Top.Mail.Ru

«Не проста каменныя сцены». Якім стане Крэўскі замак, расказалі ў Інстытуце гісторыі НАН

У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі падчас круглага стала «Актуальныя праблемы даследавання, рэстаўрацыі і музеефікацыі Крэўскага замка», эксперты прадставілі вынікі апошніх археалагічных работ, а таксама расказалі якім стане Крэўскі замак пасля завяршэння работ, паведамляе БелТА. 


Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза падкрэсліў значнасць замка не толькі для краіны, але і для сусветнай гісторыі. «Крэўскі замак — сусветна вядомы аб’ект, уключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Сёння мы ўдзельнічаем у працэсе па рэстаўрацыі і прыстасаванні ўнікальных помнікаў архітэктуры ў сферу жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы. Важна абмяркоўваць пытанні захавання і папулярызацыі такіх аб’ектаў сярод вузкіх спецыялістаў для вырашэння прафесійных задач, якія ўзнікаюць», — адзначыў ён.

Першы этап рэстаўрацыі замка, мэтай якога было захаванне аўтэнтычных фрагментаў, што дайшлі да сучаснасці праз стагоддзі, ужо паспяхова завершаны. Па словах начальніка аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяны Ражавай, зараз перад спецыялістамі стаіць новая амбіцыйная задача. «Мы жадаем зрабіць замак не проста каменнымі сценамі, а жывым аб’ектам, дзе турысты змогуць адкрыць для сябе шмат новага. Наша мэта — каб Крэўскі замак працаваў на развіццё гісторыі і патрыятызму. Мы запрашаем экспертаў да сумеснай работы над стварэннем музея, які неўзабаве павінен з’явіцца ў Крэве», — сказала прадстаўнік райвыканкама.

Аб непасрэдным ходзе работ расказала галоўны архітэктар праекта праектнага філіяла «Белрэстаўрацыя» Алена Карлёнак. Паводле яе слоў, даследаванні 2025 года поўнасцю пацвердзілі здагадкі архітэктараў. «Намі была знойдзена трэцяя вежа замка. Раскапаны контур збудавання з магутнымі падмуркамі і скляпеністымі перакрыццямі. Акрамя таго, у непасрэднай блізкасці ад яе выяўлена малая ніжняя брама. Цесаныя камяні дазволілі нам дакладна вызначыць яе габарыты, а знойдзеныя па баках збудаванні сведчаць аб сістэме абароны гэтага ўезду», — растлумачыла Алена Карлёнак. 

Графік работ ужо вызначаны. У красавіку праектная дакументацыя будзе пададзена на дзяржаўную экспертызу. Будаўніча-мантажныя работы плануецца пачаць у летні перыяд. «Мы разлічваем завяршыць будаўніча-мантажныя работы да канца бягучага года. Адразу пасля гэтага паўстане задача музеефікацыі памяшканняў і стварэння пастаяннай музейнай экспазіцыі», — дадала архітэктар праекта.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю