Работнік аднаго з прадпрыемстваў ЖКГ Гомельшчыны некалькі гадоў не мог пайсці ў водпуск «у сувязі з вытворчай неабходнасцю». Машыніст аўтавышкі і аўтагідрапад’ёмніка за час працы ў арганізацыі зарэкамендаваў сябе адказным супрацоўнікам, які выконваў усе даручэнні кіраўніцтва і гэтым наймальнік скарыстаўся.
Спачатку машыніст спрабаваў самастойна вырашыць пытанне. І з 2022 года неаднаразова звяртаўся да наймальніка з просьбай прадаставіць яму працоўны водпуск. Але кіраўніцтва кожны раз знаходзіла новыя прычыны для адмовы: няма замены, «вытворчая неабходнасць» і нават просьба «па-сяброўску падмагчы».
Калі ў законным адпачынку ў чарговы раз было адмоўлена, работнік звярнуўся ў прафсаюз.
— Наймальнік парушыў шэраг артыкулаў працоўнага заканадаўства. Так, за работадаўцам замацаваны абавязак на працягу кожнага рабочага года прадастаўляць супрацоўнікам працоўны водпуск. Аднак ёсць выключэнні. У выпадках, калі сыход работніка ў водпуск можа неспрыяльна адбіцца на нармальнай дзейнасці арганізацыі, дапускаецца частку водпуску перанесці на наступны працоўны год. Але толькі са згоды супрацоўніка. І толькі калі аб’ектыўна ёсць пацвярджэнне вытворчай неабходнасці. Астатняя частка водпуску не можа быць меншай за 14 каляндарных дзён і прадастаўляецца да заканчэння бягучага працоўнага года, — расказала галоўны прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы абслугоўвання Святлана Барысенка.
Парушэнне парадку прадастаўлення водпускаў цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць. Выклаўшы ўсе факты наймальніку, удалося ўрэгуляваць спрэчку ў дасудовым парадку. Кіраўнік прызнаў сваю памылку і адпусціў незаменнага работніка адпачываць з усімі належнымі выплатамі.
Алена КРАВЕЦ