Top.Mail.Ru

У 20-годдзе славутага «алмаза» парламентарыі абмеркавалі і значнасць гэтага будынка для грамадзян краіны, і ролю Прэзідэнта ў яго стварэнні

«Аляксандр Рыгоравіч асабіста паказаў прыклад непасрэднага ўдзелу ў стварэнні гэтага велічнага аб’екта»


У аўторак кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў і Міністэрства культуры прынялі ўдзел у пасяджэнні круглага стала «Нацыянальная бібліятэка Беларусі — дзейнасць у імя творчасці і стваральнай працы», прымеркаванага да 20-годдзя новага будынка бібліятэкі. Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з гісторыяй бібліятэкі, яе магчымасцямі як грамадска-палітычнага цэнтра і новымі тэхналогіямі ў бібліятэчнай справе.


«Сур’ёзны брэнд нашай Беларусі, які вядомы далёка за мяжой»

Адкрываючы пасяджэнне, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка канстатаваў, што сёння цікавасць да кнігі не згасае, а толькі расце. Ён дадаў, што калектыў Нацыянальнай бібліятэкі прыкладае максімум намаганняў для таго, каб не проста прапагандаваць кнігу, а даваць магчымасць усім жадаючым знаёміцца, рыхтавацца, пісаць навуковыя працы. «Нацыянальная бібліятэка стала наймагутнейшай пляцоўкай для правядзення рознага роду міжнародных мерапрыемстваў, форумаў, перагавораў, — звярнуў увагу спікер. — І гэта ўжо сур’ёзны брэнд нашай Беларусі, які вядомы далёка за мяжой. Тут увасоблены найлепшы сусветны вопыт у арганізацыі абслугоўвання насельніцтва і далучэння да кнігі».


На базе Нацыянальнай бібліятэкі, па словах кіраўніка дэпутацкага корпуса, праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія накіраваны на патрыятычнае выхаванне моладзі, абарону гістарычнай праўды, прапаганду нацыянальнай культуры. «Гэта значыць, Нацыянальная бібліятэка з’яўляецца культурным наймагутным цэнтрам, служыць і будзе служыць ідэалам міру, дабра, гуманізму і асветы», — падкрэсліў Ігар Сергяенка, дадаўшы, што калектыў бібліятэкі не стаіць у баку і ад навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Спікер адзначыў, што прававая аснова развіцця бібліятэчнай дзейнасці ў Беларусі закладзена даўно. Ён нагадаў, што ў свой час быў падрыхтаваны Закон «Аб бібліятэчнай справе», унесены карэктывы ў заканадаўства па пытаннях абавязковага капіравання дакументаў. Асноўныя палажэнні гэтых дакументаў былі ўключаны ў Кодэкс аб культуры, і яны практычна сёння працягваюць працаваць і быць запатрабаванымі.


Міністр культуры Марат Маркаў падкрэсліў, што Нацыянальная бібліятэка — гэта славутасць, якую пазнаюць ва ўсім свеце: «Але ў першую чаргу аснову гэтай славутасці, на мой погляд, складаюць людзі, якія тут працуюць. Таму што калі не будзе душы ў гэтым цудоўным будынку, вядома ж, не будзе нічога астатняга».

У сваю чаргу член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін зачытаў віншавальны адрас ад Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і старшыні Канстытуцыйнага Суда Сяргея Сіўца. Ён падрабязна расказаў, чым сёння жыве Нацыянальная бібліятэка краіны.


Сімвал інтэлектуальнай дзеяздольнасці нацыі

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк выступіў з дакладам на тэму «Роля Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у стварэнні новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі». Ён падкрэсліў, што Нацыянальная бібліятэка — гэта заўсёды сімвал інтэлектуальнай дзеяздольнасці нацыі.


«5 лістапада 2001 года пасля наведвання Нацыянальнай бібліятэцы, размешчанай на вуліцы Чырвонаармейскай, было прынята рашэнне аб узвядзенні новага будынка. 1 лістапада 2002 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь заклаў першы камень у яе заснаванні. Кіраўнік дзяржавы разумеў, што гэта не проста будоўля і не проста перамяшчэнне кніг. Менавіта таму ён тады сказаў: «Мы з вамі пачынаем вялікую справу — будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі краіны», — прывёў словы беларускага лідара Ігар Марзалюк.

У найлепшых беларускіх традыцыях была пачата будоўля, як усенароднае дзейства, як наша беларуская талака. «Аляксандр Рыгоравіч асабіста паказаў прыклад непасрэднага ўдзелу ў стварэнні гэтага велічнага аб’екта. Прэзідэнт удзельнічаў у будаўніцтве, і сцены бібліятэкі памятаюць яго рукі, якія ўзводзілі іх сумесна з рабочымі, архітэктарамі, студэнтамі. Гэта высакародная будоўля, будоўля беларускага свету, беларускай душы і беларускіх сэнсаў. «Гэтая будоўля не толькі патрабаванне часу, але і наш рэальны ўнёсак у дабрабыт і росквіт Беларусі ў сучаснасці і асабліва ў будучыні», — працытаваў Прэзідэнта парламентарый.


Ігар Марзалюк звярнуў увагу, што кіраўнік дзяржавы вельмі канкрэтна і адназначна сфармуляваў важнасць праекта ў якасці сімвала нашай незалежнасці, самасці і менталітэту. «Прымаючы рашэнне аб гэтай будоўлі, мы марылі ўзвесці будынак, які стане нацыянальным сімвалам нашай маладой незалежнай краіны, нашай візітнай карткай, увасабленнем самых важных рыс характару беларускага народа. Народа, які ўвайшоў у гісторыю не як агрэсар, захопнік і разбуральнік, а як працаўнік і стваральнік, які даў свету цэлую плеяду духоўных паплечнікаў, мысляроў, навукоўцаў і асветнікаў», — прывёў словы беларускага лідара Ігар Марзалюк.


Ён дадаў, што, па сутнасці, узвядзенне новага будынка бібліятэкі Прэзідэнт атаясамліваў па ступені важнасці з узвядзеннем у далёкім XІ стагоддзі храма святой Сафіі Полацкай. «Няхай Нацыянальная бібліятэка стане сапраўдным храмам мудрасці для ўсіх, хто будзе прыходзіць сюды ў пошуках ведаў», — працытаваў Прэзідэнта парламентарый.

Па словах Ігара Марзалюка, сучасны будынак Нацыянальнай бібліятэкі не мае сабе роўных па арыгінальнасці і маштабнасці рэалізаванага праекта. Бібліятэка робіць гонар людзям, якія стварылі наш беларускі самабытны арыгінальны праект. «Гэта ўнікальны будынак спалучае строгую прыгажосць сучаснай архітэктуры і найноўшыя навукова-тэхнічныя рашэнні. Тут прадугледжаны шырокі доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў, створаны ўмовы для захавання і выкарыстання навуковых і культурных дасягненняў мінулага і сучаснасці, для работы, адпачынку і правядзення важных міжнародных мерапрыемстваў. Нацыянальная бібліятэка — увасабленне моцы і працвітання Радзімы, стваральнай сілы і энергіі беларускага народа», — прывёў словы Прэзідэнта Ігар Марзалюк з запісу ў Кнізе ганаровых гасцей.


Парламентарый падкрэсліў, што нельга не пагадзіцца са сцвярджэннем нашага лідара аб тым, што новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі стаў сапраўдным архітэктурным брыльянтам краіны, пацвярджэннем адвечнага імкнення беларусаў да ведаў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю