Днямі прайшла штогадовая ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года», якая стала фінальным мерапрыемствам Беларускага тыдня прадпрымальніцтва. Па выніках работы ў 2024 годзе лаўрэатамі конкурсу сталі 33 прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу — ініцыятыўныя беларусы, чые ідэі і праца трансфармаваліся ў паспяховыя справы ў розных галінах рэальнага сектара: ад прамысловасці і транспарту да сферы паслуг і турызму.
— Усе прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, робяць адпаведны ўнёсак у сваю галіну. Напрыклад, толькі ад пераможцаў у бюджэт паступіла каля 70 мільёнаў рублёў, а гэта супастаўна з будаўніцтвам трох дзіцячых садкоў. Здавалася б, 33 прадпрыемствы, але які ўклад у эканоміку краіны! — адзначыў на цырымоніі ўзнагароджання міністр эканомікі Юрый Чабатар.
Ён таксама звярнуў увагу, што лаўрэаты конкурсу забяспечваюць занятасць больш за 2,6 тысячы чалавек, толькі сёлета імі створана больш як 140 рабочых месцаў. А такіх прадпрыемстваў з ліку малога і сярэдняга бізнесу ў нас у краіне больш за 130 тысяч.
Сёння суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ствараюць больш за чвэрць валавога ўнутранага прадукту краіны, кожны трэці рубель у даход бюджэту паступае ад МСП. Яны забяспечваюць пятую частку аб’ёму прамысловай вытворчасці, трэцюю частку ў рознічным тавараабароце. Акрамя таго, МСП адыгрывае важную ролю ў знешнім гандлі.
Безумоўна, галоўнымі складнікамі поспеху з’яўляюцца ініцыятыўнасць, працавітасць і ўпартасць прадпрымальнікаў, якія разам з фінансавай падтрымкай прыносяць значныя і эфектыўныя вынікі.
Віншуючы пераможцаў конкурсу ў намінацыі «Стабільны поспех», першы намеснік старшыні праўлення Банка развіцця Раман Бродаў (які ўчора Указам Прэзідэнта быў прызначаны членам Савета Рэспублікі) адзначыў, што падтрымка фінансавага інстытута штогод накіроўваецца на амаль тысячу невялікіх вытворчасцяў у кожным раёне краіны.
— У бягучых сусветных рэаліях стабільнасць — значна больш, чым азначала гэта слова яшчэ некалькі гадоў таму. Банку развіцця асабліва прыемна ўручаць сёння заслужаныя ўзнагароды ў намінацыі, дзе галоўным з’яўляецца менавіта слова «стабільны». Удвая прыемна, што палова прызёраў — кліенты Банка развіцця. Ваш паспяховы вопыт наглядна дэманструе, як дзяржаўныя інструменты падтрымкі працуюць на ўмацаванне эканамічнага суверэнітэту краіны, — падкрэсліў Раман Бродаў.