Top.Mail.Ru

На выніковай калегіі Міністэрства інфармацыі былі падведзены вынікі і абазначаны прыярытэты развіцця медыяпрасторы

Аб дзейнасці галіны сродкаў масавай інфармацыі, сфакусіраваўшы ўвагу на росце даверу да дзяржаўных СМІ і заклікаўшы журналістаў больш актыўна працаваць, расказаў міністр інфармацыі Марат Маркаў. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў і намеснік прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч.


Узровень даверу да дзяржаўных СМІ расце 


Па словах першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзіміра Пярцова, аб гэтым сведчаць вынікі сацыялагічных даследаванняў і аб’ектыўных замераў пры дапамозе розных лічбавых, у тым ліку і прызнаных ва ўсім свеце сістэм. Па выніках 2025 года давер беларусаў да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі вырас да 61,4 %, у 2021 годзе гэты паказчык быў роўны 38 %. 

Але, адзначыў Уладзімір Пярцоў, журналісты не павінны паддавацца эйфарыі ад бягучага дамінавання ў інфармацыйнай прасторы. Усё яшчэ ёсць да чаго імкнуцца, адзначыў міністр інфармацыі: «Вы абавязаны даваць настолькі якасны інфармацыйны прадукт для таго, каб давер да вас — а ўзровень гэтага даверу пастаянна расце на працягу апошніх пяці гадоў — станавіўся абсалютным. Каб вы станавіліся галоўнай крыніцай інфармацыі для нашых тэлегледачоў і карыстальнікаў», — адзначыў міністр. 

Справа ў тым, што нават ужо дасягнутыя перамогі могуць падвяргацца ўздзеянню розных новых платформ і сістэм. У сувязі з гэтым Уладзімір Пярцоў адзначыў неабходнасць улічваць перавагі маладога пакалення, думаць аб новых інфармацыйных стратэгіях, шляхах, медыйных платформах: «Трэба разумець, што маладое пакаленне слаба сабе ўжо ўяўляе, што такое друкаваная газета. Тэлевізар — крыху лепш, радыёвяшчанне застаецца стабільным па карыстанні ў нашай краіне. І мы таксама павінны гэта ўлічваць, нягледзячы на ўсе лічбавыя стрымінгавыя платформы, — падкрэсліў Уладзімір Пярцоў. — Увогуле, усе выклікі і пагрозы, якія нам трэба будзе пераадолець у бягучым 2026 годзе, мы павінны пераадольваць гэтак жа годна, як рабілі гэта ў 2025-м, 2024-м і ў іншыя гады». 

Асобную ўвагу першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ўдзяліў тэматыцы Года жанчыны, якая, паводле слоў Уладзіміра Пярцова, павінна праходзіць чырвонай лініяй праз усе матэрыялы і падзеі, асабліва напярэдадні 8 Сакавіка. «Жанчына — гэта дабро, гэта стваральная праца, гэта мір. Усе сёння не толькі ў нашай краіне, але і на планеце хочуць менавіта гэтага — мірнага паступальнага развіцця».
Бягучую геапалітычную сітуацыю Уладзімір Пярцоў ахарактарызаваў як барацьбу, якая на дадзены момант актыўна вядзецца ў інфармацыйнай прасторы. «„Беларускі балкон“ па-ранейшаму раздражняе большасць з нашых апанентаў, тых, хто знаходзіцца вакол нас», — зазначыў ён, заклікаўшы журналістаў зрабіць усё магчымае, каб гэтае супрацьстаянне заставалася выключна ў медыйнай сферы. «Тады і гэты Год беларускай жанчыны, і наступныя гады ў нас будуць праходзіць пад знакамі міру і стваральнай працы».

СМІ могуць ствараць рэальную дзяржаўную палітыку 


Аб гэтым заявіла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч. Віцэ-прэм’ер прывяла прыклад — дэмаграфічная бяспека. «Мы ўсе разумеем, што сёння ёсць адкладзенае мацярынства, — сказала Наталля Пяткевіч. — Раней жанчыны баяліся нарадзіць позна — ці мала што, сёння чуем, што там зорка ў 50 гадоў нарадзіла, там — у 56. Давайце расказваць, што пасля 30 і сёння нараджаць складана, асабліва калі ёсць праблемы са здароўем. Трэба тлумачыць, што гэтыя рэчы трэба рабіць своечасова. Бо абсалютная большасць маладых дзяўчат і хлопцаў хочуць мець сям’ю і дзяцей». 

