Top.Mail.Ru

Найважнейшая кампанія ў спісе палявых работ — пасяўная

Тыдзень таму кіраўніком дзяржавы перад АПК былі абазначаны канкрэтныя задачы: штогод нарошчваць вытворчасць прадукцыі на 5-6 %, збіраць не менш за 11 мільёнаў тон зерня; сёлета — вырабіць, захаваць і прадаць больш за 9 мільёнаў тон малака і больш чым два мільёны тон мяса, аб’ём экспарту ўтрымаць на пазіцыі 9 мільярдаў долараў. Задачы гэтыя вырашаюцца штодня, але ёсць дні асаблівыя, ад якіх залежыць тая самая канчатковая лічба. Веснавыя палявыя работы — якраз такія.


За аўсом — ячмень

Яшчэ на мінулым тыдні асобныя гаспадаркі Брэсцкай вобласці вывелі на палеткі пасяўныя агрэгаты. Першымі да работы прыступілі земляробы Жабінкаўскага і Іванаўскага раёнаў, за імі на палі выйшлі аграрыі Кобрыншчыны. Цяпер да сяўбы прыступаюць сельгаспрадпрыемствы ўсіх паўднёвых раёнаў вобласці, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама.

На поўдні Брэстчыны ў выхадныя і панядзелак паветра прагравалася да 20 градусаў. Гаспадаркі масава праводзяць падкормку азімых культур, закрываюць вільгаць, а дзесьці, магчыма, і сеюць. У аблсельгасхарчы падкрэслілі, што тэхніка — трактары, пасяўныя і ўборачныя агрэгаты — да веснавых палявых работ гатова. Пасяўныя плошчы ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур складаюць крыху больш за 100 тысяч гектараў, а ўсяго пад яравы клін вобласці адведзена 451 тысяча гектараў. Аграрыі маюць намер правесці работы ў найбольш спрыяльныя тэрміны.

— Першыя гектары аўса мы засеялі ў мінулы аўторак, — сказаў карэспандэнту газеты намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Хмелева» Жабінкаўскага раёна Анатоль Шалтанюк. — На гэтым тыдні прыступілі да сяўбы яравога ячменю. Цэх механізацыі не падвёў, тэхніка цалкам гатовая да веснавых палявых работ. Агранамічная служба гаспадаркі лічыць мэтазгодным максімальна выкарыстоўваць пагодныя дні для яравой сяўбы. З улікам сёлетняга дэфіцыту вільгаці важна правесці работу ў сціслыя тэрміны.

Пасяўная — важнейшая кампанія ў спісе палявых работ, працягвае Анатоль Вітальевіч: «Сістэма ў нас адпрацаваная, усе службы дзейнічаюць у цеснай звязцы. Пасяўнымі агрэгатамі кіруюць вопытныя механізатары. Для іх ствараем належныя ўмовы, гарачыя абеды прывозяць проста ў поле. Ёсць усе падставы спадзявацца, што сяўбу правядзём якасна і аператыўна».

Мякка выйсці з зімы

Пасля бясснежнай, анамальна цёплай зімы чарговы выклік для аграрыяў Гомельшчыны — рэзкае пацяпленне пасля халоднага лютага.

— У лічаныя дні надвор’е кардынальна памянялася. Але, дзякуючы таму што рыхтаваліся ўсю зіму, да старту палявых работ гатовы, — рапартуе выканаўчы дырэктар ААТ «Веткаўскі аграсэрвіс» Арцём Гарбачоў.

У Веткаўскім раёне яшчэ не ўсе ўчасткі восеньскага ворыва гатовы да апрацоўкі. Між тым на «квадратах», што добра ўжо прагрэтыя сакавіцкім сонцам, аграрыі праводзяць неабходныя работы. У гаспадарках раёна пачалі падкормкі палеткаў цвёрдымі мінеральнымі ўгнаеннямі, падкормку азімых — рапсу і збожжавых.

— Увесь спектр тэхнікі ў залежнасці ад работ будзе паступова ўключацца. Наперадзе — ворыва, культывацыя, сяўба яравога кліна і кукурузы, — патлумачыў Арцём Гарбачоў.

Як адзначыла начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама Алена Філіповіч, у рэгіёне азімы клін у гэтым сезоне — 250 тысяч гектараў. Для таго каб максімальна падтрымаць рост азімых культур, каб расліны маглі мякка выйсці з зімы пасля стрэсу лютаўскіх маразоў, у гаспадарках вобласці пачалі праводзіць мінеральныя падкормкі. Поўным ходам на палях уносяць і арганіку.

— Абследаваны азімыя. Былі адабраны маналіты. У прынцыпе азімыя пасевы — і рапс, і збожжавыя — перазімавалі нядрэнна. У некалькіх раёнах цэнтральнай частцы вобласці — Калінкавіцкі, Светлагорскі, Акцябрскі — сітуацыя крыху горш. Галоўная задача — атрымаць максімальны аб’ём збожжавых і рапсу. Менавіта для гэтага цяпер і праводзім комплекс мерапрыемстваў. Падкармліваем калійнымі ўгнаеннямі шматгадовыя травы, глебу пад культывацыю перад сяўбой яравых культур. Так што палявы сезон ідзе актыўна, — рэзюмавала Алена Філіповіч.

Зберагчы вільгаць

У Гродзенскай вобласці сяўбу збожжавых першымі пачалі аграрыі Бераставіцкага і Шчучынскага раёнаў.

Напярэдадні выхадных запусцілі пасяўную кампанію ў ААТ «Васілішкі» Шчучынскага раёна. У гаспадарцы пад яравую сяўбу збожжавых і зернебабовых адведзена 1,8 тысячы гектараў. «Яравая сяўба ў нас не менш за азімую. Прыступілі да сяўбы 7 сакавіка, летась — 15-га.

На тыдзень тэрміны ссоўваюцца. Глеба ўжо гатова. Бачым, што за сеялкай стаіць слуп дыму, адчуваем дэфіцыт вільгаці, таму і стараемся не ўпусціць тую вільгаць, якая ёсць, каб пасеяць у аптымальныя тэрміны», — адзначыў БелТА дырэктар ААТ «Васілішкі» Антон Бурнас.

Завяршыць сяўбу збожжавых, калі дазволяць умовы надвор’я, у гаспадарцы плануюць за два тыдні. А пасля гэтага пачнуць сяўбу буракоў і кукурузы.

Адначасова тут праводзяць і падкормку азімых. «На сёння ўсе азімыя пайшлі ў вегетацыю, стан добры. У гэтым годзе не загінула ніводнага гектара, — расказаў начальнік вытворчасці раслінаводчай прадукцыі ААТ „Васілішкі“ Іван Кімашэўскі. — Сёлета вельмі мала вільгаці ў глебе. Калі летась было цяжка ўвайсці ў поле, то ў гэтым годзе сітуацыя іншая. Таму і прынялі рашэнне пачынаць сеяць у раннія тэрміны, каб вільгаць зберагчы. Як звычайна, важна прытрымлівацца тэрмінаў і тэхналогіі».

У цэлым сёлета аграрыям Гродзенскай вобласці трэба пасеяць 75,6 тысячы гектараў ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур, што дзякуючы больш актыўнай рабоце ў восеньскі перыяд і павелічэнню долі сяўбы азімых культур на 11,9 тысячы гектараў менш, чым у 2024 годзе.

Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю