Top.Mail.Ru

«Мы павінны падставіць плячо там, дзе можна»

На рабочай нарадзе ў Савеце Рэспублікі абмеркавалі ход сёлетняй уборачнай кампаніі


Ходу ўборачнай самую пільную ўвагу надае кіраўнік дзяржавы, які на нядаўняй селектарнай нарадзе арыентаваў кожнага працаваць на сваім месцы годна і без збояў. Гэтай тэме была прысвечана і рабочая нарада ў Савеце Рэспублікі.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА заклікала сенатараў уключыцца ў работу, якая датычыцца ўборачнай. 

«Нам трэба выязджаць у раёны, — адзначыла спікер Савета Рэспублікі. — Вы павінны пабываць у сельскагаспадарчых прадпрыемствах, паглядзець, як там арганізавана работа, на гатоўнасць тэхнікі, як працуюць людзі, якія ўмовы створаны сёння для іх работы, ці забяспечаны кадрамі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы для таго, каб арганізаваць нармальны ход уборачнай кампаніі. Мы павінны падставіць плячо там, дзе можна. Гэта ўсё ў нашых сілах. Умовы надвор’я як заўсёды нестабільныя, таму дарагая кожная гадзіна».

Галоўнай задачай Наталля Качанава назвала аказанне садзейнічання ходу ўборачнай-2026, каб усе неабходныя работы былі выкананы якасна, без страт і ў тэрмін, вызначаны Прэзідэнтам. 

Старшыня Савета Рэспублікі таксама падчас нарады папрасіла старшыняў абласных Саветаў дэпутатаў давесці актуальную інфармацыю да ўсяго дэпутацкага корпуса ў абласцях. «Асаблівую ўвагу ўдзяліце сельскім Саветам. Яны не павінны быць пабочнымі назіральнікамі ў гэтай рабоце», — падкрэсліла Наталля Качанава.

Спікер арыентавала дапамагаць людзям, якія маюць у гэтым патрэбу, з уборкай ураджаю на іх прыватных падворках, там, дзе ёсць падсобныя гаспадаркі. Старшыня Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу і на падтрымцы фермерскіх гаспадарак.

«Сельская гаспадарка — найцяжэйшая праца. Мы нясём вялікія выдаткі на пасяўную кампанію — насенне, угнаенні, паліва. Калі потым гэта не сабраць (ураджай. — „Зв.“), страціць — гэта недаравальна».

Наталля Качанава звярнула асаблівую ўвагу на работу зернесушыльных комплексаў, за якой трэба назіраць. «Нам кожнае зернетка важна. Гэта чалавечая праца, нашы грошы, эканоміка і наша бяспека», — падкрэсліла спікер.

Абавязковай для кантролю застаецца тэма мігрантаў. «Калі ёсць такія людзі (у сельгасарганізацыях. — „Зв.“), звярніце ўвагу на іх працу. Наша галоўная задача — працаваць з людзьмі. А працаваць з людзьмі — гэта ў тым ліку і бачыць, хто прыехаў, як працуюць, як жывуць, чым людзі забяспечаны», — заклікала Наталля Качанава.


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід ЗАЯЦ у размове з журналістамі адзначыў: «У Беларусі вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні, што датычацца ўборкі збожжавых культур. На ўзроўні кіраўніка дзяржавы вырашаны пытанні забеспячэння паліва. Кіраўнік дзяржавы даручыў Прэм’ер-міністру курыраваць яго наяўнасць у сельгаспрадпрыемствах. Вырашаны пытанні па выкупе дзяржаўных заказаў, а таксама аказана сур’ёзная дапамога з боку прамысловых прадпрыемстваў краіны, з боку Узброеных Сіл, МУС, МНС па забеспячэнні транспартам і прыцягненні дадатковай колькасці механізатараў на жніво. Забяспечанасць кадрамі і палівам дазваляе зрабіць выснову аб тым, што ўборачная кампанія павінна прайсці хутка, арганізавана і, самае галоўнае, без страт».

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю