Праглядаючы камедыйны серыял «Сваты», у чарговы раз пасмяяўся над чыстым, незласлівым гумарам герояў кінастужкі. На гэты раз найбольш павесяліла, як Міцяй святкаваў дзень дэсантнікаў: важнічаў у прыгожай форме, узятай напракат, выпіваў, выкідваў конікі ля фантана... Пакуль не высветлілася, што да дэсантнікаў ён мае такія ж адносіны, як наш дранік да фуагра.
Нешта падобнае было і ў нашых мясцінах.
...Да выхаду на пенсію Павел Антонавіч шмат дзе працаваў (нават у Забайкаллі), шмат чаго расказваў, але ў падрабязнасці сваёй багатай біяграфіі пасвячаў нямногіх.
А тут у размове са сваім (і маім)
знаёмым спытаў, ці няма ў яго запчасткі да старога «фолькс-
вагена?» «Пагляджу, можа, і ёсць, — адказаў Сцёпа. — Машына ж была... Калі што, падвязу».
Паабяцаў, карацей, чалавеку і не падмануў: у найбліжэйшую суботу (напрыканцы ліпеня) сапраўды падаўся на ўскраіну райцэнтра, дзе жыў Антонавіч. Далей — са слоў Сцяпана:
— Машыну спыніў на вуліцы, заходжу ў двор і яшчэ ад брамкі чую гаману: «Дзень ваенна-марскога флоту для мяне — ну як дзень нараджэння, — абвяшчае гаспадар. — Няма ў Беларусі мора, нават рачное параходства не вельмі развіта, але марак — ён усюды марак! Мы, дзеці Савецкага Саюза, адзначаем гэтае свята...» Ну-ну, — ухмыльнуўся я, — бо ведаў, што Антонавіч пасля школы хіба паступіў ды трохі павучыўся ў ваенна-марскім вучылішчы...
Але ж, як людзі кажуць, не люба — не слухай, а рот не затыкай. Дык я таму і не думаў, запыніўся крыху — чую:
— А ці далёка ж плаваў? — пытае ў «марака» хтосьці з застольнікаў.
— Салага, — перапыняе Антонавіч. — Мы, маракі, не плаваем, мы — ходзім.
— Ды скуль жа мне ведаць, што вы там робіце, — бянтэжыцца цікаўны. — Я ж танкістам быў, мора ў кіно толькі
бачыў!
— То-та ж... А я вось паглытаў салёнага марскога пылу. Бывала, на некалькі месяцаў пакідаў сваю гавань.
— Што, і за мяжой бывалі? — зайздросціць нехта з бяседнікаў. — Уяўляю: мора, порт, на беразе — рэстаран, чырвонае віно, дзяўчаты...
— Гэта — хіба на адпачынку, — згаджаецца гаспадар. — А будні ды сапраўдная загартоўка была ў час службы на Балтыцы, у Паўночным Ледавітым акіяне. Дзякуючы ім, я да сёння ў нашай рэчцы купаюся, нават зімой.
— А ці шмат жа маракоў у нашым раёне? Ці збіраецеся разам?.. Ну хоць бы на свята.
— Ёсць некалькі чалавек... Але простыя матросы. А вось на Магілёўшчыне, адкуль я пераехаў, былі сапраўдныя «марскія ваўкі»! Пагаварыць з імі — розуму набрацца!
...Хавацца ў цені я болей не стаў, — прызнаўся Сцяпан, — выйшаў да кампаніі: павітаўся, павіншаваў гаспадара са святам, зірнуў на яго фотаздымак (мусіць, з часоў вучобы ў мараходцы?), перадаў запчастку і стаў развітвацца.
Бяседнікі, вядома ж, запрашалі прысесці, але я не стаў псаваць гаспадару ягонае свята. Проста падміргнуў: маўляў — працягвай, калі хочаш, я нікому не скажу... А ўжо працягваў «марак» ці не, на жаль, не ведаю.
Віктар Сабалеўскі, г. Узда.