Гаворачы аб ведамасных СМІ, намеснік прэм’ер-міністра адзначыла, што, калі ведамства хоча мець сваё СМІ, яно павінна зрабіць яго якасным. «Рабіце кантэнт. Любы сродак масавай інфармацыі можна зрабіць цікавым. Калі мы сёння разумеем, што шэраг ведамасных СМІ павінны перайсці з друкаванай формы ў іншую, значыць, трэба пераходзіць», — канстатавала яна. 

Па словах Наталлі Пяткевіч, самае галоўнае для Міністэрства інфармацыі — быць паўнавартасным і ўсёабдымным рэгулятарам у сваёй сферы. «Галоўнае пытанне — гэта якасць кантэнту ўсіх відаў СМІ і іншых крыніц распаўсюджвання інфармацыі. Гэта працэс пастаянны, і нам ёсць чаму вучыцца», — дадала намеснік прэм’ер-міністра. 

Інфармацыйны фронт — у прыярытэце 


Станоўчая дынаміка развіцця медыягаліны працягваецца апошнія два гады са з’яўленнем цэлага шэрагу канкрэтных праектаў. Напрыклад, як адзначыў міністр інфармацыі Марат Маркаў, у 2025 годзе з’явілася новае «Радыё Перамога», запуск якога стаў сімвалічнай падзеяй у год 80-годдзя Перамогі. Значнай з’явай для інфармацыйнай прасторы краіны стаў выхад у эфір новага спортканала. Быў зарэгістраваны і новы тэлеканал «ВаенТБ», які пачаў вяшчанне ўжо ў пачатку 2026 года. 

Таксама ў 2025 годзе ў Беларусі з’явіўся праект «РадыёТрыумф»: «Гэта прэмія для радыйнага поля. І ў 2025 годзе мы нарэшце даведаліся найлепшых, убачылі іх ужывую, атрымалі 234 заяўкі і змаглі, скажам так, па заслугах ацаніць людзей, якія працуюць у гэтым кірунку», — расказаў Марат Маркаў. Важным дасягненнем стала і адкрыццё прадстаўніцтва Белтэлерадыёкампаніі ў Кітаі, падкрэсліў міністр. 

Ён адзначыў недапушчальнасць памылак у рабоце журналіста, а таксама нагадаў аб высокай адказнасці прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі з-за бягучай міжнароднай абстаноўкі: «Вы павінны рабіць якасны прадукт. Вы не маеце права дапускаць найпрасцейшых памылак, якія, на жаль, часта становяцца негатыўным маркерам нашай работы, нягледзячы на ўсе дасягненні, — падкрэсліў Марат Маркаў. — Вы сёння знаходзіцеся на інфармацыйным фронце, мы ўвесь час пра гэта гаворым. Вы бачыце, што адбываецца вакол нас. Вы бачыце жахлівыя падзеі, якія вядуць да гібелі тысяч людзей штодзень. І я скажу прама, як міністр: ваюйце. Ваюйце на сваім інфармацыйным фронце такім чынам, каб ніколі гарачая вайна на нашай тэрыторыі не ўзнікла. Вось калі вы зможаце гэта забяспечыць — значыць, вы выканалі сваю функцыю». 

Гаворачы аб рэгіянальных СМІ, Марат Маркаў адзначыў іх паспяховую трансфармацыю ў канвергентныя рэдакцыі. За 2025 год у сацыяльных сетках рэгіянальным СМІ ўдалося павялічыць сваю аўдыторыю на 50 %: «Гэта выдатны вынік. Сёння не хапае экспертаў, не хапае лідараў меркаванняў менавіта ў рэгіёнах і з рэгіёнаў. Вось гэтая задача будзе сёння абазначана. І я лічу, што яны здольныя з ёй справіцца», — падкрэсліў Марат Маркаў, адзначыўшы, што Міністэрства інфармацыі будзе ўсяляк садзейнічаць гэтаму развіццю рэгіянальных СМІ. 

Аміна НАЗАРАВА

На выніковай калегіі таксама былі ўручаны ўзнагароды. Падзяку міністра інфармацыі атрымала Вераніка Канюта, рэдактар аддзела палітыкі «Звязды», за актыўную работу па рэалізацыі задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, за значны асабісты ўклад у развіццё сектара сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі.
Шчыра віншуем калегу!


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю