктура павінна быць, як гавораць ваенныя, у поўнай боегатоўнасці. Праваслаўны фестываль духоўнай, народнай і ваенна-патрыятычнай песні «Палескі Вялікдзень» заўсёды з нецярпеннем чакае паломнікаў з усіх куткоў блізкага і далёкага замежжа, а таямніца тураўскіх крыжоў, якія растуць, была і застаецца месцам прыцягнення нашых гасцей. І гэта далёка не ўсе цудоўныя месцы, традыцыі нашага Палесся.

Ірына Даўгала ўпэўнена: штуршок, які даў Прэзідэнт, стане хуткім стартам для развіцця эканамічнага і турыстычнага патэнцыялу яе малой радзімы — Палесся.
Вольга АЛЯКСАНДРАВА, Вераніка КАНЮТА.